Замак Хлюдзінскіх. Шумілінскі раён, в. Лескавічы
- Подробности
- Створана 29.06.2020 15:23
- Адноўлена 29.06.2020 09:27
У XIX ст. памесце Лескавічы належала буйному зямельнаму магнату Хлюдзінскаму. Памесце не была галоўным уладаннем сям'і, таму для пражывання гаспадароў падчас наездаў тут быў адносна невялікі, тыповы памешчыцкі дом. Але ў другой палове XIX ст. сям'я перабіраецца ў Лескавічы. У пачатку ХХ ст. апошні ўладальнік маёнтка Уладзіслаў Хлюдзінскі вырашае пабудаваць на месцы старога дома вялікі палац. Жонка Уладзіслава Эма Паўлучы паходзіла з англійскай арыстакратычнай сям'і, верагодна, гэта і паўплывала на выбар архітэктара.
Як высветліла польская даследчыца Эдзіта Баруцка, у 1912 годзе заказ адпраўляецца ў далёкую Англію да моднага і вельмі папулярнага архітэктара Макея Х'ю Бэйлі-Скота. М. Х. Бэйлі-Скот – адзін з заснавальнікаў стылю «мадэрн» у англійскай архітэктуры. Адным з яго прынцыпаў з'яўляецца тое, што ён праектуе не толькі будынак, але і ўсе інтэр'еры, мэблю, навакольны ландшафт як суцэльны, адзіны твор.
Першы праект, прапанаваны архітэктарам, прадугледжваў узвядзенне палаца ў стылі венскага «сецэсіёну»: на высокім беразе стаіць беласнежная віла з чатырма вежамі і магутным купалам. На вежах – крылатыя постаці анёлаў ці геніяў. У цэнтры палаца пад купалам архітэктар змяшчае вялікі крыты двор з зімовым садам, вакол якога размешчаны жылыя памяшканні. З боку возера прыбудаваны тэрасы. З тэрас і вокнаў палаца адкрываюцца цудоўныя краявіды на возера і наваколле.
Былі прапанаваны і інтэр'еры палаца. На малюнках Бэйлі-Скота – пакоі ў мяккіх колерах, упрыгожаныя яркімі фрызамі, на вокнах каляровыя вітражы, цікавых формаў мэбля, таксама аздобленая яркімі малюнкамі кветак і раслін.
Але заказчык праект не прыняў. Можна меркаваць, што ён не адпавядаў задуме Хлюдзінскіх, якія хацелі мець «старажытны» замак. Архітэктар прапанаваў новы варыянт. Кампазіцыя ў цэлым захавалася: цэнтральны двор, вуглавыя вежы злучаны карпусамі, у якіх размешчаны парадныя, жылыя і службовыя пакоі. Істотна змяніўся стыль будынка. Высокія чарапічныя дахі замест прасторных тэрас, вузкі балкон з крутой лесвіцай і падпорная сцяна з буйных валуноў, сцены са знешнім аздабленнем з камянёў, упрыгожаныя ромбападобным узорам з цэглы. Цэглай выкладзены і вуглы будынка. Там-сям у сценах – невялікія вокны. Цяпер перад намі рамантычны «сярэдневяковы» англійскі ці шатландскі замак.
У такім жа стылі – калі цагляныя муры аздабляюцца звонку мясцовым каменнем, якога шчодра на палетках пакінуў нам ледавік – пабудаваны і ўязная брама ў пачатку ліпавай алеі, што вядзе да замка («Дом брамніка»), і гаспадарчыя пабудовы фальварка.
Будаўніцтва замка на месцы старога дома пачалося даволі актыўна (1912–1913), але пачалася Першая сусветная вайна, затым рэвалюцыі. Гаспадары падаліся ў эміграцыю. Захавалася сведчанне, што замак так і не быў дабудаваны. Пасля Брэсцкага міру большую тэрыторыю Беларусі захапілі германскія войскі, мяжа паміж акупіраванай тэрыторыяй і тэрыторыяй, якую кантралявалі Саветы, праходзіла якраз праз Шумілінскі раён. Захаваўся фрагмент дзённіка германскага афіцэра, які ў 1918 годзе піcаў: «... У Лескавічах барскага дома не было. Мы спыніліся ў школе. Замест дома мы ўбачылі недабудаваны развалены замак, які быў запраектаваны ў стылі рэйнскіх замкаў. Мур з цэглы зарос травой. Там і сям выраслі маладыя бярозкі. Вялізная зала не мела даху. Вялікія дзверы, якія бываюць у цэрквах, невялікі хол. На адной са сцен ніша з дымаходам ... У тоўшчы мура змешчана вузкая лесвіца... Вузкае высокае акно з гатычнай аркай. З акна паверх вяршынь сосен бачна возера...».
Час і надвор'е зрабілі сваю справу. Зараз ад будынка засталіся толькі руіны – фрагменты трох вежаў на высокім беразе Лескавіцкага возера. Але на мурах бачны тыя самыя цагляныя ромбы, што і на малюнку архітэктара, бачны і моцныя валуны ў падмурку і падпорнай сцяне. Гэта ўсё, што захавалася ад велічнага твора славутага англійскага архітэктара...
ЛІТАРАТУРА
1. Архітэктура: царкоўнае будаўніцтва, палацава-паркавыя ансамблі // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 51–55.
2. Мароз, М. Лёс замка пана Хлудзінскага / М. Мароз // Герой працы (Шуміліна). – 2002. – 3 верас. – С. 3.
3. Параскевін, А. Сказ пра замак на беразе возера / А. Параскевін // Герой працы (Шумiлiна). – 2004. – 25 мая. – С. 2.
4. Параскевін, А. У ліпавым атачэнні Лескавіч / А. Параскевін // Герой працы (Шумiлiна). – 2004. – 18 мая. – С. 2.
5. Паўлаў, С. Па матывах англійскіх замкаў / С. Паўлаў // Герой працы (Шумiлiна). – 2014. – 12 верас. – С. 5.
6. Улюценка, В. На замчышчы / В. Улюценка // Віцебскі рабочы. – 1994. – 16 крас. – С. 5.
7. Якім мог быць замак Хлюдзінскіх у Лескавічах / падрыхт. Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2019. – 26 сак. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
Усадьба Хлюдинских в Лесковичах. Необычные путешествия по Беларуси