Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сядзіба. Верхнядзвінскі раён, в. Вопытная

Сядзіба – адносна малады помнік архітэктуры – створаная ў другой палове XIX стагоддзя. Яна была памешчыцкім маёнткам. 3 найбольш гучных імёнаў яго ўладальнікаў захавалася ў памяці старажылаў прозвішча пана Нітаслаўскага. Само ж паселішча да нядаўніх часоў мела паланізаваную назву Бігусова.

Гаспадары сядзібы паклапаціліся, каб гэта «шляхецкае гняздо» было прыгожым і рамантычна ўтульным. Сярод цёмных вёсачак Бігосаўшчыны яно нібы кідала навакольнаму жыццю бадзёры, цывілізаваны выклік.

Пабудавана сядзіба ў архітэктурным стылі позняга класіцызму. У яе склад уваходзілі панскі дом, капліца, гаспадарчыя будынкі (свірны, стайня) і невялікі парк з сажалкай.

Сядзібны дом уяўляе сабою аднапавярховы мураваны будынак, прамавугольны ў плане, з двума бакавымі выступамі. Цэнтральная частка – двухпавярховая, завершана франтонам. Бакавыя выступы вылучаны чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі.

Аконныя праёмы першага паверха прамавугольныя, другога – таксама, але са спрошчаным абрамленнем. Прасценкі руставаныя. Сцены дэкараваны пілястрамі, рустам, філёнгамі, завершаны развітым карнізам. Усё гэта надае сядзібнаму дому тыповы выгляд панскага палаца, добра знаёмага нам з карцін мастакоў мінулага стагоддзя.

Перад домам размешчаны невялікі парк пейзажнага тыпу. У цэнтры сядзібнага ансамбля – сажалка са штучным востравам, праз якую былі перакінуты масткі.

На захад ад сажалкі – гаспадарчыя будынкі. У глыбіні ўчастка, занятага садам, непадалёку ад дарогі на Расіцу, стаяла прамавугольная ў плане мураваная капліца з дарычнымі паўкалонамі.

Зараз некаторыя радкі апісання прыходзіцца занатоўваць ужо ў мінулым часе. Самае прыкрае, што разбурэнне спасцігла сядзібу ўжо ў мірныя пасляваенныя гады.

У перадваенны перыяд у маёнтку доўгія гады базіраваўся 16-ты пагранатрад. Пагранічнікі даглядалі сядзібу, тут панавалі чысціня і парадак, з паўднёвага боку былі закладзены новыя алеі і кветнікі. Пасля ў сядзібе адкрылі вопытную станцыю.

Назва «Вопытная» з часам настолькі прыжылася ў карыстанні, што пасля вайны яе ўзаконілі як афіцыйную назву вёскі, што вырасла вакол сядзібы.

У пасляваенны час у Вопытнай быў будаўнічы тэхнікум, затым сядзібу занялі курсы старшынь калгасаў і, урэшце, з 1957 года – зааветэрынарны тэхнікум.

Заняпад помніка пачаўся пасля пераводу тэхнікума ў Лужасна ў канцы 60-х гадоў. Зямельны ўчастак перайшоў у карыстанне саўгаса «Расіца». Сам жа сядзібны дом лічыўся на балансе ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

Некаторы час будынак яшчэ выкарыстоўваўся ўлетку як піянерскі лагер, аднак займацца ўсур'ёз рамонтам ніхто не стаў, і дом у паскораным тэмпе пачаў разбурацца.

Зараз прыкметы запусцення тут паўсюль. Разбурыліся драўляныя дамы паўз дарогі, усыхае сад, парадзела сцяна дрэў па перыметры сядзібы, зніклі масткі на сажалцы, разраслося кустоўе вакол дома, якое даўно не бачыла нажніц садоўніка.

 

Сядзіба ў в. Вопытная. Верхнядзвінскі раён. Фотаздымак з сайта https://globus.tut.byСядзіба ў в. Вопытная. Верхнядзвінскі раён. Фотаздымак з сайта https://orda.byСядзіба ў в. Вопытная. Верхнядзвінскі раён. Фотаздымак з сайта https://orda.by

ЛІТАРАТУРА

1. Бубала, А. Сядзіба ў вёсцы Вопытная / А. Бубала // Памяць: Верхнядзвінскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. А. Ф. Бубала ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2000. – Кн. 2. – С. 269–271.

2. Голесник, С. Бери не хочу / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2010. – 2 июня. – С. 6.

3. Хархардзін, У. Што маем – не цэнім / У. Хархардзін // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2001. – 13 сак. – С. 3.