Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.04.2023 13:24
- Адноўлена 11.04.2023 13:24
Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў размешчаны ля падножжа Юр'евай гары ў заходняй частцы горада, у Чыгуначным раёне. Абмежаваны з паўднёвага боку вуліцай Някрасава, з заходняга – 9-й вуліцай Свярдлова, з паўночнага – 2-й вуліцай Войкава, з усходняга – 7-й вуліцай Свярдлова. Плошча каля – 2,5 га. У парку чыгуначнікаў высаджана каля 300 дрэў і кустоў розных парод (ясень звычайны, вярба белая, бяроза пухнатая, таполя канадская, клёны чырвоны і вастралісты, бэз і інш). У парку ёсць алея ў гонар 85-годдзя ЛКСМБ, закладзеная моладдзю Чыгуначнага раёна 24 верасня 2005 года. У цэнтры парку размешчана саджалка. З поўдня да парку прымыкае спартыўны комплекс «Лакаматыў».
Парк закладзены ў XIX ст. як сад Ялагі (Ялагінскі сад), але неаднаразова пераймяноўваўся. У студзені 1919 года перайменаваны ў сад Камуны. На плане Віцебска 1922 года гэта ўжо сад Свярдлова, пазней перайменаваны ў гонар партыйнага дзеяча Л. М. Кагановіча. У 1940-я гады парк атрымаў сучасную назву. Да рэвалюцыі ў садзе часта праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы (веласіпед, цяжкая атлетыка) У 1918 годзе быў зроблены першы ў горадзе летні спартыўны комплекс з пляцоўкамі для фехтавання, тэніса, барацьбы. У 1937 годзе быў пабудаваны летні тэатр.
Парк прызначаны для вельмі разнапланавага адпачынку. Тут ёсць футбольнае поле з варотамі і спартыўная пляцоўка для гульні ў баскетбол, тэнісны стол, бегавыя дарожкі, а таксама невялікая летняя эстрада (сцэна) для правядзення святаў, міні-мерапрыемстваў. Устаноўлены лавы-арэлі, альтанка на беразе саджалкі. У парку ёсць дзіцячы батут.
У 2017 годзе ў рамках маштабнага праекта па паляпшэнні дзіцячай гарадской інфраструктуры «Сочны дворык», ініцыятыва брэнда «Сочны», і пры падтрымцы віцебскага гарвыканкама ўстаноўлена дзіцячая гульнявая пляцоўка. У парку наладжана вячэрняе асвятленне. Парк абслугоўвае дзяржаўнае прадпрыемства «Зелянгас».
ЛІТАРАТУРА
1. Дощенко, М. Вчера и сегодня старого сада / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 10 окт. – С. 5.
2. Парк культуры и отдыха железнодорожников // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 277.
3. Сидорович, О. Танго и вальсы четырех поколений помнит этот парк / Сидорович // Железнодорожник Белоруссии. – 2002. – 19 февр. – С. 4.