Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая). г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.01.2021 15:23
- Адноўлена 14.01.2021 11:23
Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая) існавала на правым беразе р. Віцьба, перад ратушай, на гандлёвай плошчы побач з крамамі, і таму называлася Рынкавай. Пабудавана як уніяцкая ў 1772 годзе з цэглы цэхам кажамякаў па фундацыі віцебскага мешчаніна Мікалая Смыка на месцы папярэдняй старажытнай драўлянай Уваскрасенскай царквы (адлюстравана на «Чарцяжы» г. Віцебска 1664 года).
У 1812 годзе французы выкарыстоўвалі яе як фуражны склад. 3 1834(65) года стала праваслаўнай, у сувязі з чым полацкім епархіяльным архітэктарам Порці быў распрацаваны праект яе перабудовы. Адлюстравана на малюнку Ю. Пешкі пачатку XIХ ст. і Н. Орды 1875–1876 гг. У 1913 годзе даследавана П. П. Пакрышкіным, адрамантавана. У маі 1922 года канфіскаваны ўсе літургічныя каштоўныя рэчы. Разбурана царква ў 1936 годзе.
Праект аднаўлення храма быў распрацаваны ў 1990-я гады архітэктарамі І. М. Рацько і А. Д. Міхайлюковым. Адноўлена ў пачатку XXI ст.
Твор архітэктуры і мастацтва ракако. Мураваны 1-нефавы 2-вежавы храм з паўкруглай апсідай (арыентаваны на поўнач). Галоўны фасад меў хвалістую ўвагнута-пукатую плоскасць, быў насычаны тонкапрафіляванымі шматслойнымі крапоўкамі, прысценнымі карынфскімі калонамі ў прасценках арачных аконных праёмаў. Асабістую пластыку фасада і маляўнічасць яго сілуэта надавалі 2-ярусныя чацверыковыя вежы зграбных і вытанчаных прапорцый з фігурнымі купалкамі-ківорыямі ў завяршэнні, між'яруснымі валютамі, моцна крапаваныя пілястрамі, прарэзаныя арачнымі прасветамі. Бакавыя фасады мелі плоскасны характар, рытмічна чляніліся высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. 3 прыстасаваннем пад праваслаўны храм архітэктарам Порці да галоўнага фасада быў прыстаўлены невялікі класіцыстычны 4-калонны порцік, зняты фігурны шчыт над апсідай (дабудаваны бакавыя рызніцы), міжвежавы фігурны шчыт змяніў трохвугольны франтон, над дахам узведзены купал на «глухім» цыліндрычным барабане. У інтэр'еры існаваў фрэскавы роспіс канца XVIII ст.
У 2002 годзе на цокальным паверсе царквы Уваскрасення Хрыстовага ўладкавалі ніжні храм святога Прападобнага Антонія Рымляніна, Наўгародскага Цудатворца. У храме добраўпарадкавана купель для хрышчэння дарослых. Тут таксама знаходзяцца экспанаты царкоўна-археалагічнага музея Віцебскай дыяцэзіі.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Воскресенская (рынковая) церковь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2001. – 2 нояб. – C. 4 ; 18 мая. – C. 4.
2. Андреева, В. Храм воскрес / В. Андреева // Народнае слова. – 2009. – 11 ліп. – С. 2.
3. Дединкина, С. Рожденный созидать / С. Дединкина // Народная газета. – 2009. – 18 жн. – С. I–II.
4. Дощенко, М. Белокрылый феникс Витебска / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 31 мая. – С. 5.
5. Кавалевский, С. Храм на ладони / С. Кавалевский // Витебские вести. – 2018. – 9 июня. – С. 10.
6. Корбут, В. Цуды Успення і Уваскрасення над Дзвіной / В. Корбут // Беларусь. – 2009. – № 8. – С. 34–35.
7. Матвеев, А. Воскресенская церковь / А. Матвеев // Вiцебскі рабочы. – 2000. – 16 мая. – С. 4.
8. Писаренко, Н. У храма появился голос / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 7 мая. – С. 4.
9. Прогулка к храму / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 6 нояб. – С. I.
10. Пульянова, И. Храм украсили купола / И. Пульянова // Вiцебскі рабочы. – 2006. – 6 ліп. – С. 16.
11. Свята-Васкрасенская царква [Выяўленчы матэрыял] // Беларускі гістарычны часопіс. – 2008. – № 10. – На вокл.
12. Свято-Воскресенская церковь в Витебске // Белорусская военная газета. – 2013. – 27 июля. – С. 1, 16.
13. Соловьева, Т. Рынковая, Смыковская, она же Воскресенская / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 12 авг. – С. 8.
14. Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 84.
15. Ширма, В. Церковь во имя Воскресения Христова / В. Ширма // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 18 нояб. – С. 4.