Маёнтак. Ушацкі раён, в. Павулле (Двор Павулле)
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 14.05.2020 14:18
Маёнтак у в. Павулле (Двор Павулле) знаходзіўся ў маляўнічай мясцовасці над аднайменным возерам і ракой Уланка. Калісьці гэта была маёмасць князя Мікалая Юр'евіча Радзівіла, які ў 1550 г. прадаў яе Якубу П'яноўскаму. Пасля яго ўладанне хутка пераходзіць з рук у рукі – да князёў Друцкіх-Сакалінскіх, Карызмоўскіх, Садоўскіх, Кіяноўскіх. Станіслаў Кіяноўскі ў 1722 г. прадаў Павулле смаленскаму казначэю Станіславу Сяляве і яго жонцы Ганне. 3 таго часу да рэвалюцыі 1917 г. маёнтак нязменна заставаўся ў валоданні мужчынскіх нашчадкаў гэтага роду, апошнім уладаром з якога быў Казімір Кмітыніч Сялява. У 1918 г. у час грамадзянскай вайны два іх сыны Антоній і Юзаф былі закатаваны ў сваім доме, а сядзіба была спустошана і зруйнавана, удалося ўратаваць толькі радавыя партрэты, якія потым былі вывезены ў Польшчу і знішчаны ў час Варшаўскага паўстання 1943 г.
Першапачаткова ў маёнтку існаваў старажытны абарончага тыпу мураваны дом, выгляд якога невядомы. Але да 1-й сусветнай вайны яшчэ захоўваліся рэшткі яго руін і падмуркаў.
У 1-й палове XIX ст. Антоній Сялява выбраў гэта гістарычнае месца і пабудаваў тут новы, даволі сціплы драўляны сядзібны дом сямейна-бытавога і гаспадарчага прызначэння. Аднапавярховы пад двухсхільным гонтавым дахам аб'ём быў пастаўлены на высокім падмурку, меў у плане выцягнуты прамавугольнік. Цэнтральная частка традыцыйна вылучалася 2-павярховым мансардавым порцікам, трактаваным у ампірным стылі – 4 парныя калоны неслі магутны антаблемент з цэнтральнай аркай і трохвугольны франтон. Порцік з'яўляўся асноўным элементам пластычнага аздаблення архітэктуры дома. У яго вырашэнні, па сутнасці, заключаўся мастацкі эфект будынка ў стылі класіцызму, а ўзвышэнне порціка над карнізнай лініяй за кошт мезаніна надае будынку сілуэтнасць. Пад франтонам меўся балкон з выхадам з мансарднага паверха. Манументальнаму порціку з тыльнага боку будынка адпавядала прасторная тэраса. На фоне неатынкаваных фасадаў вылучаліся пабеленыя разныя ліштвы прамавугольных вокнаў і ўваходных дзвярэй. У забудове сядзібы адчуваецца своеасаблівая трактоўка ордэрных канонаў і прапорцый архітэктурнай класікі. Перад 1-й сусветнай вайной дом пашырылі – да яго правага крыла ў агульных габарытах далучана прыбудова, якая пашырыла будынак, але парушыла яго ясную і простую сіметрычна-восевую кампазіцыю (аналагічная левая прыбудова не была рэалізавана).
Унутры дом налічваў адносна няшмат пакояў – 20. Першапачаткова наведвальнік з-пад порціка трапляў у абшырны хол-вестыбюль са столлю, якая абапіралася на дзве драўляныя калоны; на сценах віселі старажытныя люстры. 3 правага боку да хола далучалася вялікая сталовая з узорыстай паркетнай падлогай, на сценах вісела 11 партрэтаў прадстаўнікоў роду, шэраг з іх прыпісваецца італьянскім мастакам.
Ля сцен інкрусціраваныя столікі чырвонага дрэва, піяніна і інш. Сярод сталовай бялізны, тканай спецыяльна ў Чэхіі, меўся абрус з выявай фрагмента напалеонаўскіх войнаў і постаці імператара на кані па цэнтры.
3 хола налева траплялі ў два вялікія і адзін малы анфіладна размешчаныя салоны. Першы быў абіты старажытнымі залачонымі шпалерамі, другі – серабрыстымі; у абодвух салонах мелася паркетная падлога, набраная ў форме зоркі з чорнага дуба на светлым фоне. Памяшканні мелі багатае і стыльнае абсталяванне і афармленне, над туалетнымі столікамі віселі люстры, англійскія шпалеры. Кафляныя печы былі розных колераў, а будуар гаспадыні меў мармуровы камін.
У Павульскім доме мелася значная бібліятэка з кнігамі на розных еўрапейскіх мовах, са старажытнымі пергаментнымі выданнямі ў скураных пераплётах, багаты радавы архіў, сабраны ў асноўным Антоніем Сялявам і наступнымі ўладарамі, у якім вылучаўся арыгінальны ліст Напалеона па наданні Сялявам графскага тытула. Да каштоўных радавых рэліквій адносіўся металічны сярэбраны абразок з выявай Божай Маці, ахвяраваны польскім каралём Янам III Сабескім Якаву Кмітнічу Сяляве за храбрасць пры Венскай бітве 12 верасня 1683 г. супраць турэцкай арміі.
Павульская сядзіба мела прыгожае размяшчэнне ў натуральным ландшафце. Франтальным фасадам была звернута да маляўнічага возера, ад якога дом адмяжоўваў вялізны акаймаваны «жывой» агароджай газон, засаджаны часткова серабрыстымі елкамі і кустамі руж, кветкавымі клумбамі. Другі вялікі газон цягнуўся ад тыльнага боку дома; на ім рос гіганцкі 500-гадовы дуб, акаймаваны кветкавымі клумбамі. Высаджаная вязамі і язмінавымі кустамі алея вяла да размешчанага ніжэй става. Алея, абсаджаная старымі бярозамі, празваная «напалеонаўскай», пераходзіла ў дзядзінец, які вёў да рэзідэнцыі. Насупраць порціка, на ўскрайку газона, стаяла стылёвая мураваная ўязная брама.
Функцыянальная арганізацыя Павульскай сядзібы заключалася ў максімальнай эканамічнасці, таму службовыя і гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся перад жылым домам. За ім, налева, сярод ружовых кустоў, стаяў цікавы 2-павярховы квадратны ў плане будынак-лядоўня, аблямаваная па абодвух паверхах галерэямі-падценнямі, з якіх адкрываўся краявід на навакольныя прыбярэжныя лугі. Другі такі будынак стаяў на правым баку двара і служыў як капцільня і склад для захавання мясных прадуктаў. Высаджаная бярозай алея вяла да размешчаных далей гаспадарчых будынкаў і бярозавага гаю з радавымі могілкамі, а таксама драўлянай крытай гонтам капліцай, старэйшай за сам дом. У бажніцы меліся тры алтары, у галоўным вісеў абраз Мадонны з дзіцём на руках, у бакавых алтарах – абразы «Святы Ян Хрысціцель» і «Укрыжаванне». Ад капліцы да ракі і да размешчаных тут курганоў – напалеонаўскіх пахаванняў – вяла каштанавая алея. Сам імператар у час маскоўскай экспедыцыі начаваў у сядзібным доме, які стаяў паблізу капліцы. Адасобленае планіровачнае рашэнне меў гаспадарчы комплекс сядзібы. 3 мэтай стварэння параднай часткі быў пазбаўлены малаэфектыўных утылітарных пабудоў. Сярод гаспадарчых збудаванняў заслугоўвалі ўвагі 2 вялікія трохпавярховыя стадолы, званыя «пунямі», прызначаныя для сена і збожжа. У 2-й палове XIX ст. пабудаваны бровар.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Архітэктурная спадчына Ушаччыны / А. М. Кулагін // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 565–566.