Ушацкі лясгас, ДЛГУ. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 11.05.2020 12:23
- Адноўлена 11.05.2020 10:29
Сучасная назва | ДЛГУ «Ушацкі лясгас» |
Тып | дзяржаўная вытворчая лесагаспадарчая установа |
Дата заснавання | 1936 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы |
Галіна | лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасць |
Сайт | http://ushles.by/ru |
Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Ушацкі лясгас» была створана ў 1936 годзе. Па стане на 1 студзеня 1940 года лясгас займаў плошчу 29779 га, у яго склад уваходзіла 4 лясніцтвы: Глыбачанскае – 3959 га, Вялікадолецкае – 15291 га, Плінскае – 5452 га, Ушацкае – 5077 га. У 1954 годзе Ушацкі лясгас быў ліквідаваны, яго плошча перайшла ў склад Лепельскага лясгаса, а ў 1960 годзе зноў адноўлены. Да яго далучылася яшчэ і Весніцкае лясніцтва. Потым яно было перайменавана ў Косарскае. У 1969 годзе арганізавана Кубліцкае лясніцтва. У 2000 годзе ва Ушацкім лясгасе створана Сарочынскае лясніцтва.
Ушацкі лясгас размешчаны ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці на тэрыторыі Ушацкага адміністрацыйнага раёна. Падпарадкоўваецца лясгас Віцебскаму ДВЛГА. Працягласць яго тэрыторыі з поўначы на поўдзень – 37 км, з усходу на захад – 80 км. У цяперашні час у склад Ушацкага лясгаса, як і раней, уваходзіць 7 лясніцтваў: Ушацкае, Глыбачанскае, Вялікадолецкае, Косарскае, Кубліцкае, Плінскае, Сарочынскае. Плошча лясгаса на 1 студзеня 2018 года складала 73485,5 га, у тым ліку пакрытая лесам – 63877,9 га. Лясгас мае лесагадавальнік плошчай каля 5 га.
У адпаведнасці з існуючым лесараслінным раянаваннем тэрыторыі рэспублікі Ушацкі лясгас размешчаны ў падзоне шырокаліста-яловых (дубова-цёмнахваёвых) лясоў і ставіцца да Полацкага ляснога комплексу Заходне-Дзвінскага лесарасліннага раёна. Клімат раёна забяспечвае аптымальныя ўмовы для росту такіх парод як хвоя, елка, бяроза барадаўчатая, асіна, вольха шэрая.
Дрэваапрацоўчая вытворчасць пры лясгасе адкрылася ў 70-я гг. Сёння асноўная прадукцыя прадпрыемства: лесаматэрыялы круглыя хвойных і ліставых парод, балансавая драўніна, фанерная сыравіна, дровы паліўныя, тэхналагічная сыравіна, піламатэрыялы абразныя і неабразныя, дранка, тавары народнага спажывання, нарыхтоўка навагодніх елак, нарыхтоўка бярозавіку, рэалізацыя пасадкавага матэрыялу і насення, арганізацыя паляўнічых тураў. Прадукцыя лясгаса (дошкі, брусы) экспартуецца ў замежныя краіны. У лістападзе 2019 года была ўстаноўлена новая лінія па вырабу калкоў, драўляных акораных бярвенцаў. У снежні першая партыя была адгружана ў Англію для гаспадарчага выкарыстання. Тонкая драўніна, якая высякаецца пры рубках догляду раней выкарыстоўвалася толькі на шчапу ці на дровы, зараз прыносіць валюту, прычым пры вельмі кароткім вытворчым цыкле. Дарэчы, абкораныя калкі маюць прымяненне не толькі за мяжой, але і ў Беларусі.
У лясгасе дзейнічаюць школьныя лясніцтвы. Штогод школьнікі аказваюць дапамогу ў праполцы саджанцаў, агароджы мурашнікаў, развешванні сінічнікаў. Найбольш актыўна дзейнічае школьнае лясніцтва ў Арэхаўскай СШ.
На тэрыторыі Ушацкага лясніцтва знаходзіцца дэндрапарк. На сёняшні дзень у ім каля 40 відаў раслін: ад рабіны звычайнай і блакітнай елкі да маньчжурскага арэха і японскай спірэі. Штогод работнікі лясгаса клапоцяцца не толькі пра папаўненне відавай разнастайнасці, але і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі.
ДЛГУ «Ушацкі лясгас» належыць турыстычны комплекс «Дом паляўнічага». Ён быў пабудаваны ў 1999 годзе на беразе маляўнічага воз. Вятчанскае. Першапачаткова разлічваўся на паляўнічых, аднак сёння тут з задавальненнем прымаюць усіх, хто жадае адпачыць. Умовы пражывання на вышэйшым узроўні – у двухпавярховым катэджы некалькі пакояў, у якіх свабодна размесціцца больш за 10 чалавек, маецца кухня, гасціная, душавы пакой і поўны набор бытавых электрапрыбораў. Прадугледжаны більярдны і тэнісны стол, прасторная лазня з парылкай і пакоем для адпачынку. На тэрыторыі размешчаны альтанкі, абсталяваныя мангаламі. Можна пакатацца на лодцы ці пазагараць на плывучым пантоне. Усім жадаючым прапануюць наведаць глушцовыя такавішчы, бабровыя пасяленні і спецыяльныя вышкі для назірання за жывёламі. Зімой можна пакатацца на снегаходзе, а ўлетку ўзяць у арэнду веласіпед.
Адрас: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы, вуліца Лясная, д. 6.
ЛІТАРАТУРА
1. Вергейчик, М. Ушачские приобретения / М. Вергейчик // Белорусская лесная газета. – 2004. – 12 жн. – С. 4.
2. Кавалеўская, К. Свой лёс звязалі з лесам / К. Кавалеўская // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 31 сак. – С. 1, 4.
3. Камаркова, В. Дэндрапарк абнаўляецца / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 17 ліп. – С. 5.
4. Камаркова, В. «Мірны» рай на беразе Ветча / К. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 15 чэрв. – С. 5.
5. Камаркова, В. Чатыры крыніцы сямейнай гармоніі / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 30 снеж. – С. 1–2.
6. Караленка, В. Лес без гаспадара – не лес / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2003. – 20 верас. – С. 2.
7. Караленка, В. Раней ішлі ў топку, зараз прыносяць валюту / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 10 студз. – С. 1, 4.
8. Лесное хозяйство // Ушачский район : информационный справочник. – Новополоцк : Новополоцкая типография, 2001. – С. 4–5.
9. Пашковіч, А. База вабіць паляўнічых з Еўропы / А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 2009. – 8 жн. – С. 3.
10. Пашковіч, А. Працуем на карысць прыродзе / А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 2002. – 14 верас. – С. 2.
11. Працуюць на сябе і будучыя пакаленні / падрыхт. Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2013. – 14 верас. – С. 4.
12. Раманоўскі, Д. З лесам звязаны лёсам / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 19 верас. – С. 4.
13. Раманоўскі, Д. З мячом у руках – за самай мірнай справай / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 8 крас. – С. 1.
14. Раманоўскі, Д. «Карані» будучага лесу / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2013. – 28 верас. – С. 5.
15. Раманоўскі, Д. Справа жыцця / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 19 верас. – С. 4.
16. Раманоўскі, Д. «Сталіца» зялёнага багацця Ушаччыны / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 16 верас. – С. 1, 4.
17. Рудасаў, А. П. Што маем, прымножым / А. П. Рудасаў ; гутарыў Р. Карпаў // Патрыёт (Ушачы). – 2006. – 15 лют. – С. 1–2.
18. Сытник, И. Красота, помноженная на пользу / И. Сытник // Віцебскі рабочы. – 2005. – 27 жн. – С. 3.
19. Шпаковская, Г. Знай, с кого брать пример / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2017. – 15 июня. – С. 22.