Сядзіба Марозаў. Лепельскі раён, в. Фатынь
- Подробности
- Створана 16.05.2019 15:23
- Адноўлена 16.05.2019 10:02
У в. Фатынь размяшчалася калісьці знакамітая гаспадарка селяніна Восіпа Кандратавіча Мароза. Каля аднаго з дамоў вёскі прымацавана шыльда «Сядзіба ўзорнага парадку».
Як вядома, Восіп Кандратавіч, ураджэнец мястэчка Бачэйкава Лепельскага павета, купіў гэту зямлю з дапамогай банка ў 1888 годзе. 3 той пары пачынаецца будаўніцтва жылога дома, падсобных памяшканняў, ствараецца вялікі парк з вялікім дэндралагічным участкам. Вырошчваюцца калекцыі розных відаў дрэў і кустоў, асабліва пладовых, для навукова-даследчых мэт. Па перыметры сядзіба была абсаджана вербамі, берлінскімі таполямі, дубамі, клёнамі (да 1 метра ў дыяметры). Бліжэй да хаты раслі туі, піхты, сібірскія кедры.
На ўсход ад жылога памяшкання новы гаспадар пабудаваў хлявы, павеці, майстэрню, варыўню, лядоўню. У заходнім напрамку, побач з сажалкай 30х30 м і глыбокай канавай для збору паверхневых вод стаяла пуня, у якой абмалочвалася збажына. На суседнім таку з пячным ацяпленнем зерне дасушвалася, ачышчалася, сартавалася і звозілася ў клець.
На поўнач ад хаты размяшчалася аранжарэя з камення, абсыпаная з трох бакоў зямлёю, з невялікімі шклянымі акенцамі зверху і збоку, у якой вырошчвалі фінікавую пальму, высакародны лаўр, мірты, алоэ. Зараз на гэтым месцы засталася толькі груда каменных блокаў ды земляныя ўзгоркі. Непадалёк былі абсталяваны цяпліцы, стаяла пчалапасека. Перад зімой вуллі захоўваліся ў прыстасаваных памяшканнях.
У паўднёвым напрамку да самай дарогі знаходзіцца невялікі могільнік (40х30 м), абсаджаны акацыямі. Вядома, што ў 1910–1920-я гг. памерлі жонка Восіпа Кандратавіча, сярэдні сын Аляксандр, нявестка. Напэўна, тады на магілах і былі пасаджаны, зараз вельмі высокія і разгалістыя, ліпа і тры сасны, дзве з якіх ужо спілаваны. Стары могільнік зарос кустоўем, травой, надмагільныя надпісы не захаваліся. За могільнікам знаходзіўся калодзеж, зарыты ў час правядзення меліярацыйных работ. Другі – Ціхі калодзеж – стаяў бліжэй да хаты і гаспадарчых пабудоў, куды і зараз вядзе брукаваная сцяжына.
Разнастайнасць мясцовых земляў, асаблівасці кліматычных умоў вызначылі рознабаковасць гаспадарання сям'і Марозаў – земляробства, садоўніцтва і агародніцтва, малочна-мясная жывёлагадоўля, пчалярства, падсобныя промыслы. Восіп Кандратавіч на працягу паўстагоддзя займаўся вывучэннем, акліматызацыяй, вывядзеннем новых гатункаў пладовых дрэў, ягадных культур, агародніны.
На жаль, у канцы 1910–1920-х гг. пачынаецца заняпад Фатыні. Вёска моцна пацярпела ў часы акупацыі замежнымі інтэрвентамі. Па ўказу мясцовых улад большая частка садоў і дэкаратыўных насаджэнняў зімой 1925–1926 гг. была высечана.
У 1928–1929 гг., перад пачаткам масавай калектывізацыі сялянскіх гаспадарак, вялікая сям'я Марозаў (24 душы) перасялілася ў Омскую вобласць Сібіры, дзе ў 1933 годзе Восіп Мароз памёр.
За апошнія дзесяцігоддзі ў садова-паркава-сядзібным мастацтве Фатыні многае канчаткова страчана, бо тут адбыліся незваротныя змены: выпалі або зусім зніклі некаторыя элементы былога рукатворнага ансамбля, якасна змяніўся склад раслін. Многія дрэвы, якім больш за 100 гадоў, напалову або цалкам высахлі. На сядзібе зараз можна пабачыць напаўздзічэлыя пладовыя дрэвы, хмызнякі, вінаградную лазу, паркавую ружу. Дзе-нідзе растуць шматствольныя, вышынёй да 10–12 м яблыні з дробнымі яблычкамі, якія тут называюць сібіркамі. Толькі алея з двух дзясяткаў сібірскіх лістоўніц захавалася выдатна. Да нашага часу дзе-нідзе засталіся фрагменты падмуркаў хаты, былых сядзібных збудаванняў.
ЛІТАРАТУРА
1. Януш, І. Сядзіба Марозаў / І. Януш // Лепельскі край. – 2004. – 30 лістап. – С. 2.
2. Януш, І. Фатынь: яблыні сярод хмызнякоў / І. Януш // Культура. – 2005. – 23–29 крас. – С. 14.