Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат, ААТ. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 03.10.2017 12:23
- Адноўлена 14.03.2019 11:14
Сучасная назва | ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат» |
Былая назва | Дунілавіцкі райпрамкамбінат (1944) |
Пастаўскі райпрамкамбінат (1963) | |
Варапаеўскі райпрамкамбінат (1973) | |
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Дата заснавання | 1944 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. п. Варапаева |
Галіна | дрэваапрацоўчая прамысловасць |
Сайт | http://www.voropaevdok.by/ |
Заснаваны ў 1944 г. як Дунілавіцкі райпрамкамбінат (у 1947 адкрыта мэблевая фабрыка, у 1948 стала самастойнай, пабудаваны кафельны цэх, далучыўся лесазавод, у 1956 – кірпічны завод «Рудка»), аб'яднаўся ў 1957 г. з Дунілавіцкім харчкамбінатам (у 1962 далучана торфапрадпрыемства «Гаўрылавічы»). У 1963 г. перайменаваны ў Пастаўскі райпрамкамбінат (у 1965 г. выйшаў са складу прадпрыемства бытавога абслугоўвання, далучаны торфаўчасткі «Алтынка», «Кашыца», ліквідаваныя ў 1969, і Пастаўскі кірпічны завод, у 1966 пабудаваны шыферны цэх, харчовы цэх стаў самастойным). З 1973 г. Варапаеўскі райпрамкамбінат (у 1976 адкрыт цэх па вырабе матрацаў, у 1981 – зборкі корпуснай мэблі. У 1991 г. перайменаваны ў арэнднае прадпрыемства з сучаснай назвай, у 2000 – унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства, з 2004 – ААТ.
Спецыялізуецца на вытворчасці мэблі рознага функцыянальнага прызначэння: корпуснай (з ламініраванай драўняна-стружкавай пліты альбо абліцаванай натуральным драўняным шпонам), з масіва драўніны, мяккай мэблі, матрацаў; сталярных вырабаў па індывідуальных заказах.
Працоўная біяграфія Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната неразрыўна звязана з гісторыяй развіцця і станаўлення краіны. Пройдзены шлях адзначаны шматлікімі набыткамі. Былі на ім і спад вытворчасці, колькаснае памяншэнне калектыву. Але камбінат пры ўсіх эканамічных цяжкасцях і складанасцях заставаўся адным з вядучых прадпрыемстваў Пастаўшчыны. 3 1944 па 1960 гг. яго ўзначальвалі Б. I. Паляжаеў, Ф. Г. Воранаў, А. I. Мандрык, I. Ф. Баранаў, М. К. Фабрыцкі, Д. А. Траянаў, Н. Г. Кавалёў. У 70–80-я гг. вялікі ўклад у развіццё вытворчасці, стварэнне сацыяльнай сферы ўнеслі М. М. Каровін і С. М. Пляшкун. У наступны перыяд на чале калектыву былі Ч. М. Пляшкун, Л. I. Іванін, У. Ф. Статкевіч. 3 красавіка 2000 г. дырэктарам камбіната працуе А. С. Седзюкевіч.
Нягледзячы на змены кіраўніцтва, на прадпрыемстве пастаянна заставаўся касцяк з ліку рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія праяўлялі ініцыятыву, былі ў пастаянным пошуку, працягвалі традыцыі. Для жыхароў гарадскога пасёлка, бліжэйшых населеных пунктаў дрэваапрацоўчы камбінат стаў пастаянным месцам работы, другім домам. Тут працавалі і працуюць сем'ямі. Сярод іх дынастыі Арэхваў, Каралеўскіх, Радчанкаў, Сыгулаў, Смаленскіх, Седзюкевічаў, Гапонаў і іншых.
У першым паўгоддзі 2004 г. аб'ём таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах узрос у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 8,1 %. У агульным аб'ёме таварнай прадукцыі на долю мэблі з масіву прыпадае 33 %, больш паловы яе ідзе на экспарт. Вырабамі камбіната, убачыўшы асобныя яго ўзоры на адной са сталічных выстаў, зацікавіліся дзве фірмы з Францыі. На сённяшні дзень ужо асвоена і адпраўлена ў замежную краіну 25 узораў мэблі.
Структура прадпрыемства ўключае: вытворчыя цэхі корпуснай мэблі з масіва драўніны, матрацны, участкі раскройныя і па вырабе мяккай мэблі, інтрументны, пілараму, сушыльную гаспадарку, брыгаду па вырабе заказной прадукцыі; склады сыравіны і матэрыялаў, гатовай прадукцыі, аўтагаспадарку, кацельню, ГЭС.
З 2008 г. уведзены ў эксплуатацыю новае абсталяванне па апрацоўцы ламінаванай драўняна-стружкавыя пліты, пругаабліцаваныя і свідравальна-пазавальныя станкі.
Вырабляе (на 2010 г.): наборы мэблі для спальні, пярэдніх пакояў, гасцінай; наборы мяккай мэблі «Паліна»; разнастайныя камоды, тумбы, сталы-тумбы, сталы, крэслы і шафы, тахты рассоўныя; матрацы; з масіва драўніны наборы мэблі «Беларуская хата», у стылі «кантры» (для кафэ, бараў, рэстаранаў, дамоў катэджнага тыпу); мэблю офісную (наборы для кіраўніка, шафы, сталы, стэлажы і інш.); лаўкі, паліцы, вешалкі, дошкі апрацоўчыя.
З 2009 г. распрацоўваюць серыю мэблі для дашкольных устаноў. Экспартаваў прадукцыю ў Расію, Францыю, Вялікабрытанію, Германію, ЗША.
Адрас: Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. п. Варапаева, вуліца Завадская, д.1.
ЛІТАРАТУРА
1. Бут, А. Испытания пройдены, или К экспорту готовы! / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2011. – 10 марта. – С. 4.
2. Жучко, Н. Эффект «искусственного старения» / Н. Жучко // Рэспубліка. – 2005. – 26 жн. – С. 2.
3. О продукции ОАО «Воропаевский ДОК» // Народная газета. – 2005. – 1 окт. – С. 2.
4. Пашкевіч, Т. Ад банкруцтва выратавала мадэрнізацыя / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2016. – 17 нояб. – С. 3.
5. Прэстыж, даўгавечнасць, камфорт і максімум індывідуальнасці / падрыхт. П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2009. – 12 жн. – С. 4–5.
6. Рудковский, А. «Василинка», «Снежана», «Руслана» и другие / А. Рудковский // Народная газета. – 2010. – 21 снеж. – С. 7.
7. Сауліч, У. Варапаеўская чараўніца / У. Сауліч // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 20 студз. – С. 15.
8. Седюкевич, А. С. Воропаевский деревообрабатывающий комбинат / А. С. Седюкевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 278–279.