Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Замак Лепельскі. Лепельскі раён, в. Стары Лепель

Лепельскі замак знаходзіцца насупраць вёскі, на востраве плошчай каля 25 га і займае яго сярэднюю і паўночныя часткі (размешчаны на тэрыторыі селішча).

Замак узнік ў гады Лівонскай вайны 1558–1583 гг.

У 1562 годзе замак меў сталы гарнізон, узброены рушніцамі і артылерыяй.

У 1563 годзе рускія войскі ўзялі Полацк, а потым занялі і спалілі лепельскі замак, залажылі на замчышчы астрог і пакінулі значны гарнізон. У тым самым годзе войскі Вялікага княства Літоўскага на чале з гетманам М. Радзівілам Рудым штурмам узялі яго і спалілі. Неўзабаве ўмацаванні былі адноўлены і ў 1563 годзе побач было заснавана «места» Лепель.

У 1568 годзе пачалося ўзвядзенне новага драўлянага замка. Яго будавала мясцовае насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча. Замак меў прамавугольную форму з вуглавымі фланкіруючымі вежамі. 3 паўночнага боку замак ад «места» аддзяляў шырокі і глыбокі роў, які часткова напаўняўся вадой з возера. У нанава пабудаваным замку размясціўся гарнізон з 200 коннікаў і 100 салдат «драбаў».

У 1563 і 1564 гг. у замак з Віленскага цэйхгауза двойчы былі адпраўлены вялікія партыі агнястрэльнай зброі і амуніцыі. Дастаткова ў замку было і артылерыі. У 1580 годзе «места» налічвала 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на заходнім беразе возера. Мяшчане карысталіся шэрагам вольнасцей і каралеўскіх прывілеяў, былі вызвалены на 13 гадоў ад дзяржаўных павіннасцей, за выключэннем адной – будаваць і рамантаваць замак. Важнае значэнне для аднаўлення эканамічнага жыцця Старога Лепеля мела выгаднае размяшчэнне горада на скрыжаванні двух вялікіх гандлёвых гасцінцаў. Адзін ішоў з Віцебска на Вільню, другі – з Магілёва на Дзісну і Рыгу.

Каля замка і пад яго аховай знаходзіўся гандлёвы порт. Ад яго прычалаў адпраўляліся ў Рыгу, Полацк і Кіеў вялікія стругі з розным таварам. Як сведчаць дакументы XVI стагоддзя, водны гандлёвы шлях у Рыгу з Лепельскага порта ішоў «...ад замка Лепель, возерам у р. Улу, адсюль, зрабіўшы паварот, пад замкам Яго Каралеўскай Міласці Ульскім у Дзвіну». Шлях да Дняпра ў Кіеў таксама пачынаўся ад замка, ішоў возерам да ракі Эсы, з яе цераз рэчкі Бярэшчу і Оканіцу ў возера Окана. Адсюль пачынаўся «волак праз Бор паўмілі да возера Плаўна», а ўжо з яго цераз рэчкі Сергуч і Бярэзіну траплялі ў Дняпро. (Тым, хто цягнуў стругі праз волак, плацілі мех солі за кожнае судна).

У 1586 годзе Лепель адкупіў буйны магнат падканцлер Вялікага княства Літоўскага Л. Сапега. Ён заснаваў за 5 км ад горада ў в. Белае новае мястэчка, якое атрымала назву Новы або Белы Лепель, куды быў перанесены гандлёвы цэнтр, пабудаваны ўмацаваны замак, царква і касцёл. У сувязі з гэтым Стары Лепель заняпаў і паступова ператварыўся ў вёску.

XVII стагоддзе – заняпад і паступовае знікненне Лепельскага замка з-за шэрагу прычын: развіццё Новага Лепеля з транзітным портам; падзеі вайны 1654–1667 гг. (рэйды войск князя І. Хаванскага з Полацка ў 1659–1660 гг., магчыма, закранулі і замак).

У XVIII ст. замак не згадваецца ў гістарычных крыніцах.

У 1969 і 1970 гг. Міхаіл Ткачоў праводзіў археалагічныя даследаванні замка.

Зараз замак – археалагічны помнік.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Боровой, Р. Замок в Старом Лепеле = Stary Lepel Castle / Р. Боровой // Беларусь замковая = Belarus – the land of castles : [фотоальбом] / [авт. текст.: С. Ф. Адамович и др. ; сост. О. Д. Баженова, Т. В. Белова]. – С. 474–475.

2. Замки и замковища // Памятники старины Витебской губернии / соч. А. Сементовского. – СПб. : Типография К. Вульфа, 1867. – С. 33–50.

3. Ткачоў, М. А. Гарадзішча, селішча і замчышча (Стары Лепель) / М. А. Ткачоў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 284–285.