Міёрскі камбікормавы завод, філіял ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Мёрскі раён, г. Мёры
- Подробности
- Створана 24.09.2020 12:23
- Адноўлена 24.09.2020 11:20
Сучасная назва | «Міёрскі камбікормавы завод», філіял ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» |
Былая назва | ААТ «Міёрскі камбікормавы завод» |
Тып | філіял |
Дата заснавання | 1971 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Мёры |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Філіял ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» як самастойнае прадпрыемства – «Міёрскі камбікормавы завод» – пачаў сваю дзейнасць у 1971 годзе. Папярэднікам камбікормавага завода была нарыхтоўчая насенная кантора, якая месцілася на ўскрайку г. Мёры у невялікай прыватнай хатцы з 1949 года. Яна мела невялікія драўляныя немеханізаваныя склады ў райцэнтры, Друі і Новым Пагосце, іх абслугоўвала 15 чалавек. Неўзабаве пачалі ўкараняцца прасцейшыя электрамеханізмы, потым будавацца тыпавыя збожжасклады. Да 1969 года іх агульная ёмістасць склала 9400 тон. Пераломным для прадпрыемства стаў 1969 год, калі пачалі закладку фундамента камбікормавага цэха праектнай магутнасцю 50 тон камбікорму ў суткі. У снежні 1971 года і пачаў сваю дзейнасць камбікормавы завод. Нарэшце, ён запрацаваў на поўную магутнасць. У канцы пяцігодкі яна павялічылася ў 3 разы.
За перыяд эксплуатацыі завода выкананы вялікі аб'ём работ па механізацыі і аўтаматызацыі вытворчасці. Былі зманціраваны 5 лентачных транспарцёраў даўжынёй 300 м, устаноўлены тэхналагічныя лініі солі і крэйды. Шмат зроблена па механізацыі працаёмкіх працэсаў. Пабудаваны механізаваны склад на 2,3 тыс. тон, валакушы ТБ-5, праведзена рэканструкцыя норыйнай вышкі, завершана будаўніцтва вагонных вагаў на 150 тон, узведзены сенасклад на 200 тон, пажарнае дэпо і гараж. З 2010 па 2014 гг. на заводзе ўсталявалі самае сучаснае на той момант дацкае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму, з'явілася магчымасць вырабляць камбікорм, у склад якога ўваходзяць 28 кампанентаў.
Для павышэння эфектыўнасці гаспадарання, зніжэння затрат на вытворчасць, выхаду на прыбытковую працу ў 2016–2017 гг. на Віцебшчыне было запланавана правядзенне рэарганізацыі аграпрамысловага комплексу. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта РБ ад 25 жніўня 2016 года «Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці» было прапанавана рэарганізаваць шэраг прадпрыемстваў галіны шляхам далучэння да іх 37 арганізацый АПК. У холдынг на чале з ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» увайшло і ААТ «Міёрскі камбікормавы завод». Сёння «Міёрскі ККЗ» – філіял ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».
На сучасным этапе напрамкамі дзейнасці прадпрыемства з'яўляюцца: вытворчасць мукі, круп; гатовых кармоў для сельскагаспадарчых жывёл; вытворчасць цеплавой энергіі цеплавымі электрастанцыямі, самастойнымі кацельнямі; цеплазабеспячэнне; гандаль збожжам, насеннем і кармамі для сельскагаспадарчых жывёл; гандаль жывёламі, мясам, мяснымі і малочнымі прадуктамі, яйкамі, харчовай алеяй і тлушчам і інш.
Міёрскі камбікормавы завод пастаўляе гаспадаркам Мёрскага, Верхнядзвінскага, Браслаўскага, Сенненскага, Шаркаўшчынскага і іншых раёнаў звыш 10 відаў камбікармоў для буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі. Для насельніцтва прадпрыемства выпускае высакаякасную муку і ячныя крупы.
У розныя гады завод з'яўляўся пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па ўкараненні дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, вытворчых паказчыкаў.
Адрас: Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Мёры, вуліца Вакзальная, 13.
ЛІТАРАТУРА
1. Дедюро, Л. И буренки лакомиться любят / Л. Дедюро // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 6 кастр. – С. 2.
2. Ивченко, Л. С минимальной погрешностью / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2016. – 20 февр. – С. 3.
3. Кавалевіч, А. Волат на пустэчы : нарысы / А. Кавалевіч. – Полацк : Славянскі шлях. – 2000.– 179 с.
4. Мателенок, И. Влага, выйди вон! / И. Мателенок // Міёрскія навіны. – 2018. – 10 кастр. – С. 2.
5. Мателенок, И. За успехом – лицо труженика / И. Мателенок // Міёрскія навіны. – 2019. – 16 лістап. – С. 4.
6. Матэленак, Л. Заслугі не забываюцца / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2018. – 21 крас. – С. 4.
7. Матэленак, Л. На камбікормавым раўнамернае напружанне / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2020. – 18 жн. – С. 1, 4.
8. Матэленак, Л. Чакаем зерне новага ўраджаю Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2019. – 9 ліп. – С. 3.
9. Миорский комбикормовый завод // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 128.
10. Озерский, А. Завод вышел на прибыль / А. Озерский // Витебские вести. – 2019. – 24 окт. – С. 5.
11. Пашкевіч, Т. Думаць на перспектыву / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2017. – 11 апр. – С. 3.
12. Пашкевіч, Т. Не спыняцца на дасягнутым / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2015. – 7 апр. – С. 3.
13. Пашкевіч, Т. Праца светлая і радасная / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2019. – 10 авг. – С. 3.
14. Пашкевіч, Т. У рэжыме строгай эканоміі / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2018. – 6 нояб. – С. 3.
15. Пашкевіч, Т. Ушанаваны за вынікі працы / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2020. – 7 мая. – С. 6.
16. Танін, П. Добры пачатак / П. Танін // Сцяг працы (Міёры). – 2000. – 5 жн. – С. 2.
17. Яцкевич, Т. «Шведский стол» для хрюшек / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2010. – 24 дек. – С. 6.