Сядзіба панская. Лепельскі раён, в. Пышна
- Подробности
- Створана 16.05.2019 15:23
- Адноўлена 16.05.2019 10:41
Гісторыя сядзібы вядома з першай паловы XVIII стагоддзя, калі яна належала Храптовічам, Раецкім і Кашчыцам. У 1786 годзе маёнтак стаў уласнасцю Пятра Сялявы. Пасля яго смерці перайшоў сыну Іасафату і ўнуку Апалінарыю. У 1836 годзе Пышна дасталося Крысціне Любецкай (са Шчытоў), пасля – Яну Шчыту, які прадаў маёнтак свайму сваяку Станіславу Шчыту. Яго сын, Станіслаў Казімір, быў апошнім уладальнікам маёнтка. На пачатку XX стагоддзя ў ім было 1147 дзесяцін ворыўнай зямлі.
Дзякуючы нямецкаму мастаку-баталісту Альбрэхту Адаму, які ў 1812 годзе знаходзіўся ў складзе напалеонаўскага войска, захавалася выява сядзібы ў Пышне. На працягу ўсёй кампаніі ён падрабязна фіксаваў у малюнках і дзённікавых запісах ход падзей, у якіх, як правіла, прымаў непасрэдны ўдзел. На карціне Альбрэхта Адама бачны вялікі аднапавярховы драўляны дом з ганкам, які быў крыты невялікім казырком, што падтрымлівалі філігранныя калоначкі. Дом быў накрыты высокім, гладкім чатырохсільным гонтавым дахам з двума комінамі. На малюнку бачна цікавая барочная брама, якая складалася з двух павільёнаў-кардэгардый, накрытых чатырохсхільным ламаным дахам пад гонтам, з вялікімі паўкруглымі вокнамі. Саму браму вянчаў высокі закрыты франтон.
Сядзібны дом быў узведзены Сялявамі ў першай палове XIX стагоддзя. Будынак быў мураваны, у праекцыі меў форму шырокага прамавугольніка, крыты высокім, гладкім чатырохсхільным гонтавым дахам. 3 правага боку будынка выступаў порцік з гладкім трохкутным франтонам, які падтрымлівалі чатыры шырока расстаўленыя калоны. Порцік, да якога вялі прыступкі, утвараў закрытую тэрасу. Тры акны ў сярэдняй частцы дома мелі паўкруглыя завяршэнні, у той час тры крайнія мелі форму прамавугольніка.
Яшчэ адна выява сядзібы ў Пышне прадстаўлена ў кнізе польскага гісторыка Рамана Афтаназі «Гісторыя рэзідэнцый на былых ускраінах Рэчы Паспалітай».
Сядзібу атачаў досыць вялікі пейзажны парк з вялікім адкрытым газонам, які знаходзіўся перад порцікам. Побач была рэчка, праз якую вёў драўляны масток. У парку была маляўнічая сажалка, абсаджаная кустамі і старымі дрэвамі. Да дома вяла доўгая і шырокая алея са стрыжаных елак і ліп. Сядзіба да нашага часу не захавалася.
ЛІТАРАТУРА
1. Тухта, В. Панская сядзіба ў Пышне / В. Тухта // Лепельскі край. – 2019. – 15 сак. – С. 12.