Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Палацава-паркавы ансамбль. Глыбоцкі раён, в. Мосар

Найбольш цікавы твор палацава-сядзібнай архітэктуры і садова-паркавага мастацтва Глыбоччыны – палацава-паркавы ансамбль у в. Мосар.

Маёнтак Мосар перайшоў ад Крыштафа Зяновіча да віленскага земскага пісара М. Валовіча. Ад яго жонкі Ганны Пац (памерла ў 1646 г.) як пасаг дачкі Ганны Пац маёнтак перайшоў ва ўласнасць яе мужа Пятра Карла Далмат-Ісакоўскага, лоўчага Вялікага княства Літоўскага. Яго дачка Сафія ў 1657 г. выйшла замуж за Віктара Канстанціна Млечку, старосту і генерала жмудскага і прынесла мужу ў пасаг маёнтак. Іх дачка Канстанцыя выйшла замуж за Уладзіслава Бжастоўскага (1646–1710), кашталяна троцкага і атрымала Мосар у пасаг. 3 таго часу каля 200 гадоў маёнтак Мосар належаў роду Бжастоўскіх. Толькі ў 2-й палавіне XIX стагоддзя пасля заключэння шлюбу Н. Бжастоўскай з Эдмундам Пілсудскім некаторы час Мосар знаходзіўся ў руках Пілсудскіх. Апошнім уладальнікам маёнтка быў Калікст Пілсудскі. Сядзіба зруйнавана ў гады 1-й сусветнай вайны.

Пры Бжастоўскіх тут існавала сядзіба ці невялікі замак. Вялікай рэзідэнцыяй маёнтка Мосар стаў у 2-й палавіне XVIII стагоддзя, калі ўладальнікам яго быў малодшы сын Юзафа Бжастоўскага літоўскі пісар Роберт Бжастоўскі (нарадзіўся ў 1748 г.), полацкі кашталян. Фундатарамі палаца ў 1775–1779 гг. былі Роберт і Ганна Бжастоўскія, якія запрасілі для будаўніцтва італьянскіх дойлідаў. Двухпавярховы на высокім падмурку палац быў узведзены ў выглядзе выцягнутага прамавугольніка і быў накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. У адрозненне ад палацаў XVIII стагоддзя будынак меў рэпрэзентацыйную парадную частку не на другім, а на першым паверсе, гэтаму адпавядала і форма акон, высокіх унізе і значна меншых у верхняй частцы. Франтальныя фасады рытмічна крапаваліся канеліраванымі пілястрамі, якія неслі магутны гарызантальны пояс і прафіляваны карніз. У сярэдзіне трохвосевай часткі галоўнага фасада быў устаноўлены высокі чатырохкалонны порцік, які нёс балкон, гладкі антаблемент і трохвугольны франтон. Ідэнтычна быў трактаваны і тыльны паркавы фасад, на якім порцік быў заменены высокай тэрасай са сходамі ў парк.

У адрозненне ад суровага знешняга выгляду палаца яго інтэр'еры ўражвалі багаццем дэкаратыўнай апрацоўкі, якая была выканана ў тэхніцы стука. У парадных апартаментах ганаровае месца займала каралеўская зала. Яе сцены і плафон былі пакрыты шчыльным слоем гіпсавай арнаментыкі. Верхняя частка сцен, афарбаваная ў светла-блакітны колер, была расчлянёна квадратнымі панелямі, у якіх размяшчаліся авальныя медальёны з выявамі ўсіх польскіх каралёў і каралеў. Медальёны аб'ядноўваліся стылізаваным генеалагічным дрэвам. Прамавугольныя супрапорты былі запоўнены батальнымі сцэнамі, усю дэкаратыўную кампазіцыю завяршаў антычны фрыз. У куце каралеўскай залы стаяла арыгінальная печ у выглядзе піраміды на пяці шарах. У верхняй частцы печы ў медальёне, упрыгожаным булавой і перакрыжаванымі рэгаліямі, быў барэльеф «Пагоні», а ў завяршэнні – каралеўская карона. Побач з печчу сцяну ўпрыгожваў барэльеф арла, які трымаў у кіпцюрах аліўкавую галінку. На процілеглай сцяне залы – французскі класіцыстычны камін, над якім узвышаўся бюст караля Станіслава Аўгуста. Прыгожым дэкорам вылучаўся плафон залы. У цэнтры яго была авальная рама з барэльефам арла сярод раслінных арнаментальных спляценняў. У чатырох рагах плафона былі круглыя медальёны, з якіх звісалі люстры. Бальную залу ўпрыгожвалі барочны камін з чорнага мармуру, над якім была прамавугольная арнаментальная рама з авалам, дзе быў адлюстраваны сюжэт антычнай сцэны з 2 німфамі. Камін люстранай залы быў трактаваны ў стылі ампір, меў фрыз з фігурнымі сцэнкамі. Над карнізам цягнуўся да столі барэльеф з выявай Самсона. Прамавугольныя панелі залы былі запоўнены люстэркамі. Адзін з пакояў дэкарыраваны ў модным у XVIII стагоддзі кітайскім стылі: над мармуровым камінам у прамавугольных рамах на цёмным фоне была стукавая кампазіцыя мужчыны ў акружэнні чатырох мужчынскіх фігур. Верагодна, гэта была выява Канфуцыя з вучнямі, таму што на цокалі каміна быў надпіс на латыні: «Мудрэц для сябе самы строгі крытык. Ён сам абвінаваўца, сведка і суддзя. Канфуцый».

Супрапорты памяшканняў таксама аформлены сцэнамі з кітайскага быту. Усе памяшканні ніжняга паверха мелі барочную стылявую апрацоўку. У вытанчана выкананых прамавугольных і авальных супрапортах – барэльефы батальных сцэн на гістарычныя і біблейскія сюжэты. У арнаментальных кампазіцыях у гратэскавых спляценнях аб'ядналіся элементы расліннага і жывёльнага свету. У невялікіх нішах размяшчаліся розныя алегарычныя фігуры. У стылявай трактоўцы шэрага апартаментаў панаваў стыль класіцызму.

Палац знаходзіўся ў пейзажным парку, асноўным элементам якога была дубовая алея. 24 лістапада 1918 года палац быў спалены, зніклі ўсе перакрыцці, дэкарацыі, каміны, паркет. Некаторы час захоўваліся толькі рэшткі сцен з умураванай у сцяну фасада мемарыяльнай дошкай, якая сведчыла аб тым, што Стэфан Баторый, калі ішоў на Пскоў, начаваў у гэтым доме. Да пабудовы класіцыстычнага палаца ў Бжастоўскіх існавала іншая сядзіба ці невялікі замак, з якога і была знята мемарыяльная дошка і ўмуравана ў сцены новага палаца як гістарычная рэліквія.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Мосарская сядзіба // Страчаная спадчына / Т. Габрусь [і інш.]. – Мінск : Полымя, 1998. – С. 211–212.

2. Нечаканая Беларусь [Выяўленчы матэрыял] = Неожиданная Беларусь : [альбом] / канцэпцыя, фота і тэкст С. Плыткевіч ; маст. Т. Мельянец. – 2-е выд., перапрац. – Минск : Рыфтур, 2008. – 190 с.

3. Палацава-паркавы ансамбль у в. Мосар // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 70–71.

4. Санктуарый прыгажосці / падрыхт. А. Яско, С. Дзядзінкіна // Народная газета. – 2008. – 29 крас. – С. IV.

5. Скрабатун, У. Палац у Мосары / У. Скрабатун // Веснік Глыбоччыны. – 1998. – 6 мая. – С. 3 ; 16 мая. – С. 2 ; 8 ліп. – С. 2.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Мосар. Дворцово-парковый ансамбль Бжостовских (фотографии)