Сядзіба. Мёрскі раён, в. Міжрэчча
- Подробности
- Створана 08.09.2020 15:23
- Адноўлена 08.09.2020 15:56
Сядзіба ў в. Міжрэчча – помнік сядзібна-палацавай архітэктуры, вядомы па здымках фатографа Яна Булгака пачатку XX ст. Была пабудавана са старога дуба, каля р. Вята.
Будынак узводзіўся на працягу амаль двух з паловай стагоддзяў. Першы яго паверх быў закончаны ў XVII ст., другі паверх і іншыя пабудовы – у канцы XIX ст. Ніжні паверх мураваны і атынкаваны, уваход у яго з боку ракі. Перад уваходам на значнай адлегласці адна ад другой стаялі дзве часаныя з каменю калоны. Напэўна, раней на іх трымаўся дах. А з дабудовай другога паверха яны сталі падтрымліваць рызаліт.
Будаўнічым матэрыялам для другога паверха былі дубовыя бярвенні. 3 яго ўзвядзеннем галоўны ўваход быў перанесены на супрацьлеглы бок. На рызаліце другога паверха была галерэя з маленькіх калон, крытая дошкамі. 3 боку ракі, але на той самай вышыні, месцілася лоджыя. Пасля пабудовы другога паверха ўнізе размясціліся кухня, пякарня, склеп, гаспадарчыя памяшканні. Праз усе паверхі праходзілі два вялікія коміны. Наверсе знаходзілася сталовая. Па абодвух баках калідора месціліся па тры пакоі. Ля лоджыі знаходзіліся яшчэ два пакоі. Прыхожая была аздоблена пад натуральнае дрэва. Вокны выраблены нібы з двух частак: ніжняя – простакутная, верхняя нагадвала паўкруглы вітраж.
У даўнія часы пакоі былі абабіты тканінай, у міжваенны час іх аклеілі шпалерай. Цікавымі з'яўляліся вялікія грубкі з бронзавай, белай, жоўтай кафлі XVIII–XIX стст., упрыгожанай арнаментам. Падлога выкладзена з паркета рознымі ўзорамі. Жалезныя клямкі ў дзвярах пакояў былі кавальскай работы.
Паблізу дома, направа, знаходзіўся лямус. Як і дом, ён двухпавярховы. У ніжнім, мураваным, былі лядоўня, склеп, а ў верхнім, драўляным, знаходзіўся склад для сушэння сыроў. Гэты будынак таксама быў крыты гонтам, існавалі сляды галерэі, якая акружала лямус на вышыні паўпаверха. Перад домам знаходзіліся вялікія газоны. Дарога ад ракі была абсаджана дэкаратыўнымі кустамі. Да самой сядзібы вяла кіламетровая алея надвісленскіх таполяў. Пірамідальныя таполі і старыя каштаны аздаблялі ўезд у сядзібу. Налева ад дома цягнуўся сад, абсаджаны бэзам. Дарога паміж домам і садам вяла ад ракі, справа знаходзіўся парк для прагулак са шматлікімі сцежкамі, алеямі, абсаджанымі дэкаратыўнымі кустамі, серабрыстымі і бальзамічнымі таполямі, чаромхай. Адсюль вяла маляўнічая сцежка ў даліну векавых дубоў і ліп.
Сядзіба разбурана ў 1960–1970-я гады і захавалася толькі часткова.
ЛІТАРАТУРА
1. Ермалёнак, В. Палац у Міжрэччы / В. Ермалёнак // Краязнаўчая газета. – 2004. – № 34 (верас.). – С. 3.
2. Ермалёнак, В. А. Сядзіба ў Міжрэччы / В. А. Ермалёнак // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 569–570.
3. Усадьба в Междуречье // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост.: В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 8.