Віцебскі кандуктар, манументальна-дэкаратыўная скульптура. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.03.2022 08:24
- Адноўлена 11.03.2022 08:24
Манументальна-дэкаратыўная скульптура «Віцебскі кандуктар» усталявана на тэрыторыі трамвайнага дэпо (5-я вуліца Фрунзэ) каля помніка дарэвалюцыйнаму трамваю. Віцебскі скульптар Іван Казак стварыў помнік з кампазіцыйнага матэрыялу на аснове гістарычных дакументаў, прадстаўленых музеем гісторыі ВТТУ. Каб не памыліцца ў дэталях, ён вывучаў шматлікія матэрыялы, старыя фота.
Кампазіцыя ўяўляе сабой фігуру кандуктара – шчыльнага мужчыны ў шэрым каптане і фуражцы. Да 1914 года ў кандуктары бралі толькі мужчын з ліку возчыкаў. Яны павінны былі ведаць правілы вулічнага руху. На форменнай вопратцы і на фуражцы ў кандуктара бляха з нумарам – сучасны варыянт бэйджа. Так пасажыры пры неабходнасці маглі ведаць, хто іх абслугоўваў. У форменную вопратку кандуктара гарманічна ўпісаліся ланцужок ад кішэннага гадзінніка і квіток на 3 капейкі. Адзенне, фуражка, нагрудная бляха і ўсе астатнія дэталі знешняга выгляду кандуктара такія ж, як у пачатку XX ст.
«Віцебскі кандуктар» – сімвал усіх работнікаў трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення, якое працуе для пасажыраў, даніна памяці і павагі людзям, якія аддалі частку жыцця і душы сваёй справе. Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Віцебскі кандуктар» адбылося ў 2016 годзе ў рамках мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
ЛІТАРАТУРА
1. Дроздова, Н. Погладить кондуктора. На счастье / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 23 июля. – С. 6.
2. Петрова, Е. Потрите билетик на счастье / Е. Петрова // Витебские вести. – 2016. – 19 июля. – С. 6.
3. Старый трамвайчик и памятник кондуктору // Про Витебск : информационно-справочный каталог / гл. ред. И. Н. Макаренко ; отв. за вып. О. С. Ходырева. – [Минск, 2021]. – Вып. 7. – С. 48, 51.