Палаца-паркавы комплекс (сядзіба Шырына). Шаркаўшчынскі раён, аг. Германавічы
- Подробности
- Створана 10.03.2020 15:23
- Адноўлена 10.03.2020 09:46
Сядзіба размешчана на паўночным ускрайку аг. Германавічы, на беразе ракі Дзісна. Сядзіба была пабудавана ў канцы ХVІІІ ст.: мураваны дом, парк, гаспадарчыя пабудовы. Цяпер тут размешчаны дзіцячы сад і музей мастацтва і этнаграфіі імя Я. Драздовіча.
Сядзібны дом – прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак. Другі паверх галоўнага фасада вылучаны трохчвэртнай каланадай тасканскага ордэра, 1-ы – рустоўкай. Фасады фланкіраваны рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. У адным з рызалітаў – уваход у будынак, які аформлены двухкалонным прыстаўным порцікам. Такі ж порцік упрыгожвае процілеглы рызаліт. Вось сіметрыі галоўнага фасада адзначана прамавугольным атыкам. Цэнтр дваровага фасада вылучаны рызалітам.
Планіроўка будынка анфіладная. Паверхі злучаны тарцовымі трохмаршавымі лесвіцамі. Першапачатковае ўпрыгожванне інтэр'ера не захавалася.
У парку прамавугольныя ўчасткі сада, партэр, сажалкі. Групы дрэў і крывалінейныя алеі складаюць пейзажную зону. Гаспадарчыя пабудовы размешчаны на паўночны ўсход ад дома, мураваныя, дэкарыраваны ўтрыраванымі элементамі архітэктуры класіцызму.
Сядзіба – помнік архітэктуры класіцызму.
ЛІТАРАТУРА
1. Германовичи // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 77–79.
2. Сядзіба ў в. Германавічы // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 443.