Парк прысядзібны пана Гласкі. Расонскі раён, в. Двор Чарэпіта
- Подробности
- Створана 08.04.2020 09:34
- Адноўлена 08.04.2020 11:13
Ад сядзібы Двор Чарэпіта, якая належала пану Гласку, захаваўся толькі пейзажны парк – абавязковы элемент рэпрэзентацыйнай загараднай рэзідэнцыі.
Па ўспамінах мясцовага жыхара Уладзіміра Раманавіча Кулеша, бацька якога быў фурманам у пана Гласкі, у парку былі два вялікія штучныя вадаёмы. Яны злучаліся паміж сабой ракой. Берагі былі абкладзены цэглай па перыметры. Прыгоннымі былі насыпаны роўныя пляцоўкі, на якіх былі высаджаны сады. У 1937 годзе сад вымерз.
Сядзіба была аднапавярховай. Даўжыня – 37 м. У доме была прасторная зала з калонамі. У сядзібе было два дамы: стары і новы. Быў круг з двух радоў дрэў. Фурман запрагаў коней, праязджаў 3 кругі і спыняўся дакладна каля ўвахода. На ўзгорку была альтанка, да якой вяла брукаваная дарожка. Ліпы былі пасаджаны дугападобна. Яшчэ захаваліся панскія дубы, некаторыя пабіла маланка. У сядзібе мелася аранжарэя і разарый, дзе нават зімой вырошчваліся ружы і абрыкосы. Кветкі і кветкавыя кусты раслі на кожным узгорку, палянцы, каля альтанак і дарожак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхары выкарыстоўвалі аранжарэю як бамбасховішча.
Парк быў закладзены вакол дома ўладальніка ў пачатку ХХ ст.
Арганізаваны паўколам вакол сістэмы штучных вадаёмаў.
Для надання парку буйнамаштабнасці, ландшафтнай разнастайнасці выкарыстана эфектнае і эканамічнае яго спалучэнне з навакольным лесам. Вылучыць паркавую зону можна толькі па акультураных пасадках ліпы, бэзу, дубу, елкі, бярозы.
Збудаванне з каменю ў парку – адзіная пабудова, якая захавалася з мінулага часу. Камень клаўся адзін на другі, амаль не пакідаючы зазору.
У парку была разгалінаваная сетка вадаёмаў, якая была прадумана да дробязі. Аб гэтым сведчаць заглыбленні, якія зараз яшчэ існуюць. Нешырокія, але дастатковыя для таго, каб прайшла лодка, каналы сыходзіліся ў адзін і разыходзіліся, утвараючы астраўкі. У пачатку ХХ ст. яны былі вельмі актуальныя. Каналы то ўпадалі ў сажалкі, па берагах якіх абапал былі пасаджаныя ліпы, то зноў імкнуліся наперад па строга вызначаным маршруце.
Парк належыць да тыпу пейзажных з нерэгулярнай планіроўкай.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксеева, М. Казка старога парку / М. Аляксеева // Голас Расоншчыны. – 2008. – 4 сак. – С. 4.
2. Кулагін, А. М. З архітэктурнай спадчыны Расоншчыны / А. М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 30–33.
3. Парк // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 3.
СПАСЫЛКІ