Сядзіба пана Убры. Расонскі раён, в. Якубова
- Подробности
- Створана 08.04.2020 09:34
- Адноўлена 08.04.2020 11:18
Дваранскі род Убры валодаў радавым маёнткам у некалькіх паветах Віцебскай губерні, у тым ліку ў в. Клясціцы. Абапіраючыся на перыядычнае выданне «Руская даўніна» за 1884 год, адзін з прадстаўнікоў роду Убры набыў яшчэ і частку маёнтка Якубова Дрысенскага павета Віцебскай губерні.
Прадстаўніком старадаўняга дваранскага роду Убры з'яўляецца расійскі дыпламат граф Павел Убры. Нарадзіўся Павел Пятровіч 4 лістапада 1818 года ў шляхецкай сям'і. Каталік. Стацкі саветнік расійскай службы. Павел Убры быў жанаты на князёўне Кацярыне Мікалаеўне Мяшчэрскай, якая трагічна загінула. Дзяцей у шлюбе не было. У 1896 годзе граф Убры памёр у Неапалі. Пахаваны ў агароджы царквы ў в. Клясціцы Дрысенскага павета Віцебскай губерні.
Гістарычныя крыніцы захавалі скупую інфармацыю пра знакамітую сядзібу ў в. Якубова. Першапачаткова ўсе пабудовы былі зроблены з дрэва. Падчас пажару ў маёнтку яны згарэлі. Адбудоўвалася сядзіба з каменю. Дакладна вядома, што дом размяшчаўся ў верхнім парку. Каля каменных пабудоў была пасаджана алея з дубу і ясеню. Гэтыя помнікі прыроды захаваліся да нашых часоў. У дыяметры дрэвы дасягаюць ад 3,5 да 5 м, а ў вышыню больш за 35 м.
З успамінаў, зафіксаваных у 60-я гг. XIX ст., вядома, што аднапавярховы панскі дом быў пабудаваны ў форме літары «П». Парадны бок пабудовы быў звернуты на поўдзень. Унутры сядзібнага дома знаходзілася вялікая аранжарэя, дзе вырошчваліся рэдкія віды кветак. Маёнтак складаўся з панскага дома і розных гаспадарчых пабудоў.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дваранскі маёнтак уяўляў сабой паўразбураны будынак. У прыдатным для жылля стане знаходзілася толькі драўляная шасцікватэрная пабудова, у якой некалі размяшчаліся слугі памешчыка.
Аднаўляючы разбураную вайной гаспадарку, мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі цэглу пры будаўніцтве печаў. Будаўнічы матэрыял быў вельмі трывалы.
17 мая 2014 года краязнаўцы Бухавецкія атрымалі дазвол на правядзенне гістарычных даследаванняў у в. Якубова на Расоншчыне. Захаваныя ясені і дубы дапамаглі ў пошуках месцазнаходжання падмурка сядзібы. Падмурак сядзібы складаўся з вялікіх прыродных камянёў, якія былі заліты вапнавым растворам. На падмурку захаваўся невялікі цагляны мур.
Сядзібны комплекс складаўся са шматлікіх пабудоў. У ніжнім парку знаходзіўся панскі сад, стайня, кузня, штучныя сажалкі. Адзін вадаём, амаль цалкам перасохлы і зарослы травой, захаваўся да нашых дзён.
Мясцовыя жыхары карыстаюцца часткай дарогі, якая вяла з в. Якубова ў Клясціцы. Захаваўся неглыбокі калодзеж, з якога прадстаўнікі роду Убры бралі ваду. Каля калодзежа размяшчаўся панскі пчальнік. Месца, дзе ён знаходзіўся, мясцовыя называюць вадакачкай. Спачатку калодзеж быў абнесены цэглай, потым быў зроблены вялікі абруч, абстаўлены дрэвам. З часам стары калодзеж быў мадэрнізаваны.
У знакамітага роду Убры быў свой радавы склеп. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў ім хавалася мясцовае насельніцтва ад фашысцкіх бамбёжак. Пасля вайны склеп выкарыстоўваўся як лазня. А потым быў разабраны на цэглу. Месцазнаходжанне радавога пахавання пакуль невядома.
ЛІТАРАТУРА
1. Бородулькина, А. Летопись земли Клястицкой / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2014. – 7 чэрв. – С. 6.
СПАСЫЛКІ