Легенда аб утварэнні Тадулінскай дубровы
- Подробности
- Створана 02.05.2019 10:12
- Адноўлена 14.05.2019 11:29
На месцы пазней утворанай вёскі Тадуліна здаўна знаходзіўся маёнтак паноў Рэутаў, потым – Сляскіх, побач – фальварак Чаховічаў. Невядома, Рэут якога пакалення ў гонар нараджэння доўгачаканага сына ўласнаручна пасадзіў дубок пад акном свайго палаца. Калі нашчадак падрос, землеўладальнік даў яму наказ пры нараджэнні яго дзяцей высаджваць дубкі, і абавязаў рабіць гэта ўсім наступным пакаленням.
Наказ продка спраўна выконвалі нашчадкі. Пры нараджэнні чарговага Рэута дуброва папаўнялася маладым дубком. Раней пасаджаныя дужэлі. Таму выглядалі дубы няроўнымі па росту і ўзросту. Рэуты склалі спецыяльны план, у якім запісвалі, у гонар каторага з іх пасаджана тое ці іншае дрэва.
У 1878 годзе маёнткам кіраваў Станіслаў Рамуальдавіч Рэут. Пасля землеўладанні перайшлі ў спадчыну панам Сляскім. Можна толькі меркаваць, што дачка Станіслава Рэута выйшла замуж за нейкага Сляскага, і маладыя пасяліліся ў Тадуліне. Затым нейкім чынам побач з маёнткам (панскім дворам) з'явіўся фальварак (панская гаспадарка з комплексам будынкаў) Чаховічаў. Зноў можна толькі здагадвацца, што адна са спадчынніц Рэутаў ці Сляскіх выйшла замуж за нейкага Чаховіча, узяла яго прозвішча і прывяла на бацькоўскую сядзібу.
I Сляскія, і Чаховічы старанна працягвалі традыцыю Рэутаў, высаджваючы дубок пры нара-джэнні дзіцяці.
Даўно няма маёнтка і фальварка. Ад палаца засталіся толькі падмуркавыя валуны. Толькі велічэзныя дубы шумяць вершалінамі пасярод Тадуліна. Але не ўсе дрэвы-волаты ацалелі ў панскай дуброве. Многіх павалілі вятры, спалілі навальніцы, адолелі хваробы, знішчылі зламыснікі. Аднак адзін побач з Цар-дубам, а восем гігантаў крыху воддаль да гэтага часу радуюць вока аматарам прыроды і даўніны сваёй веліччу і сімвалічнасцю моцы людскіх традыцый. А пачыналася гэта гісторыя з Цар-дуба. Праўда, тады ён быў кволым дубком-дзіцяткам. Царом яго зрабілі стагоддзі і людское шанаванне.
Во дзіва! Цар-Дуб нарадзіў сабе нашчадка – пад кашлатымі шатамі цягнецца ў неба тонкі метровы дубок.
ЛІТАРАТУРА
1. Шушкевіч, У. Цар-дуб і яго браты / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2009. – 8 верас. – С. 3.