Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.01.2021 15:23
- Адноўлена 14.01.2021 11:54
Віцебская Успенская царква – праваслаўны храм, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца на вуліцы Камуністычнай, 15. Пабудавана ў 1852 годзе з цэглы. Пасля рэвалюцыі 1917 года царква была зачынена, а званіца разбурана. У гады Савецкай улады прыстасавана пад гаспадарчыя патрэбы. У 1954 годзе перададзена педагагічнаму інстытуту. Пасля стварэння Беларускага экзархата 19 красавіка 1991 года была зарэгістравана абшчына Успенскай царквы. А ў 1997 годзе Свята-Успенскаму прыходу пасля шматлікіх зваротаў быў вернуты і будынак, часткова адрэстаўрыраваны.
У цяперашні час храм рэканструяваны, усталяваны новы купал, пабудавана званіца. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай, завершаным двухсхільным дахам з вальмай з боку франтальнага фасада і драўляным васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалком. Галоўны плоскасны фасад трохвосевы: па цэнтры прамавугольны ўваходны праём, па яго баках прамавугольныя аконныя праёмы, размешчаныя ў 2 ярусы. Бакавыя фасады расчлянёны буйнымі лапаткамі на 3 праслы, апяразаны прафіляваным карнізам і расчлянёны на 2 ярусы прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Унутры будынак перакрыты плоскай столлю на 2 паверхі. На 1-м паверсе малітоўная зала, ад якой мураваным прасценкам вылучана апсіда. Прасценак расчлянёны бакавымі лучковымі і цэнтральным прамавугольным уваходнымі праёмамі; ён служыць своеасаблівым іканастасам, дзе размешчаны абразы, у цэнтральным праёме – царскія вароты. Малітоўная зала па цэнтры падзелена на 2 палавіны 2 слупамі і перакінутымі праз іх аркамі. Другі паверх адведзены пад апартаменты настаяцеля.
У храме знаходзяцца часціцы мошчаў святога Феафана Затворніка, праведніка Іаана Рускага, велікамучаніцы Варвары, велікамучаніка Мамонта і яшчэ трыццаці святых.
ЛІТАРАТУРА
1. Дом божий на Коммунистической // Витебский курьер. – 1993. – 16 янв. – С. 3.
2. Дашкевіч, С. Дарога да храма / С. Дашкевіч // Віцебскі рабочы. – 1992. – 4 сак. – С. 4.
3. Кулагін, А. М. Свята-Успенская царква / А. М. Кулагін // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 612.
4. Свято-Успенская церковь // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 44.
5. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 83.
6. Шубин, М. Бог в помощь мудрым и терпеливым / М. Шубин // Рэспубліка. – 1991. – № 37 (снеж.). – С. 4.