Сядзібны дом Бабічаў. Сенненскі раён, в. Рамшына
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 30.09.2019 09:57
У мінулым в. Рамшына была падзелена на два паселішчы: Вялікае Рамшына і Малое Рамшына. У апошнім знаходзіўся радавы маёнтак Бабічаў – Насекіна.
У 1882 годзе ён перайшоў у спадчыну да Віктара Ігнатавіча Бабіча, які ажаніўся з Марфай Іванаўнай. У сям'і было двое дзяцей – сын Анатоль і дачка Вольга. Анатоль Віктаравіч атрымаў хатнюю адукацыю. У 1913–1916 гг. ён з'яўляўся земскім галосным Сенненскага павятовага сходу. Вольга Віктараўна скончыла медыцынскі інстытут і некаторы час працавала земскім урачом 4-га ўчастка Сенненскага павета.
Асноўнай крыніцай даходаў для Бабічаў была карчма, якая прыносіла 150 рублёў у год.
У пачатку ХХ ст. Бабічы ў маёнтку Насекіна (зараз – в. Рамшына, каля в. Задарожжа) пабудавалі сядзібны дом з цэглы ў класічным стылі. Панскі дом мае выразныя раздзяленні на чатыры часткі. Фасад упрыгожаны плоскімі калонамі-пілястрамі і дэйтыкуламі (пад дахам). Ганак багата аздоблены калонамі з каменнымі ўпрыгожваннямі і фігурнымі карнізамі, над якімі ўзвышаецца атык у выглядзе мезаніна з шырокім балконам.
У цяперашні час балкон «Дваранскае гняздо» замураваны цэглай. Чатыры часткі фасада праразаюць восем акон прамавугольнага тыпу з фігурнымі карнізамі. Першапачаткова з тыльнага боку будынак меў драўляную галерэю і яшчэ адзін балкон. Недалёка ад будынка знаходзіўся жывапісны пруд, які зараз амаль знішчаны, і меўся сад.
Сам будынак пабудаваны ў выглядзе «цаглянай архітэктуры». Аб унутраным інтэр'еры дома гаварыць зараз нельга. Вядома толькі, што быў драўляны стол (сталешніца) і стул, якія зараз знаходзяцца ў музеі г. Сянно.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнтак быў нацыяналізаваны. У 1928 годзе Бабічаў раскулачылі і саслалі ў Сібір. Вядома, што ў 30-я гады ХХ ст. Анатоль Бабіч жыў у с. Таборы Свярдлоўскай вобласці, працаваў конюхам у мясцовым леспрамгасе. У 1936 годзе рэпрэсаваны.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібным доме немцы абсталявалі шпіталь для параненых салдат. Пасля вызвалення Сенненшчыны ад фашысцкіх захопнікаў у будынку знаходзілася школа. Пачатковая школа працавала амаль да канца ХХ ст. Зараз тут падворак Маркава мужчынскага манастыра ў гонар Святой Троіцы.
ЛІТАРАТУРА
1. Вёска Рамшына. Сядзібны дом Бабічаў / падрыхт. А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 28 крас. – С. 4.