Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу», філіял УП «Віцебскаблгаз. Докшыцкі раён, аг. Крулеўшчына
- Подробности
- Створана 08.12.2023 12:23
- Адноўлена 08.12.2023 15:19
Сучасная назва | філіял «Віцебскторф» УП «Віцебскаблгаз» |
Былая назва | Віцебскае торфапрадпрыемства |
Дата заснавання | 1967 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, аг. Крулеўшчына |
Галіна | паліўна-энергетычная прамысловасць |
Сайт | https://www.torf.by |
У 2011 годзе ў аг. Крулеўшчына Докшыцкага раёна ўведзены ў эксплуатацыю новы завод па вытворчасці грунтоў пажыўных і кіпавання торфу верхавога вытворчай магутнасцю 38 тыс. тон прадукцыі ў год, на якім было ўстаноўлена абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў: Premier Tech – Канада, Ehcolo – Данія, Kruviks – Эстонія, Warnking – Германія .
Але ж здабываць пажыўны торф пачалі яшчэ ў 1956 годзе. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі энергетыка Беларусі працавала пераважна на гэтым відзе паліва. Тады было заснавана торфапрадпрыемства «Рамжына», закладзены жылы пасёлак для рабочых і спецыялістаў, якія прысылаліся сюды з усёй краіны.
Будаўніцтва торфабрыкетнага завода ў Крулеўшчыне пачалося ў 1964 годзе. У 1967 годзе ён атрымаў назву «Віцебскі». Да гэтага часу ўжо была пабудавана вузкакалейка, якая звязвала прадпрыемства з участкамі торфаздабычы. Здадзены «пад ключ» два 18-кватэрныя дамы ў новым пасёлку. З гэтага часу пачынаецца росквіт торфабрыкетнага завода, пік якога прыйшоўся на 70-я гг. У 1978 годзе ён стаў удзельнікам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе быў узнагароджаны медалём 2-й ступені.
Але ў 90-я гг. мінулага стагоддзя торфапрадпрыемства было ўжо ў заняпадзе. Таму было некалькі прычын як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага характару. І галоўным было тое, што пачынаючы з 60-х гадоў, у СССР актыўна пракладваліся вялікія магістральныя газапровады і каштоўнасць торфу пачала зніжацца. Пакуль на долю торфу засталося 3 % у агульным энергетычным балансе краіны.
Новае дыханне тарфяная прамысловасць, у тым ліку і Крулеўшчынскае прадпрыемства, атрымала, дзякуючы Дзяржаўнай праграме «Торф» на 2008-2010 гг. і распрацаванай да 2020 года. Перш, чым прыступіць да яе рэалізацыі, торфапрадпрыемствы аб'ядналіся з газавай гаспадаркай.
У 2007 годзе торфапрадпрыемства «Віцебскае» ўвайшло ў склад вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» і стала філіялам пад назвай «Докшыцкае раённае вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі» (РВУ «Докшыцырайгаз»).
Прадаваць проста сыравіну было нявыгадна, а таму ў сціслыя тэрміны была стварана сучасная вытворчасць па выпуску торфапрадукцыі. У Крулеўшчыне вельмі хутка быў пабудаваны ўнікальны для Беларусі экспартаарыентаваны завод па вытворчасці пажыўных грунтоў і кіпаванага торфу. Мадэрнізацыя вытворчасці заняла каля двух гадоў.
У 2015 годзе пасля рэканструкцыі раённых вытворчых упраўленняў, у тым ліку «Докшыцырайгаза», быў створаны філіял «Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу» (ВУ «Віцебскторф») унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» разам з Полацкім і Лукомльскім філіяламі, з юрыдычным адрасам у в. Крулеўшчына.
Прадпрыемства інтэнсіўна працягвае развівацца. Асвоены новы від прадукцыі – разны торф. Гэта новая тэхналогія, пры якой торф з поля забіраюць нарэзанымі кускамі, што дазваляе захаваць некранутай прыродную структуру. Атрыманая ў выніку яе прымянення прадукцыя ідзе на экспарт. Апрабаваны яшчэ адзін спосаб здабычы – пнеўматычны, калі торф валкуецца, з насцілу засмоктваецца пнеўмамашынай, і ўжо ў яе бункеры разрэджваецца. Прымяненне падобнай тэхналогіі, якая не залежыць ад надвор'я, дазволіць яшчэ больш павялічыць аб'ёмы здабычы торфу.
Сучаснае абсталяванне і прафесійны падбор кадраў дазваляе выпускаць прадукцыю высокай якасці, якая задавальняе самых патрабавальных кліентаў. Так пажыўныя грунты «Дзвіна» неаднаразова станавіліся лаўрэатамі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь».
Завод сёння – гэта сучаснае прадпрыемства, якое выпускае шырокі асартымент вырабаў у рознай фасоўцы, гаме фракцыйнага складу, прадукцыя экспартуецца больш чым ў 20 краін свету: Расію, Казахстан, Украіну, Турцыю, Германію, Італію, Балгарыю, Чэхію, Швейцарыю, Славакію і іншыя краіны. Пажыўны грунт «Дзвіна» прадаецца ва ўсіх буйных гарадах Беларусі (Магілёве, Рэчыцы, Мінску, Гомелі, Наваполацку і інш.), а таксама ў Польшчы.
І наогул УП «Віцебскаблгаз» з'яўляецца адным з лідэраў у краіне па вытворчасці і продажы тарфяных пажыўных грунтоў. Тут распрацавана больш за 60 рэцэптур тарфяных грунтоў для розных відаў раслін. Прадпрыемства вырабляе каля 30 тыс. тон верхавога торфу ў вялікіх кіпах біг-болях – аб'ёмам да шасці кубаметраў і каля 5 тыс. тон пажыўных грунтоў.
Адрас: Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, аг. Крулеўшчына, вул. Заводская, 37.
ЛІТАРАТУРА
1. Працуе і развіваецца / падрыхт. Т. Альшэўская ; фота В. Чарвінскага // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2016. – 14 мая. – С. 4.
2. Берникович, Д. Высокое качество гарантирует успех / Д. Берникович // Витебские вести. – 2016. – 12 июля. – С. 5.
3. Бяляўская, Н. Прадпрыемства адраджаецца / Н. Бяляўская // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2008. – 19 студз. – С. 2.
4. Лукьянова, Н. Антикризисный маневр... с торфом // Народнае слова. – 2009. – 25 крас. – С. 3.
5. Прадпрыемства айчынае – узровень еўрапейскі / старонку падрыхтавала А. Несцяронак // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 1 верас. – С. 5.
6. Працуе і развіваецца / падрыхт. Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2016. – 14 мая. – С. 4.
7. Сауліч, У. Не дымяць трубы брыкетнага / У. Сауліч // Вiцебскi рабочы. – 2007. – 20 лют. – С. 1–2.
8. Шик, В. Обогрев – вечная проблема / В. Шик // Витебский курьер. – 2002. – 4 окт. – С. 3.