Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сядзібна-паркавы ансамбль. Пастаўскі раён, в. Манькавічы

Сядзібна-паркавы ансамбль у в. Манькавічы пачаў стварацца ў другой палове XVIII стагоддзя па волі гаспадара маёнтка Тадэвуша Жабы. Вядома, што сядзібны дом быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Дж. Сака, які, верагодна, распрацаваў і праект усяго ансамбля. Закончаны выгляд архітэктурна-пейзажны комплекс займеў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў, калі Манькавічамі валодаў князь У. Друцкі-Любецкі.

Ад сядзібнага ансамбля часткова захаваўся панскі прысядзібны парк пейзажнага стылю, высаджаны па берагах ракі Мядзелкі. Перагароджаная плацінай з млынам і мостам, яна стварае на тэрыторыі сядзібы два ставы, якія адыгралі, бадай, галоўную ролю ў фарміраванні ансамбля.

Архітэктурную кампазіцыю абапал ракі стваралі драўляны палац мяжы XVIII–XIX стагоддзяў, які меў багаты збор твораў мастацтва, млын, гаспадарчыя пабудовы на супрацьлеглым беразе Мядзелкі. На ім, на схіле пагорка і па восі сядзібнага дома, размешчана капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх.

Сядзібны дом пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя і быў вырашаны ў пераходным барочна-класіцыстычным стылі. Ён уяўляў сабой аднапавярховы будынак з мураваным чатырохкалонным порцікам з мезанінам і балконам па цэнтры працяглага 13-восевага франтальнага фасада. Галоўны фасад вылучаны двух'ярусным чатырохкалонным ганкам (у ніжнім ярусе калоны круглыя, у верхнім – квадратныя ў сячэнні) з ажурнай агароджай у другім ярусе і ажурным разным франтонам у завяршэнні. Элементы стылю барока праглядаюцца ў форме «французскага», з заломам, мансардавага даху, рытмічна расчлянёнага круглымі вокнамі-люкарнамі ў фігурных ліштвах, у пірамідальным завяршэнні порціка. Плоскасны гарызантальна ашаляваны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі ў простых ліштвах – класіцыстычны стылёвы матыў. Унутры ад цэнтральнага вестыбюля ў бакі «разбягаліся» анфілады апартаментаў. Уся прастора пад дахам адводзілася пад летняе жыллё.

Сядзібны дом быў спалены пад час другой сусветнай вайны і потым разабраны да падмурку.

Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю архітэктуры вылучаўся вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран – прамавугольны ў плане на высокім бутавым цокалі цагляны будынак, накрыты двухсхільным гонтавым дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах. Вуглы сцен аздоблены рустам, адзін з падоўжаных фасадаў, дзе размяшчаліся ўваходы ў свіран, быў аформлены галерэяй на дзесяці калонах тасканскага ордэра. На сённяшні дзень захаваўся толькі бутавы цокаль пабудовы.

 

Сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх у в. Манькавічы. Фотаздымак з сайта https://globus.tut.byСядзібны дом Друцкіх-Любецкіх у в. Манькавічы. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgРэшткі парка ў в. Манькавічы. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.org

ЛІТАРАТУРА

1. Сядзібна-паркавы ансамбль // Манькавічы : гісторыка-геаграфічны нарыс / І. М. Пракаповіч, А. А. Вансовіч, І. М. Заяц. – Паставы : Сумежжа, 2004. – С. 21–23.

2. Сядзібна-паркавы ансамбль у Манькавічах // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 534.