Ушацкі, філіял ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 11.05.2020 12:23
- Адноўлена 11.05.2020 10:59
Сучасная назва | філіял «Ушацкі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» |
Былая назва | КУВП «Ушацкі вентсанутыльзавод» |
Тып | філіял закрытага акцыянернага таварыства |
Дата заснавання | 2007 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Старое Сяло |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Спачатку завод у в. Старое Сяло Ушацкага раёна быў заводам мясакоснай мукі, які вырабляў інгрэдыенты для вытворчасці камбікармоў. Аналагічныя прадпрыемствы ствараліся ва ўсіх абласцях для перапрацоўкі адходаў забойных цэхаў. Тое, што не падыходзіла для мясакамбінатаў, адпраўлялі для вытворчасці бялковых дабавак да камбікорму. Але на рубяжы 90-х гг. ХІХ і пачатку ХХІ стст. прадпрыемства не змагло перажыць эканамічныя цяжкасці і вымушана было закрыцца. У 2007 годзе камунальнае ўнiтарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі вентсанутыльзавод» стаў філіялам ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Але, нягледзячы на цяжкія часы, былі захаваны вытворчыя памяшканні, некаторае абсталяванне.
Сёння прадпрыемства займаецца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка, што выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў. Новы ўладальнік паступова мадэрнізаваў вытворчасць, закупіў сучаснае абсталяванне, якое і дало магчымасць у разы павялічыць аб'ёмы выпуску прадукцыі. Калі раней з адходаў ад перапрацоўкі птушкі і свіней выраблялі 70–80 тон дабавак у месяц, то ў 2019 годзе выпусцілі 300 тон бялкова-тлушчавага абагачальніка. Раней яны закупляліся за мяжой і абыходзіліся нятанна. Засваенне сваёй імпартазамяшчальнай прадукцыі дазволіла павысіць эфектыўнасць і эканамічнасць прадпрыемства.
Філіял «Ушацкі» не толькі эканоміць валюту, але і замыкае поўны цыкл безадходнай вытворчасці. Зараз сыравінай служаць тэхналагічныя адходы ад забою птушкі і свіней з ТАА «Вітконпрадукт», што знаходзіцца ў Шуміліне і ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Яна дастаўляецца ў спецыяльных кантэйнерах і паступае ў цэх для перапрацоўкі.
Уся прадукцыя філіяла сертыфікавана. Адпраўляецца яна на філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», выкарыстоўваецца пры вытворчасці камбікармоў для свінакомплексаў і птушкафабрык. Кантроль якасці прадукцыі жорсткі і шматузроўневы, пачынаецца ён ад паступлення сыравіны. Першасная праверка абагачальніка ажыццяўляецца непасрэдна на заводзе, потым пробы адпраўляюцца ў раённую ветбаклабараторыю. А канчатковы вердыкт выносяць спецыялісты філіяла «Лепельскі» – тут ідзе праверка не толькі на бяспеку, але і на наяўнасць бялка. І пастаянны кантроль экалагічнай службы.
Вытворчасць у філіяле «Ушацкі» пастаянна мадэрнізуецца, а тэхналогіі ўдасканальваюцца. У 2019 годзе на заводзе асвоілі выпуск тэхнічнага тлушчу, які таксама дабаўляецца ў кармавыя сумесі, тым самым павышаючы іх энергетычную каштоўнасць.
Сёння ў філіяле працуюць каля 70 чалавек, а калі завод аднаўляў сваю дзейнасць, было менш 30. Гэта аператары, іх памочнікі, электрыкі, зваршчыкі. Паляпшаюцца ўмовы працы – паступова ідзе рамонт памяшканняў, абсталяванне душавых, раздзявалак, пакояў для адпачынку.
Удзяляецца ўвага і добраўпарадкаванню тэрыторыі: каля галоўнага ўвахода пасаджаны разнастайныя кветкі. Сваімі сіламі зроблена бетонная агароджа, тратуарная плітка.
Адрас: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Старое Сяло.
ЛІТАРАТУРА
1. Демьянович, Е. Деньги лежат под ногами / Е. Демьянович // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 7 дек. – С. 2.
2. Камаркова, В. Неаходнае звяно / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 13 верас. – С. 1, 3.
3. Камаркова, В. Прамысловы лідар Ушаччыны / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 12 снеж. – С. 1, 4
4. Пастернак, Т. Полезные добавки в комбикорма выпускает филиал «Ушачский» ЗАО «Витебскагропродукт» / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 23 янв. – С. 3.
5. Телятко, Е. Новые горизонты старого завода / Е. Телятко // Витебские вести. – 2017. – 6 апр. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
филиал «Ушачский» закрытого акционерного общества «Витебскагропродукт»