Сядзіба. Глыбоцкі раён, в. Залессе
- Подробности
- Створана 21.10.2019 15:23
- Адноўлена 21.10.2019 10:51
У 2-й палове XIX стагоддзя ў дваранскім сядзібным будаўніцтве пашыраецца рамантызаваны «замкавы» стыль. Увасабленнем гэтай з'явы на Глыбоччыне з'яўляецца сядзіба графа Моле ў в. Залессе, размешчаная на ўсходняй яе ўскраіне, паміж азёрамі Мураўшчына і Белае. Сядзіба сфарміравалася на працягу 2-й палавіны XVIII стагоддзя і складаецца з дзвюх частак: усходняй, у якой сканцэнтраваны комплекс сядзібных пабудоў (дом, стайня, карэтная, гаспадарчыя будынкі), і заходняй – лесапарку. Мураваны сядзібны дом пабудаваны ў 2-й палавіне XIX стагоддзя з элементамі стылю рэтраспектыўнай готыкі. Гэта будынак сіметрычнай кампазіцыі, якая ўключае двухпавярховы цэнтральны корпус і аднапавярховыя прамавугольныя ў плане бакавыя крылы, аб'яднаныя 5-граннымі эркерамі. Вуглы аб'ёмаў завершаны вежападобнымі пінаклямі. Неатынкаваныя цагляныя сцены прарэзаны прамавугольнымі і стральчатымі вокнамі ў прафіляваных пабеленых ліштвах. Для стварэння суровай сярэдневяковай вобразнасці выкарыстаны аскетычны дэкор узбуйненых архітэктурных плоскасцей, гранёныя крапасныя вежачкі, стральчатыя гатычныя праёмы. У такой жа стылявой трактоўцы выкананы вялікі мураваны будынак стайні, размешчанай насупраць панскага дома.
Помнік часткова разбураны ў гады 2-й сусветнай вайны (знішчана бакавое крыло). Перад домам насыпана тэраса і створаны круглы партэр са скульптурай у цэнтры (не захавалася).
Пейзажны парк разбіты на плошчы 8 га ўздоўж спусцістых берагавых схілаў азёр. Галоўная алея праходзіць ад дома па грэбні ўзгорка з відам на возера Мураўшчына. За ім быў пладовы сад з домікам садоўніка накшталт паркавага павільёна. Паўночную частку парку фарміруюць масівы з хвоі звычайнай, елкі, каштана конскага, хвоі веймутавай і лістоўцы еўрапейскай. Узвышша ў паўднёвай і заходняй частках пад хваёвым лесам.
Паміж сядзібным домам і паркам размешчана невысокая тэраса, якая мела багатае афармленне з кветак. Партэр тэрасы абкружаны групамі лістоўніцы сібірскай, хвоі веймутавай. Усяго ў парку расло 48 парод дрэў. Сярод экзотаў – ліпа амерыканская буйналістая, сасна чорная, веймутава і сібірская кедравая, явар, каштан конскі і інш. Адна з алей арганізуе візуальную перспектыву на возера Белае, якая на процілеглым беразе завяршаецца адасоблена і маляўніча размешчанай вясковай царквой і Мамчыным курганом.
На сённяшні дзень з былой сядзібы захаваліся толькі будынак канюшні і фрагмент парку.
ЛІТАРАТУРА
1. Графскі пейзажны парк у маёнтку // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 21 ліп. – С. 10.
2. Залесье // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 167–168.
3. Маёнтак у в. Залессе-Астроўна // Гісторыя Залескага краю / Р. Шарыпкін. – Глыбокае : Вольнае Глыбокае, 2002. – С. 24–30.
4. Скрабатун, У. Хто паквапіўся на Залескі парк? / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2009. – 13 жн. – С. 5.
5. Сядзіба графа Мале ў в. Залессе // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 71.
6. Шарыпкін, Р. «Залескі край. Мінулае ў люстэрку часу» / Р. Шарыпкін // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 22 крас. – С. 10 ; 6 мая. – С. 7 ; 3 чэрв. – С. 10 ; 8 ліп. – С. 10 ; 5 жн. – С. 10 ; 23 верас. – С. 10 ; 21 кастр. – С. 10 ; 2018. – 10 сак. – С. 10 ; 5 мая. – С. 10 ; 9 чэрв. – С. 10 ; 20 чэрв. – С. 6 ; 21 ліп. – С. 10.