Лепельскі малочнакансервавы камбінат, ААТ. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 30.04.2019 12:23
- Адноўлена 30.04.2019 09:38
Сучасная назва | ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» |
Былая назва | Лепельскі малочны камбінат |
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Дата заснавання | 1951 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Сайт |
Лепельскі малочны камбінат быў створаны ў красавіку 1951 года.
З 1962 года ў склад камбіната ўваходзілі Докшыцкі, Новалукомльскі, Бешанковіцкі і Ушацкі малочныя заводы. Сыравінную базу складалі пяць адміністрацыйных раёнаў Віцебскай вобласці. На момант уводу ў эксплуатацыю на камбінаце было ўстаноўлена абсталяванне для вытворчасці сухога малака, выпарныя ўстаноўкі і маслааддзяляльнік.
У 1970 годзе была праведзена рэканструкцыя камбіната з мэтай уводу ў эксплуатацыю новага абсталявання, якое дазволіла павялічыць вытворчую магутнасць па сухіх кансервах да 6,4 тон у змену, а таксама двух струменевых ліній па выпрацоўцы масла.
У 1992 годзе, у выніку рэарганізацыі Лепельскага малочнага камбіната, з яго складу былі выведзены і перададзены Віцебскаму абласному вытворчаму аб'яднанню мясамалочнай прамысловасці Докшыцкі, Новалукомльскі і Бешанковіцкі малочныя заводы.
У 2002 годзе на прадпрыемстве была ўведзена ў эксплуатацыю лінія па вытворчасці марожанага італьянскай фірмы «Carpigiani» прадукцыйнасцю 1000 штук у гадзіну. Акрамя таго, прадпрыемствам набыта абсталяванне і асвоены выпуск натуральнамалочнай прадукцыі ў поліэтыленавую плёнку і папяровыя пакеты тыпу «Пюр-пак», што спрыяла пашырэнню асартыменту выпускаемай прадукцыі і выхаду прадпрыемства на новыя рынкі збыту.
У 2002 годзе Лепельскі малочны камбінат быў рэарганізаваны ў ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат».
З гэтага ж года да ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» на правах філіялаў далучаны ААТ «Докшыцкі малочны завод» і ААТ «Бешанковіцкі малочны завод» , з 2008 года – ААТ «Талачынскі масласырзавод».
У 2005 годзе да камбіната далучылі СВК «Стары Лепель». Сёння гэта – вытворчы філіял «Заазер'е», які спецыялізуецца на жывёлагадоўле. Прыкладна ў 2013 годзе яны пайшлі на эксперымент – сталі выпаіваць цялят заменнікамі малака на аснове малочна-тлушчавых канцэртатаў уласнай вытворчасці. У 2014-м гэты вопыт распаўсюдзіўся на сельгаспрадпрыемствы ўсёй сыравіннай зоны малочнакансервавага камбіната, у якую ўваходзяць Лепельскі, Ушацкі, Докшыцкі, Бешанковіцкі і Талачынскі раёны.
З ліпеня 2008 года са складу камбіната выдзелены Сенненскі філіял.
З 2015 года прыступілі да масавай вытворчасці сухога хуткарастваральнага малака з цукрам для аўтаматаў па падрыхтоўцы кавы. Гэтую прадукцыю экспартуюць у Расійскую Федэрацыю і ў краіны Мытнага саюза.
З першага чэрвеня 2017 года ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» увайшоў у буйное інтэграванае фарміраванне на базе Віцебскага мясакамбіната і стаў філіялам «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».
У рамках мадэрнізацыі ў 2017 годзе завяршылі рэканструкцыю шэраг вытворчых будынкаў: старой кацельні – пад склад гатовай прадукцыі (сухога малака) умяшчальнасцю 800 тон; трансфарматарнай падстанцыі – пад пральню для спецадзення.
Мадэрнізацыя малочнакансервавага камбіната непарыўна звязана з пашырэннем сыравіннай базы. Павялічаны плошчы ворных зямель, своечасова праводзяцца пасяўная і ўборачная кампаніі, нарыхтоўка кармоў для буйной рагатай жывёлы.
У 2018 годе вялася работа па набыцці і пуску ў вытворчасць лініі па разліве малочнай прадукцыі ва ўпакоўку тыпу PURE-PAK магутнасцю 2500 пакетаў за гадзіну.
Зараз ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» з'яўляецца вядучым вытворцам сухога малака і масла на Віцебшчыне, якое экспартуе гатовую прадукцыю ў Расію, Венесуэлу, Казахстан, Азербайджан і іншыя краіны.
Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, горад Лепель, Барысаўскі тракт, 120.
ЛІТАРАТУРА
1. Васильев, Н. «Лепелька» завоевывает уважение / Н. Васильев // Советская Белоруссия. – 2011. – 25 нояб. – С. 21.
2. Владимиров, С. Прибыль в сухом остатке / С. Владимиров // Советская Белоруссия. – 2015. – 22 янв. – С. 10.
3. Волкова, Л. Когда сыр «плачет», мастер смеется / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 26 нояб. – С. III.
4. Заградский, В. Любимая «Лепелька» / В. Заградский // Народная газета. – 2011. – 30 сак. – С. 5, 8–9.
5. «Лепелька» молочной росы // Народная газета. – 2008. – 1 сак. – С. 4.
6. «Лепелька» – народный знак качества // Віцебскі рабочы. – 2012. – 7 сак. – С. 10.
7. Ляшук, С. Стратегический продукт / С. Ляшук // Витебские вести. – 2017. – 13 апр. – С. 3.
8. Телятко, Е. На уровне мировых стандартов / Е. Телятко // Витебские вести. – 2015. – 25 июня. – С. 3.
9. Телятко, Е. От Лепеля до Венесуэлы известна продукция с брэндом «Лепелька» / Е. Телятко // Віцебскі рабочы. – 2009. – 14 нояб. – С. 4.
10. Телятко, Е. Теперь и для кофе-машин / Е. Телятко // Витебские вести. – 2015. – 19 сент. – С. 4.
11. Чистое удовольствие от «Лепельки» // Народная газета. – 2011. – 5 кастр. – С. 4.
12. Шпаковская, Г. «Лепелька» в новом формате / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2018. – 16 янв. – С. 3.