Сядзіба Кіякоўская. Докшыцкі раён, в. Кіякова
- Подробности
- Створана 16.05.2019 15:23
- Адноўлена 20.08.2019 15:17
Сядзіба ў в. Кіякова ў 1903 г. належала Аляксандру Кіякоўскаму. Добра захавалася з часоў эклектыкі. Уключала палац з афіцынай, свіран, лядоўню, вяндлярню, кузню, піўніцу, парк, сад і вялізны гаспадарскі двор. У вёсцы, акрамя таго, мелася два дамы для рабочых (на 12 сем'яў).
Сядзіба закладзена на невысокай тэрасе р. Сэрвач. Мае простую планіроўку. Палац з верандамі і тэрасамі на двух фасадах складаўся з 14 пакояў, размяшчаўся ў глыбіні парку. Да яго праз усю сядзібу вяла алея конскага каштана і ліпы (захаваліся адзінкавыя дрэвы). Перад домам меўся партэр з кругам, за якім па адной восі пабудавана стайня выязных коней (захавалася). З паркавага боку сярод сада таксама быў круг такіх жа памераў, як і парадны, з півоніямі. Непасрэдна сам парк быў спланаваны на паўднёва-ўсходняй ускраіне сядзібы. Ён у плане Г-падобны. Яго найбольш утульная і прыгожая частка размешчана з боку ракі, дзе растуць векавыя яліны, ліпы, клёны, дубы і бярозы. Адсюль адкрываецца від на раку і пойму.
Ад вялікага гаспадарскага двара захаваліся стайня і ферма. Стайня пабудавана з бруса, закладзенага ў цагляныя шулы. Фасад вылучаны двума рызалітамі са шчытамі. Іх дзвярныя праёмы маюць арачнае завяршэнне і прыгожыя дзверы работы мясцовых майстроў. Ферма пабудавана ў 1938 г. у стылі «цаглянай» архітэктуры. У плане П-падобная, вялізных памераў – 42х33 м. Фундамент складзены з колатага каменя, шчыльна падагнанага на цэментнай звязцы. Сцены цагляныя. Цэгла гатавалася на цагельні ў Валкалаце.
Ферма з'яўляецца ўзорам гаспадарчых пабудоў такога тыпу. Захаваўся таксама свіран з 15 вянцоў і незвычайная лядоўня, якая ўключае склеп, паўпаверх складзены з колатых валуноў, а франтон, вуглы, дзвярныя праёмы – з чырвонай цэглы. Выдзяляецца формай, прыгожым спалучэннем каменя і цэглы і мацункам выканання.
У 1907 г. Кіякоўскія пабудавалі капліцу ў неарэнесансным стылі. Цагляны, атынкаваны будынак упрыгожаны пілястрамі, на галоўным фасадзе над лучковым дзвярным праёмам размешчана акно, да тэрасы вядуць бакавыя лесвіцы. Пад тэрасай зроблены ўваход у крыпту.
ЛІТАРАТУРА
1. Кияковская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 487–488.
2. Кіякоўская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / редкал.: У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 74.
3. Несцяронак, А. Капліца Кіякоўскіх / А. Несцяронак // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 16 мая. – С. 4.
4. Сядзіба ў в. Кіякова // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 678–679.