Шаркаўшчынскі кансервавы завод», філіял ПУП «Полацкая ўніверсальная база. Шаркаўшчынскі раён, г. п. Шаркаўшчына
- Подробности
- Створана 05.03.2020 12:23
- Адноўлена 05.03.2020 15:04
Сучасная назва | «Шаркаўшчынскі кансервавы завод», філіял ПУП «Полацкая ўніверсальная база» |
Тып | камунальнае ўнітарнае вытворчае сельскагаспадарчае прадпрыемства |
Дата заснавання | 1958 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Шаркаўшчынскі раён, г. п. Шаркаўшчына |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Шаркаўшчынскі кансервавы завод утвораны ў 1958 годзе. Прадпрыемства размешчана ў г. п. Шаркаўшчына.
Асноўным відам дзейнасці прадпрыемства з'яўлялася сушка цыбулі і іншай агародніны і садавіны. Першапачатковая праектная магутнасць завода – 44 тоны сушанай прадукцыі ў сезон.
Першым дырэктарам завода быў Бондар Канстанцін Юльянавіч.
На 1 студзеня 1959 года асноўныя сродкі прадпрыемства складалі 140379,34 руб.
Завод хутка развіваўся. Ужо ў 1968 годзе на прадпрыемстве выпрацоўвалі, акрамя сушанай бульбы, садавінна-агароднінныя кансервы і садавінна-ягадныя сокі.
У галоўным корпусе завода ўжо знаходзіліся наступныя цэхі: кансервавы і цэх па выпрацоўцы сокаў.
Летам 1969 года на прадпрыемстве прайшоў перыяд першай рэканструкцыі, пасля чаго яго вытворчая магутнасць значна павялічылася.
У 1979 годзе аб'ём рэалізацыі прадукцыі склаў ужо больш за 2 млн. руб., а план рэалізацыі выконваўся на 106 %. У гэты час на заводзе працавала 288 чалавек.
Прадпрыемства паспяхова развівалася, аб'ём вытворчасці быў даведзены да 2,5 млн. руб. Работнікі мелі стабільную і высокую зарплату, сацыяльныя гарантыі.
У 1999 годзе на Шаркаўшчынскім кансервавым заводзе быў пабудаваны цэх для выпуску мясных і мяса-раслінных кансерваў.
Прадпрыемства ажыццяўляла пастаўкі сваёй прадукцыі па ўсёй Беларусі і ў краіны блізкага замежжа – Расію і Латвію.
У 90-я гг. завод перажыў перыяд заняпаду, але, дзякуючы сумесным намаганням райвыканкама і аблспажыўсаюза, ён выстаяў і адаптаваўся да рыначнай абстаноўкі.
У 2002 г. на прадпрыемстве пачаўся новы этап. Была набыта лінія па разліве садавінна-ягадных він у бутэльку ёмістасцю 0,7 л.
Вытворчая структура філіяла на дадзеным этапе ўключае ў сябе вінныя, купажны і кансервавы цэхі, агароднінасушылку, вытворчую лабараторыю, складскія памяшканні.
У цяперашні час прадпрыемства вырабляе наступныя віды прадукцыі: садавінна-агароднінныя, мяса-раслінныя і мясныя кансервы, садавінна-ягаднае віно палепшанай якасці, сокі, кісялі, пюрэ сульфатызаванае, паўфабрыкаты, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы.
У 2007 годзе на Шаркаўшчынскім кансервавым заводзе ўкаранёна Міжнародная сістэма якасці НАССР у вінным цэху.
Пры падвядзенні вынікаў работы арганізацый сістэмы спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці калектыву Шаркаўшчынскага кансервавага завода двойчы было прысвоена 1-е месца з уручэннем Ганаровага дыплома I ступені.
На сучасным этапе на прадпрыемстве працуе 140 чалавек. Кіруе заводам Макаранка Сяргей Мікалаевіч.
Адрас: Віцебская вобласць, Шаркаўшчынскі раён, г. п. Шаркаўшчына, вуліца Савецкая, 41а.
ЛІТАРАТУРА
1. Макаренко, С. Н. Шарковщинский консервно-овощесушильный завод / С. Н. Макаренко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 601.
2. Чарняўская, В. Калектыў ствараюць людзі / В. Чарняўская // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2017. – 11 кастр. – С. 1.
3. «Человек года Шарковщины» // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 3 крас. – С. 2.