Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сядзіба. Мёрскі раён, в. Забалоцце

Сядзіба ў в. Забалоцце ў канцы XVII ст. належала небагатай шляхецкай сям'і Гірждаў, або Гірждавічаў. У 1742 годзе яны пабудавалі тут сядзібу, якая з невялікімі зменамі захавалася амаль да нашага часу. У 1743 годзе яе набыла сям'я Дмахоўскіх, якая жыла тут да 1939 года. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Уладзіслаў Дмахоўскі.

Двор у в. Забалоцце быў пабудаваны на высокім падмурку з вялікіх палявых валуноў. Перад парогам ляжала каменная пліта з надпісам «1742 год» – час будаўніцтва. Пад домам месціўся вялікі склеп для захоўвання розных запасаў. Драўляныя сцены звонку былі ашаляваны дошкамі, прыбітымі вертыкальна цвікамі мясцовага кавальскага вырабу. Чатырохсхільны дах спачатку быў пакрыты саломай, якая пазней заменена гонтай. У пачатку XIX ст. будынак упрыгожыў дабудаваны перад уваходам порцік на двух парах калон, высунутых перад галоўным фасадам, і двух танейшых пілонах пры сцяне. Перакрыццё порціка ўпрыгожыў карніз кубікамі, у трохкутным франтоне з'явілася паўкруглае акно ў выглядзе промняў, якія разыходзяцца ў розныя бакі.

Прыступкі былі зроблены з часаных валуноў, як і падмурак. У будынку быў адзін камін, да якога на гарышчы былі пракладзены дымаходы ад усіх печаў.

Дом па ўнутранай планіроўцы дзяліўся на дзве часткі, якія звязвалі вялікія сені. Справа ад уваходу быў самы вялікі пакой з двума вокнамі, які ў апошнія дзесяцігоддзі служыў сталовай. Прылягаючы пакой служыў спальняй. Квадратны пакой злева – гульнёвы, побач з ім таксама месцілася спальня. 3 боку агарода ля сталовай знаходзілася вялікая спальня, а побач з ёй – жылыя памяшканні. Усюды столь перакрывалі бэлькі, сцены пабелены, падлога з лакіраваных дошак. Толькі ў сенях падлога была з цэглы.

Будынак ацяпляўся вялікімі мураванымі печамі. У левым гульнёвым пакоі знаходзіўся камін з калонамі ў стылі класіцызму. Але ўжо ў сярэдзіне XIX ст. ён не выкарыстоўваўся па прызначэнні, а служыў замест алтара для адпраўлення імшы ў родным доме архібіскупам магілёўскім Казімірам Дмахоўскім (1780–1851).

Да 1908 года, да закладу маёнтка дзяржаве, у ім знаходзілася шмат прадметаў быту ў стылі ампір. Больш старадаўнія рэчы і каштоўнасці разрабавалі яшчэ французскія салдаты ў 1812 годзе.

У наступныя сто гадоў пакоі сядзібы былі запоўнены новымі прадметамі хатняга ўжытку, мэбляй, партрэтамі роду Дмахоўскіх, іншымі мастацкімі каштоўнасцямі. Сярод партрэтаў знаходзілася скульптура Казіміра Дмахоўскага і іншыя творы Генрыха Дмахоўскага.

Большасць рэчаў з сядзібы была вывезена ў Вільню, дзе і згарэла ў 1944 годзе. Частка фамільных каштоўнасцей была разрабавана яшчэ ў 1932 годзе. Да 1939 года стаяў лямус, пабудаваны ў 1742 годзе, пра што сведчылі лічбы на адной з бэлек.

Вакол дома месціліся сад і агарод плошчай 4 га. Тут раслі старыя дубы, ліпы, клёны, бярозы. Асаблівасцю быў пірамідальны дуб, пасаджаны мітрапалітам Дмахоўскім. Насупраць гаспадарчых пабудоў пачынаўся стары яловы бор. Але падчас безуладдзя 1917–1920 гг. лес быў знішчаны.

Сядзіба ў Забалоцці ў даваеннай Польшчы была аб'яўлена помнікам архітэктуры, дзе забараняліся ўсялякія перабудовы.

 

Бібліятэка на месцы сядзібнага дома. Мёрскі раён, в. Забалоцце. Фота з сайта https://be.wikipedia.orgСядзіба. Мёрскі раён, в.Забалоцце. Фота з сайта https://upload.wikimedia.org

ЛІТАРАТУРА

1. Ермалёнак, В. Радзіма скульптара і мітрапаліта [Генрыка Дмахоўскага] / В. Ермалёнак // Краязнаўчая газета. – 2003. – № 14 (лістап.). – С. 5.

2. Ермалёнак, В. А. Сядзіба ў Забалацці / В. А. Ермаленак // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 568–569.

3. Кісялёў, Г. В. Радзіма Дмахоўскага / Г. В. Кісялёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 308.

4. Усадьба Заболотье // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост.: В. А. Ермалёнок, П.И. Боголей ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 10–11.