Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Замак Сянно. Сенненскі раён, г. Сянно

У г. Сянно на тэрыторыі, дзе зараз размешчаны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, некалі стаяў замак, пабудаваны ў 1573 годзе.

Ён высіўся на ўзгорку, які гараджане называлі Замкавай гарой. Абапал узвышша быў выкапаны роў, запоўнены вадой, што паступала з рэчкі. Цераз роў быў перакінуты пад'ёмны мост, а на гары ўзвышаўся двухпавярховы дом-палац. У ім жыў уладальнік Сянно Дзмітрый Сапега, адзін з самых багатых людзей Вялікага княства Літоўскага.

Вось што піша аб збудаванні І. Слюнькова ў кнізе «Архітэктура Верхняга Падняпроўя»: «Замак Сянно, заснаваны Дзмітраком Сапегам, уяўляе з сябе комплекс, падобны класічнаму ўзору ў трактатах XVI–XVII стст. «палаццаінфортэцца», дзе палацавыя збудаванні самі па сабе былі пазбаўлены абарончых функцый, але абводзіліся сістэмай фартыфікацыйных збудаванняў. Сенненскі панскі дом з двума флігелямі займаў сіметрычнае становішча на квадратнай плошчы 80х80 м, абведзены па перыметры глыбокім ровам, запоўненым вадой. Двума мастамі ўздоўж папярэчнай асі замак з аднаго боку быў звязаны з выраўненым берагам возера, з другога – з жывапісным берагам става, штучна створанага на рэчцы, што ўпадае ў возера. Планіровачная сувязь замка з пасадам трымалася з дапамогай вуліцы-маста, якая ішла ад вугла Замкавай плошчы да рынку».

У тыя гады горад знаходзіўся на вялікіх шляхах ваенных сутычак паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай Руссю, а затым – паміж Рэччу Паспалітай і рускай дзяржавай. Вось таму і паставіў тут свой замак Дзмітрый Сапега.

У часы Паўночнай вайны 1700–1721 гг. шведскія войскі з абозу генерала Левенгаўпта ішлі з Рыгі да Чарэі на злучэнне з войскамі свайго караля Карла XII. Менавіта яны разрабавалі і разбурылі замак Сянно, які пасля гэтага так і не аднаўляўся.

У тыя часы дарога ад замка і каплічкі не ішла так, як зараз. Яна рабіла паварот управа, «на кручку», дзе тады стаяў вадзяны млын, з дапамогай якога падтрымліваўся ўзровень вады ў замкавых равах. Далей дарога ішла на Балонію і пад вялікім вуглом узнімалася на гандлёвую плошчу.

Калі пачалі будаваць прамую дарогу на Касцёлку, то замкавую гару давялося зруйнаваць і з яе зямлі рабіць падсыпку. Неабходнасць у такой дарозе ўзнікла пасля таго, як з'явілася чыгуначная станцыя Багушэўская ў 1903 г. Трэба было злучыць яе дарогай з Сянно.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Березюк, Е. Князья, гусары, гренадеры, а также разрушенные замки Беларуси оживают в работах сенненских школьников / Е. Березюк // Рэспубліка. – 2009. – 10 лют. – С. 4.

2. Замак Сянно // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – С. 58–61.

3. Замак Сянно // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 45–49.

4. Яўгенаў, А. Хто мы, адкуль мы? / А. Яўгенаў // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 26 жн. – С. 1, 3.