Глыбоцкі вопытны лясгас, ДДЛГУ. Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.10.2019 12:23
- Адноўлена 01.10.2019 13:49
Сучасная назва | ДДЛГУ «Глыбоцкі вопытны лясгас» |
Тып | дзяржаўная вопытная лесагаспадарчая ўстанова |
Дата заснавання | 1939 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае |
Галіна | лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасць |
Сайт | http://www.leshoz-glubokoe.ru/ |
Глыбоцкі вопытны лясгас быў утвораны ў 1939 г. У 1941 г. у ім налічвалася 5 лясніцтваў: Глыбоцкае, Галубіцкае, Залескае, Параф'янаўскае, Докшыцкае. Колькасць лясніцтваў і плошча лясоў неаднаразова змянялася. У 1945 г. Глыбоцкі лясгас увайшоў у склад Полацкага абласнога кіравання лясной гаспадаркі з 7 лясніцтвамі агульнай плошчай 72,5 тыс. га. У 1949 г. Пастаўскі лясгас перадаў Глыбоцкаму 8-е лясніцтва – Полаўскае. У 1956 г. з Параф'янаўскага і Докшыцкага лясніцтваў было арганізавана адно – Докшыцкае. Але на гэтым структурныя змены ў лясгасе не завяршыліся.
У 1963 г. з Глыбоцкага лясгаса перайшлі ў Пастаўскі лясгас Дунілавіцкае, Варапаеўскае і Полаўскае лясніцтвы.
1 кастрычніка 1968 года было арганізавана новае лясніцтва – Ліпаўскае.
У 1989 г. Глыбоцкаму лясгасу быў прысвоены статус «вопытны».
Галоўнай мэтай установы з'яўляецца захаванне і стварэнне высокапрадуктыўных, біялагічна ўстойлівых лясоў, якія адказваюць сучасным экалагічным, сацыяльным і эканамічным патрэбам грамадства і дзяржавы.
У цяперашні час у лясгасе працуе 296 чалавек.
У адміністрацыйна-гаспадарчай структуры лясгаса знаходзіцца 5 лясніцтваў: Глыбоцкае, Галубіцкае, Ліпаўскае, Тумілавіцкае і Узрэчскае, а таксама лесапаляўнічая гаспадарка, лесапункт, пастаянны базісны гадавальнік, рамонтна-механічны цэх, цэх дрэваапрацоўкі.
Пастаянны базісны гадавальнік Глыбоцкага вопытнага лясгаса ўжо шмат гадоў пацвярджае годнае званне «Узорны гадавальнік» і быў узнагароджаны граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
На тэрыторыі Глыбоцкага лясніцтва знаходзіцца ўнікальны па сваёй разнастайнасці і шматлікасці раслін дэндралагічны сад, у калекцыі якога налічваецца 550 відаў драўняных раслін. Рашэннем дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі дэндралагічны сад абвешчаны «Дзяржаўным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння».
Кіруе гаспадаркай Гайдук Сяргей Васільевіч.
Адрас: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае, вуліца Пралетарская, д. 15.
ЛІТАРАТУРА
1. Дронь, С. Базисный питомник Глубокского опытного лесхоза – лучший / С. Дронь // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 18 лют. – С. 3.
2. Жнивень, А. Глубокое: жемчужина в центре Европы / А. Жнивень // СБ. Беларусь сегодня. – 2019. – 12 янв. – С. 20.
3. Лясная быль / падрыхт. А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 15 верас. – С. 1, 4.
4. Морхат, О. В. Место притяжения – Глубокое / О. В. Морхат ; беседовала С. Сыритская // СБ. Беларусь сегодня. – 2017. – 25 мая. – С. 8–9.
5. Панкрат, А. Выращиваем леса по новым технологиям / А. Панкрат // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 31 кастр. – С. 4.
6. Панкрат, А. Глубокские доски английского размера / А. Панкрат // Веснік Глыбоччыны. – 2019. – 2 лют. – С. 1–2.
7. Панкрат, А. «Лес – молодёжь – будущее» / А. Панкрат // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 30 кастр. – С. 5.