Сядзіба пана Гласкі. Расонскі раён, г. п. Расоны
- Подробности
- Створана 08.04.2020 09:34
- Адноўлена 08.04.2020 11:30
Расонская сядзіба – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца XIX – пачатку ХХ стст. у г. п. Расоны.
Сядзібны дом быў пабудаваны ў 1904 годзе ў стылі псеўдаготыкі на беразе воз. Расона.
Маёнтак упершыню згадваецца ў гістарычных хроніках з 1552 года. На той момант уваходзіў у Полацкае ваяводства ВКЛ. У 1772 годзе вёска ўваходзіла ў склад Полацкай губерні Расійскай імперыі. З 1796 года – у Беларускай губерні, з 1802 года – у Віцебскай губерні. На працягу чатырох стагоддзяў маёнтак належаў роду Гласкаў.
Станіслаў Гласка, паводле падання, у Польшчы закахаўся ў дзяўчыну з багатай сям'і і зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Маладая полька пагадзілася выйсці замуж за Станіслава пры ўмове, што ён пабудуе для будучай сям'і такі ж замак, як і ў яе бацькі.
У 1904 годзе Станіслаў узвёў палац у старанямецкім стылі па праекце Эдмунда Фрыка.
Падвальную частку замка складаюць прасторныя пакоі са скляпеністымі высокімі столямі. У гэтых памяшканнях знаходзілася кухня, захоўваліся прадукты.
Замак быў акружаны паркам з ліпавымі алеямі, які быў спланаваны ў польскім стылі.
Калі пачаліся рэвалюцыйныя падзеі 1917 года, сям'я пана Гласкі пакінула сядзібу.
Захаваўся мураваны сядзібны дом з цэглы на магутным бутавым падмурку ў акружэнні парку. Галоўным фасадам павернуты да невялікай плошчы са штучным вадаёмам. З боку дваровага фасада размешчаны сучасныя пабудовы.
Будынак у выглядзе гатычнага палаца вылучаецца маляўнічасцю, шматпланавасцю архітэктурнай кампазіцыі і разнастайнасцю яе візуальных успрыняццяў. Для стварэння сярэдневяковай вобразнасці шырока прыцягваюцца неагатычныя формы: гранёныя вежачкі з машыкулямі, перспектыўныя стральчатыя вокны, контрфорсы, спічастыя і зубчастыя франтоны і шчыты, струны крапаваных лапатак, вуглавы руст.
Планіроўка сядзібнага дома калідорнага тыпу: па баках Т-падобнага калідора размешчаны пакоі разнастайнай формы і габарытаў.
Мураваны будынак асіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі з розных па велічыні прамавугольных аб'ёмаў па дыяганалі, гранёных эркераў, рызалітаў.
Асноўны двухпавярховы аб'ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай. З паўночнага боку да яго прымыкае трох'ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні. Да паўднёвага боку прымыкае аднапавярховы аб'ём са ступеньчатым франтонам у тарцы.
Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркулярныя і лучковыя арачныя завяршэнні.
Фасады аздоблены рустам, гранёнымі вежамі з зубцамі.
Манументальны будынак вызначаецца насычаным каларыстычным вырашэннем, у якім спалучаецца паліхромія бутавай муроўкі цокаля, чырвоны колер высакаякаснай цаглянай муроўкі фасадаў, белізна атынкаваных элементаў дэкору.
На працягу XX ст. у будынку размяшчаліся самыя розныя арганізацыі і ўстановы. Пасля рэвалюцыі 1917 года – сілавыя структуры (міліцыя, НКВД), падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941–1944 гг. – турма, з 1946 года – установа аховы здароўя. Праз некаторы час пасля вайны – раённы выканаўчы камітэт. У 80-я гг. – Дом састарэлых; у 90-я гг. – раённы аддзел народнай адукацыі, дзіцячая турыстычная база, з 1989 года – Дом піянераў, які ў 1990 годзе перайменаваны ў Дом школьніка. У 2003–2012 гг. – Цэнтр пазашкольнай работы. З 2012 года – Цэнтр дзяцей і моладзі.
ЛІТАРАТУРА
1. Алісейчык, У. В. Сядзіба / У. В. Алісейчык // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 382.
2. Кулагін, А. М. З архітэктурнай спадчыны Расоншчыны / А. М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 30–33.
3. Кулагін, А. М. Расонская сядзіба / А. М. Кулагін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 358.
4. Манят истории страницы / подгот. Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2013. – 8 чэрв. – С. 7.
5. Расонская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 272.
6. Россонская усадьба // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв – С. 510.
7. Россонский усадебный дом // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 417–418.
8. Россонская усадьба // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 496.
9. Чатыры прычыны наведаць Расоншчыну / падрыхт. С. Любачка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 22 сент. – С. 11.
СПАСЫЛКІ