Сядзіба Свяцкіх. Сенненскі раён, в. Полымя
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 09:18
У цэнтры в. Полымя (раней – Беліца) знаходзіцца сядзібны комплекс, сфарміраваны ў другой палове XIX стагоддзя. Сядзіба Свяцкіх – помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Беліца вядома з 1551 года як уладанне жонкі Яна Глебавіча Ганны. У складзе маёнтка было каля 80 сялянскіх службаў. Пазней Беліца належала Зяновічам, Сапегам.
Апошнімі ўладальнікамі маёнтка ў канцы XIX – пачатку XX стст. былі памешчыкі Свяцкія, пры якіх ён стаў цэнтрам мясцовай прамысловасці. Тут ачышчалі спірт, малолі муку, дралі крупы. У 1895 годзе дзейнічала паравая машына, працавала 10 рабочых, гадавая сума даходаў складала 17 тыс. руб.
Беліца адносілася да найбольш багатых двароў на Беларусі. У сярэдзіне XIX ст. яна належала Юзафу Свяцкаму, жонка яго была з роду Ваньковічаў, а потым да канца Першай сусветнай вайны Карлу Свяцкаму, вядомаму грамадскаму дзеячу. У яго быў адзіны сын Станіслаў.
У 1903-1904 гг. у маёнтку Карла Свяцкага працаваў Янка Купала, народны паэт Беларусі. Спачатку ён служыў у канторы, потым быў прызначаны малодшым прыказчыкам. Вясной у сувязі з хваробай маці пакінуў службу. Менавіта тут з'явіўся яго верш «Мая доля». На ўшанаванне памяці Я. Купалы на будынку былога сядзібнага дома ў 1972 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
У 1918 годзе Свяцкія эмігрыравалі ў Польшчу. Карл Свяцкі памёр у 1929 годзе. Пра яго сына Станіслава нічога не вядома.
На базе панскага маёнтка ў савецкі час быў створаны саўгас «Полымя», пазней перайменаваны ў племзавод. У сядзібным будынку быў адкрыты сельскагаспадарчы тэхнікум. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў доме размяшчаліся нямецкія казармы. У пасляваенны перыяд у розны час знаходзіліся: школа, дом культуры, бібліятэка.
Сядзібны комплекс уключаў мураваны дом, гаспадарчыя пабудовы (склад, свіран, спіртзавод, спіртасховішча), пейзажны парк з сажалкай.
Выцягнуты на падоўжанай восі сядзібны дом складаецца з двухпавярховага цэнтральнага аб'ёму і двух бакавых аднапавярховых крылаў з рызалітамі. Галоўны ўваход вылучаны 4 падвойнымі паўкалонамі, якія на другім паверсе пераходзяць у лапаткі. Асноўны аб'ём і рызаліты завершаны франтонамі з круглымі дахавымі вокнамі. Цэнтральная вось дваровага фасада падкрэслена двухпавярховым паўкруглым аб'ёмам, абапал якога – рызаліты.
У 1907–1911 гг. да паўднёвага тарца будынка Карл Свяцкі прыбудаваў васьмігранную двух'ярусную вежу з асобным уваходам у выглядзе двухкалоннага порціка і шырокай лесвіцай, якая вяла ў сад. Вежа была звязана з корпусам палаца пры дапамозе кароткага пераходу.
У вежы на першым паверсе размяшчаліся пральня, ванная; на другім – майстэрня для разьбы па дрэве Станіслава Свяцкага.
Нязменнай засталася двухпавярховая сярэдняя частка. У будынку было 18 памяшканняў розных памераў.
Да паўночнага тарца будынка прымыкаў нізкі прамавугольны аб'ём. Плоскасці фасадаў і вежы былі прарэзаны высокімі прамавугольнымі вокнамі. Рызаліты і першы паверх вежы апрацаваны рустам. Будынак накрыты двухсхільным дахам. Сістэма размяшчэння пакояў калідорная.
Не вельмі разлеглы парк, які акружае дом з усіх бакоў, меў характар садоў пейзажных. Яго змыкаў квадрат алеі, абсаджаны ліпамі на старажытна-польскі ўзор. Ад пад'езда і ад процілеглых бакоў цягнуліся стрыжаныя газоны без дрэў з разбітымі па іх клумбамі руж і іншых кветак. Збоку газона раслі па адным і групамі: дубы, ліпы, каштаны, елі, бярозы.
На сучасным этапе аднавіць палац можна толькі на аснове падмурка.
ЛІТАРАТУРА
1. Бараноўскі, А. В. Полымя (Беліца): гісторыя маентка і вескі / А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2015. – 40 с.
2. Бараноўскі, А. Пра Свяцкіх вачыма родзічаў / А. Бараноўскі // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 12 снеж. – С. 5–6.
3. Буракова, Т. У Беліцы ўспомнілі Купалу / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 15 ліп. – С. 4.
4. Залесская, С. Белица с латвийским акцентом / С. Залесская // Белорусская нива. – 2009. – С. 6.
5. Залесская, С. Под сенью старины глубокой / С. Залесская // Віцебскі рабочы. – 2009. – С. 5.
6. Кавалеўскі, С. Беліцкі гудок / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2014. – 9 сент. – С. 5.
7. Кавалеўскі, С. Бухгалтары з палаца Свяцкіх / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2011. – 13 снеж. – С. 7.
8. Кавалеўскі, С. Сэлфі праз стагоддзе / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 6 сент. – С. 8.
9. Караткевіч, В. Сядзіба, месца працы Янкі Купалы / В. Караткевіч, Н. Ліхтаровіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 407.
10. Кононович, Е. Как феникс из пепла / Е. Кононович // Народная газета. – 2009. – 10 лістап. – С. 2.
11. Лазюк, А. Прыватныя інвестыцыі – шанц на адраджэнне / А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2009. – 12 мая. – С. 2.
12. Пяць прычын наведаць Сенненскі раён / падрыхт. Н. Чарнічэнка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 23 марта. – С. 6.
13. Сенненскія далягляды // Народная газета. – 2010. – 30 чэрв. – С. 15.
14. Цімошык, Л. Паэтычныя фіялкі пад сумнымі развалінамі / Л. Цімошык // Звязда. – 2009. – 25 чэрв. – С. 6.
15. Хмяльніцкая, Л. Маёнтак Беліца роду Свяцкіх / Л. Хмяльніцкая // Віцебскі сшытак : гістарычны навукова-папулярны альманах / рэд. Л. Хмяльніцкая. – Мінск : НББ, 2017. – Вып. 5. – С. 56–91.
16. Чабатарова, Т. Руіны шляхецкай сядзібы Свяцкіх у Сенненскім раёне, звязанай з імём Янкі Купалы, мае намер адрадзіць латвійскі інвестар / Т. Чабатарова // Вольнае Глыбокае. – 2009. – 2 крас. – С. 4–5.
17. Полымя // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 602.
СПАСЫЛКІ