Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сядзіба Рудніцкіх. Мёрскі раён, в. Дзедзіна

У пачатку XIX ст. за 1 км ад в. Дзедзіна (Асада Дзедзіна) была пабудавана сядзіба ў стылі класіцызму. Яна ўключае сядзібны дом, перад якім часткова захаваўся пейзажны парк з сажалкай, гаспадарчыя пабудовы з бутавага каменю.

Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны сядзібны дом, які быў пабудаваны ў 1810–1820 гг. дзісненскім суддзёй А. Рудніцкім па праекце вядомага архітэктара Віткоўскага, пакрыты вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасада чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам. У раскрапоўцы фасадаў выкарыстаны пілястры, рустоўка, прафіляваныя карнізы. Сцены другога паверха расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, першага – квадратнымі. Першы скляпеністы паверх мае анфіладную планіроўку, другі – змешаную анфіладна-калідорную. 3 вестыбюля на другі паверх вядзе лесвіца. Інтэр'ер будынка захаваў сляды былых камінаў, элементы дэкору ў неагатычным стылі.

Пра ўнутранае ўбранне гэтага сядзібнага дома ў тыя часы, калі ім яшчэ карысталіся ўладальнікі, можна расказаць больш падрабязна. Апісанне палаца зроблена пляменніцай апошняга ўладальніка Зыгмунда Рудніцкага Аленай Стахурскай.

Праз галоўны ўваход мы трапляем у вузкі доўгі калідор, які шырокімі драўлянымі прыступкамі падымаўся на другі паверх. Па абодвух баках былі дубовыя дзверы, левыя вялі ў гардэроб, правыя – да скляпенняў у падвале. Яшчэ адны дзверы справа вялі да збраёўні, якая размяшчалася ў левым крыле калідора. Там захоўвалася ўся паляўнічая зброя, старажытныя стрэльбы, дзіды, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. У падвале стаялі бочкі з мёдам, віно, гарэлка, сала, іншыя гаспадарчыя запасы.

У другім канцы калідора месціліся маленькія сені. Былі пакоі для слуг і адміністрацыі, лесвіца для прыслугі на другі паверх.

На першым паверсе хапала месца для лазні, пякарні, кухні. У многіх пакоях былі каміны з белай і каляровай кафлі.

На другім паверсе насупраць порціка знаходзілася вялікая зала, справа ад яе – тры жылыя пакоі, першы з якіх быў кабінетам гаспадара. Упрыгожваў яго камін з зялёнай кафлі. Такога ж колеру была абіўка крэслаў і іншай мэблі. Сцены пафарбаваны ў попельны колер. На іх віселі паляўнічыя трафеі: ласіныя рогі, галовы дзікоў і рысі. Быў прыгожы габелен, на якім вісела старая паляўнічая зброя. Яшчэ на сценах былі акварэлі на паляўнічыя тэмы. На падлозе знаходзіўся зялёны дыван з вялікімі кветкамі.

Галоўны пакой палаца – салон з трыма вялікімі вокнамі, які размяшчаўся злева ад залы. Ён меў паркетную падлогу, камін з белага мармуру з цёмнымі пражылкамі і двума кандэлябрамі з бронзы, крыштальнай жырандоллю пад столлю. Вакол сцен стаялі крэслы і канапы, круглы столік. Зала была вытрымана ў стылі Людовіка XVI, мэбля паходзіла таксама з XVIII ст. Сцены ўпрыгожвалі пейзажы Вінцэнта Дмахоўскага з відамі наваколля Дзедзіна.

Суседні пакой з салонам быў бібліятэкай. У ім знаходзіліся кнігі на польскай, французскай, нямецкай і лацінскай мовах. Усяго некалькі тысяч тамоў, пераважна XIX ст. Тут таксама месціўся радавы архіў Рудніцкіх (не захаваўся).

Побач з бібліятэкай – більярдны пакой. У ім зялёны маёлікавы камін і мэбля ў стылі Бідмэер (падробка канца XIX ст. пад даўніну), старасельскія канапы і кандэлябр з парцалямі.

У анфіладзе левага крыла знаходзіўся маленькі пакой у блакітным колеры – будуар гаспадыні. Дзверы з яго вялі ў сталовую з трыма вокнамі. Мэбля – доўгі стол, крэслы, вырабленыя з цёмнага дуба ў гданьскім стылі мясцовымі прыгоннымі сялянамі. Яшчэ ў сталовай знаходзіўся прыгожы шафавы гадзіннік таксама ў гданьскім стылі. Зязюля ў ім адлічвала гадзіны. Каля адной са сцен стаяла старажытная лава з багатай разьбой. Віселі партрэты роду Рудніцкіх, у тым ліку біскупа Шымона Рудніцкага. 3 вокнаў сталовай быў прыгожы выгляд на агарод і сад, на пагорак з магілай Марыі Далубоўскай-Рудніцкай у выглядзе гранітнай труны.

Тое, што цяпер успрымаецца як рэшткі пейзажнага парку, некалі было агародам-садам з алеямі для прагулак плошчай 8 га. Стварыў яго Аляксандр Рудніцкі (1785–1848). У цэнтры агарода насупраць порціка былі дзве сажалкі, да якіх вялі дарожкі, абсаджаныя з аднаго боку дрэвамі, з другога – чырвонымі ружамі. У сажалках, злучаных канавай з мосцікамі, плавалі лебедзі. У гушчары дрэў хавалася альтанка ў выглядзе амфітэатра. Сцежкі былі абсаджаны жывым плотам з дзікіх ружаў, жоўтых акацый і іншых экзатычных кустоў. У садзе раслі вішні, слівы, яблыні, грушы, парэчкі, агрэст, маліна, там жа былі пасека і аранжарэя. Увесь участак быў падзелены сцежкамі для прагулак. На іх перасячэнні стаяла высечаная з каменю мясцовым скульптарам фігура Маці Божай. У ліпавай алеі знаходзіўся стол са старых жорнаў. Сад акружалі ліпавыя, бярозавыя, каштанавыя алеі. У глыбіні стаяў старажытны свіран XVI ст., мясцовы каваль абкаваў яго дзверы, зрабіў замок.

 

Сядзібны дом Рудніцкіх. Мёрскі раён, в. Дзедзіна. Фота з сайта http://meridian28.comСядзібны дом Рудніцкіх. Мёрскі раён, в. Дзедзіна. Фота з сайта http://meridian28.comСядзібны дом Рудніцкіх. Мёрскі раён, в. Дзедзіна. Фота з сайта http://meridian28.comСядзібны дом Рудніцкіх. Мёрскі раён, в. Дзедзіна. Фота з сайта http://meridian28.com

ЛІТАРАТУРА

1. Альхімовіч, Т. А. Сядзібна-паркавая архітэктура / Т. А. Альхімовіч // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 555–558.

2. Дедино // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Мінск : Ураджай, 1989. – С. 165.

3. Ермалёнак, В. Дзедзінскі палац / В. Ермалёнак // Народнае слова. – 1996. – 8 кастр. – С. 6.

4. Ермалёнак, В. Палац у Дзедзіна / В. Ермалёнак // Краязнаўчая газета. – 2006. – № 45 (снеж.). – С. 5.

5. Кочетов, С. Старинная усадьба продана через интернет / С. Кочетов // Витебские вести. – 2016. – 19 мая. – С. 3.

6. Кулагін, А. М. Сядзіба / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 306.

7. Серабро, С. Сядзібу XIX ст. у Мёрскім раёне прададуць на электронным аўкцыёне за адну базавую велічыню / С. Серабро // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 14 крас.– С. 11.

8. Ускова, Т. Купить за 210 тысяч рублей усадьбу / Т. Ускова // Сельская газета. – 2016. – 16 апр. – С. 5.