Сядзіба. Докшыцкі раён, в. Сітцы
- Подробности
- Створана 16.05.2019 15:23
- Адноўлена 20.08.2019 15:34
Сядзіба ў в. Сітцы захавалася часткова. Закладзена на паўднёва-заходняй ускраіне прыкладна ў другой палове ХVІІІ ст. Бжастоўскімі. Яна несла характэрныя рысы стылю барока. Мела выразную і працяглую кампазіцыйную вось і сіметрычна-восевую пабудову. Уваход фіксуецца вялізнай трох'яруснай брамай, пабудаванай з буйнапамернай цэглы. Масіўная трохпралётная арка з вялікім цэнтральным праёмам утварае першы ярус. Другі ярус прадстаўлены прамавугольным у плане аб'ёмам з невялікім надваротным памяшканнем, якое мае цыліндрычнае скляпенне. Унутр яго вядуць дзве вінтавыя лесвіцы. Завяршаецца брама невялікай вежай з купалам. Брама мела драўляны механізм, які забяспечваў ход гадзінніка з «зязюляй», зроблены мясцовым майстрам. Цяжкаватае на выгляд збудаванне знешне нагадвае манастырскую браму-званіцу. Перад ім сіметрычна з двух бакоў растуць пачарнелыя ад часу бярозы. 3 левага боку да брамы прымыкала выцягнутае, на двух узроўнях цаглянае збудаванне, якое называлася кашара. Было, відаць, мясцовай формай кардыгардый, якія будаваліся пры замках, гарадскіх валах і прызначаліся для размяшчэння варты або гарнізона (захавалася ў руінах).
Ад брамы ўздоўж галоўнай восі ідзе ліпавая алея. Партэр з традыцыйным кругам быў вялікі, адкрыты. За ім стаяў барочны палац Бжастоўскіх, які, магчыма, ужо пры новых уладарах Дамейках прыняў класіцыстычны выгляд. Захаваліся часткова пілоны былога порціка параднага фасада, фрагменты скляпенняў. Перад палацам, на пад'язным крузе, расла велічная двухствольная ліпа. Каля яе ляжаў валун. Па краі партэра стаяла аднапавярховая афіцына.
За палацам быў спланаваны парк у выглядзе шасці прамавугольных баскетаў. Баскеты ўтваралі алеі, на якіх ліпы былі пасаджаны вельмі шчыльна – праз 0,5 м. Кроны дрэў фармаваліся на вышыні 5 м, і алеі мелі выгляд зялёных калідораў. У іх сценах былі нішы, якія служылі альтанкамі. Ад часу ліпы маюць ужо нездаровы выгляд, сухія галіны, ствалы пакрываюцца імхамі і лішайнікамі, але яшчэ выразна перадаюць асаблівасці планіроўкі барочнага парку.
У 1798 г. маёнтак адышоў да роду Дамейкаў герба Дангель. Гаспадары пахаваны на мясцовых могілках (в. Рапяхі). Першым гаспадаром з іх быў Тадэвуш (1762–1838), сын Казіміра (нар. у 1725), скарбніка інфлянцкага і каралеўскага, камісара віленскага, і Багумілы Адахоўскай з Свентаржэцкіх. Тадэвуш, мечнік мсціслаўскі (1788), падсудак Віленскага павета (1801), падкаморы (1817), быў жанаты на Схаласцыне (1768–1827), якая пахавана побач. Яны мелі сыноў Стафана Аляксандра, Казіміра Франца і Люцыяна Вінцэнты, якія даводзіліся стрыечнымі братамі знакамітаму Ігнату Дамейку.
Па спадчыне Сітцы адышлі старэйшаму сыну Стафану Аляксандру, жанатаму на Сафіі з Брахоцкіх. Яна таксама пахавана ў Рапяхах. Стафан часцей называўся Аляксандрам, быў маршалкам дваранства Віленскага павета (1832), меў званне камергера-юнкера (1834), потым званне камергера і тайнага саветніка. З 1855 г. і да канца жыцця з'яўляўся маршалкам дваранства Віленскай губерні.
Аляксандр перапланаваў і пашырыў сядзібу. Яна набыла рысы пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Кампазіцыйным цэнтрам становіцца новы палац – невялікі драўляны аднапавярховы будынак з шасцікалонным порцікам на парадным фасадзе, крыты гонтам. На тыльным баку будынка, абвітым дзявочым вінаградам, меўся ганак з трохскатным дахам. Да будынка прымыкала аранжарэя – цэнтрычная ў плане будова з канічным дахам. У ёй вырошчвалі розныя трапічныя і субтрапічныя дрэвавыя расліны. Пры гэтым былая рэгулярная планіроўка была ўшанавана, захаваны баскеты. Толькі іх прастора прыняла пейзажны выгляд шляхам фарміравання дрэвавых груп, якія межаваліся з палянамі, пасадкі дрэў у выглядзе салітэраў. Захоўваюцца ў выглядзе руіны калоны порціка былога палаца. Старажытны курган на ўскрайку парку, авеяны легендамі, служыць відавым узгоркам. Фарміруюцца новыя пейзажныя кампазіцыі ў паўночнай частцы сядзібы. На мясцовым ручаі, прытоку р. Сэрвач, ствараецца водная сістэма з дзвюх вялікіх сажалак. Яна пашырае паркавую прастору, становіцца акцэнтам перспектывы з уязной ліпавай алеяй, якая праходзіць па заходняй ускраіне сядзібы і, змяніўшы кірунак на ўсход, падыходзіць да старадаўняй брамы.
Адзначаная планіроўка добра прасочваецца цяпер. Толькі былыя групы дрэў прынялі выгляд самкнутых складаных насаджэнняў, замест газона расце пустазелле. Зарастаюць вадаёмы. Дрэвы разрасліся і закрылі былыя перспектывы. На ўскрайку парку стаіць магутны дуб-волат, якому больш за 500 гадоў.
Адзін з заходніх баскетаў, відаць, пазней стаў месцам размяшчэння парнікова-цяплічнай гаспадаркі. Ён мае бутавую сцяну вышынёй да 2,5 м, таўшчынёй 0,7 м, завершаную чарапічнай дахоўкай. Нішы сцяны, якая добра захавалася, спрыялі вырошчванню вінаграднай лазы. У склад бакавой агароджы быў уключаны домік агародніка, пабудаваны з цэглы, і невялічкая вяндлярня, якая адначасова служыла паркавым павільёнам.
На апошнім этапе развіцця сядзібы Вацлавам Дамейкам, сынам Казіміра, быў абноўлены гаспадарчы двор, пабудаваныя жылыя дамы. Новыя пабудовы занялі паўднёва-ўсходнюю частку сядзібы і часткова захаваліся. Двор прамавугольны ў плане. Будынкі размешчаны па перыметры. Архітэктурную цікавасць з іх уяўляе двухпавярховы будынак з цэглы. Таўшчыня яго сцен 71 см. Ніжні паверх прадстаўлены амаль квадратнымі ў плане камерамі, перакрытымі крыжовымі скляпеннямі. Вуглы і фасады сцен умацаваны эскарпамі. Будынак знешне нагадвае манастырскі корпус або гандлёвы рад. Другі будынак вялікіх памераў – 56х16 м. Канструкцыю сцен трымаюць моцныя мураваныя слупы, атынкаваныя, з украпінамі чорнага шчэбню. Пралёты даўжынёй 7 м закладзены шасцю сасновымі вянцамі, адзін ніжні – дубовым.
У 1934 г. сядзіба атрымала новую агароджу (дата выкладзена чорным шчэбнем), аснову якой складаюць магутныя бутавыя пілоны (130х80 см), завершаныя бетанаванымі плітамі.
У 1935 г. не стала Вацлава. Маёнтак перайшоў да яго сястры Леанілы Паплаўскай з Сурвілішак.
Зараз сядзіба мае форму вялікага, больш чым за 9 га прамавугольніка, ахопленага з бакоў дарогамі, якія нясуць рэшткі былых дамейкаўскіх алей.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Через сито истории / Д. Берникович // Народнае слова. – 2008. – 16 лют. – С. 4.
2. Большие Ситцы // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 95–96.
3. Лукьянова, Н. По примеру садовников пана Дамейки / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2009. – 7 крас. – С. 3.
4. Палачанін, Ф. Паркавыя таямніцы / Ф. Палачанін // Краязнаўчая газета. – 2011. – № 41 (лістап.). – С. 4.
5. Паркавыя таямніцы // Докшыцкі край / Ф. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 72–77.
6. Сядзіба ў в. Сітцы // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 674–675.
7. Усадьба в д. Ситце // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 126.
8. Шиталь, К. М. Ситцевская усадьба / К. М. Шиталь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 465–466.
9. Рамантычная казка Докшыцкага краю // Народная газета. – 2009. – 17 кастр. – С. 15.