Сядзіба. Докшыцкі раён, в. Бярозаўка
- Подробности
- Створана 16.05.2019 15:23
- Адноўлена 20.08.2019 14:47
Уладальнікамі і будаўнікамі сядзібы ў в. Бярозаўка былі Свентаржэцкія. У ХІХ ст. двор Уладзіміра Свентаржэцкага вызначаўся памерамі. Дваровых было каля 26 чалавек, прыгонных сялян – 216 (41 двор). Зямлі даводзілася па 3 дзесяціны на двор. Павіннасці былі нялёгкімі: па 156 мужчынскага і жаночага прыгону з двара, 8 згонаў з чалавека, 2 курыцы з двара, 20 штук яек, 3 гарнцы ягад, 60 штук грыбоў, дзве дарогі ў год па 150 вёрст у абодва канцы, начная варта па чарзе.
Сядзіба стваралася ў некалькі этапаў, таму вызначыць дакладна яе першапачатковую планіроўку цяжка. У апошні час прыняла эклектычныя рысы. З ХІХ ст. добра захаваліся 2 вадаёмы на мясцовым вадатоку, адзін з іх (заходні) асабліва вялікі (да 2 га). Маляўнічае люстэрка вады з востравам, якое абкружана вербамі з экзатычнымі кронамі, прыдае сядзібе рысы велічнасці з боку ўезда. На беразе ў 1862 г. быў пабудаваны бровар (зараз выкарыстоўваецца як млын), тыповае вялікае збудаванне (28х8 м) з цэглы, з павышаным цэнтральным аб'ёмам і двума ніжэйшымі бакавымі. Яго гадавая прадукцыя складала 17 тысяч вёдзер спірту.
Сядзіба не мае выразнай асноўнай восі. Вадаёмы і парк кампазіцыйна не звязаны з яе параднай часткай. Сядзібны дом размяшчаўся збоку адносна вадаёмаў і парку, да яго прымыкаў гаспадарчы двор (не захаваўся). Парк спланаваны па тыпу эканамічнага ў выглядзе аднаго вялікага баскета. Яго ўтвараюць лінейныя пасадкі ліпы рознага ўзросту. Усходняя алея мае ўзрост больш за 150 гадоў і з'яўляецца фрагментам былой сядзібнай кампазіцыі. Размешчана на адной восі з дамбай паміж вадаёмамі. Ліпы ўтвараюць суцэльную сцяну, месцамі ў ніжняй частцы ствалы зрасліся, вышынёй 25–27 м. Усходняя алея закладзена прыкладна ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Яна добра захавалася, праходзіць уздоўж вуліцы вёскі: шырыня 6 м, вышыня дрэў 22–25 м. Прастора баскета служыла садам (захавалася 12 радоў). У канцы яго была пабудавана Козел-Паклеўскімі капліца (захаваліся сцены). Ізаляванасць, утульнасць капліцы надавала абсадка з боку сада двума радамі бэзу і рабіннікам. Адпаведна ім пракладзены паўкруглы неглыбокі канал, цераз які на восі капліцы меўся масток. У садзе, бліжэй да палаца, ліпы, пасаджаныя шчыльна ў выглядзе авала (захавалася 18 дрэў), утвараюць альтанку. У ёй была падлога, стаяў стол.
ЛІТАРАТУРА
1. Берёзовская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 57–58.
2. Бярозаўская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / редкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 163–164.
3. Сядзіба ў в. Бярозаўка // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 674.