Крынкі, КУСП. Лёзненскі раён, аг. Крынкі
- Подробности
- Створана 09.12.2019 12:23
- Адноўлена 09.12.2019 09:10
Сучасная назва | КУСП «Крынкі» |
Былая назва | племзавод па вырошчванні бычкоў для племянных станцый |
племсаўгас «Крынкі» | |
Тып | камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства |
Дата заснавання | 1918 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, аг. Крынкі |
Галіна | сельская гаспадарка |
Як сведчаць архіўныя дакументы, у лістападзе 1918 года памешчыцкі маёнтак «Крынкі» Высачанскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні быў нацыяналізаваны і на яго базе быў створаны племсаўгас «Крынкі».
У 1920 годзе ў племсаўгасе «Крынкі» было: зямлі – 325 дзесяцін, з іх ворыўнай – 196, лугавой – 69 дзесяцін, садовай – 5. Астатняя зямля знаходзілася пад лясамі, дарогамі і іншымі ўгоддзямі. Усяго сельскагаспадарчых жывёл тады налічвалася 18, у тым ліку 11 коней, 3 свінні, 4 авечкі і 38 галоў птушкі.
На тэрыторыі племсаўгаса знаходзілася 2 касцёлы і ніводнай школы, не было і медыцынскіх работнікаў. Насельніцтва было ў асноўным непісьменным. Таму адміністрацыя, партыйны і працоўны камітэт шмат увагі надавалі ліквідацыі непісьменнасці.
Ужо ў 1924 годзе саўгас становіцца адным з лепшых гаспадарак рэспублікі. У лютым 1924 года павятова-зямельным аддзелам пры ўдзеле мясцовага агранома былі арганізаваны мясцовыя курсы па жывёлагадоўлі, садаводстве, паляводстве і пчалярстве. Лекцыі суправаджаліся кінапаказам і табліцамі.
З году ў год племсаўгас «Крынкі» паляпшаў сваю вытворча-фінансавую дзейнасць і ў 1938 годзе зноў стаў адным з лепшых саўгасаў краіны.
За выдатныя поспехі ў галіне сельскай гаспадаркі і перавыкананне паказчыкаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі на працягу 2 гадоў (1937–1938) Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 лютага 1940 года племсаўгас «Крынкі» быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У маі 1942 года большасць работнікаў сышлі ў партызанскую брыгаду імя Данукалава.
Самаадданай працай народную гаспадарку аднавілі. У 1960 годзе за дасягненні ў вытворчасці свініны звання Героя Сацыялістычнай Працы была ўдастоена Марыя Ігнатава. Даярка Надзея Васільеўна Паўлючкова была ўзнагароджана ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Такія ж узнагароды былі ў механізатара А. С. Старавойтава.
У жніўні 1973 года саўгас «Крынкі» стаў племзаводам па вырошчванні бычкоў для племянных станцый. У 70–80-я гг. гаспадарка займала першыя месцы ў раёне па ўраджайнасці збожжавых, бульбы, кармавых, караняплодаў.
Гісторыя прадпрыемства паказвае, што за гады свайго існавання былі як узлёты, так і цяжкасці. Але і тады, і цяпер работнікі гаспадаркі поўныя рашучасці працягваць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў, развіваць вытворчасць і дамагацца больш высокіх вынікаў.
Кіруе прадпрыемствам Алег Вішнеўскі.
Адрас: Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, аг. Крынкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Вишневский, О. В. Работа на три «фронта» / О. В. Вишневский ; бесед. Л. Бирюлькова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2015. – 20 сак. – С. 1–2.
2. Костриков, Б. Из истории старейшего хозяйства района / Б. Костриков // Сцяг перамогi (Лёзна). – 1998. – 24 снеж. – С. 2 ; 1999. – 12 студз. – С. 1.
3. Матеюн, А. Успех там, где есть коллектив единомышленников / А. Матеюн // Народнае слова. – 2012. – 3 лістап. – С. 3.
4. Ретнёва, Е. 100 лет КУСП «Крынки»: настроение праздничное, задача – движение к экономической стабильности / Е. Ретнёва // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2018. – 4 снеж. – С. 1, 4–5.
5. Шпаковская, Г. С новым веком! / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2018. – 13 дек. – С. 4.