Белвест, СТАА. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 20.11.2023 08:23
- Адноўлена 22.11.2023 08:50
Сучасная назва | СТАА «Белвест» |
Тып | сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю |
Дата заснавання | 1989 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, г. Віцебск |
Галіна | лёгкая прамысловасць |
Сайт | https://belwest.by |
СТАА «Белвест» – прадпрыемства па вытворчасці і рэалізацыі мужчынскага і жаночага абутку ў г. Віцебску. Створана ў 1988 годзе як сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства на базе віцебскай абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» з удзелам нямецкай фірмы «Саламандар». Выпуск прадукцыі пачаўся ў 1989 годзе. У 1991 годзе прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць і ў далейшым падтрымлівала зададзены тэмп. Пачалі адчыняцца фірменныя магазіны.
У пачатку дзейнасці прадпрыемства калектыў быў пастаўлены ва ўмовы адноснай эканамічнай свабоды. Ён сам вырашаў, што і ў якой колькасці вырабляць, куды і па якой цане прадаваць. Даваў станоўчы вынік і такі фактар, як вытворчасць абутку па сучаснай тэхналогіі вядомай нямецкай фірмы «Саламандар» і па мадэлях, распрацаваных спецыялістамі гэтай фірмы.
У 2002 годзе прадпрыемства першым на тэрыторыі СНД атрымала сертыфікат адпаведнасці сістэмы якасці распрацоўкі і вытворчасці абутку патрабаванням ISO 9001. З 2003 года – беларуска-расійскае прадпрыемства, заснавальнікамі якога сталі мінскі канцэрн «Беллегпрам» і маскоўскае ЗАТ «Палітэкс». У 2006 годзе СТАА «Белвест» становіцца афіцыйным спонсарам Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Таварны знак прадпрыемства зарэгістраваны ў 2007 годзе ў Італіі, Германіі, Латвіі і Літве. З 2011 года кампанія знаходзіцца ў холдынгу, заснавальнікамі якога сталі канцэрн «Беллегпрам» і ТАА «Інвестпрам».
СТАА «Белвест» сёння – высокатэхналагічнае прадпрыемства поўнага цыкла, якое ўключае ў сябе: вытворчыя магутнасці па выпуску жаночага і мужчынскага абутку з натуральнай скуры; мадэляванне і выраб дэталяў нізу і калодак; гарбарную вытворчасць; развітую сетку фірменных магазінаў у Беларусі і Расіі. Штогод адбываецца аднаўленне сезонных калекцый на 90 %: распрацоўваецца да 1500 новых мадэляў.
Асноўныя вытворчыя магутнасці кампаніі размешчаны ў Віцебску. У структуры прадпрыемства 6 цэхаў і 3 участкі, якія вырабляюць мужчынскі, жаночы і школьны абутак з натуральнай скуры. Прадпрыемства выпускае 2 млн. пар абутку ў год. Калектыў складае каля 3 тыс. супрацоўнікаў. Паспяхова працуюць вытворчыя цэхі ў Бешанковічах і Гарадку. Рознічная сетка налічвае звыш 350 гандлёвых аб'ектаў у Беларусі і Расіі. «Белвест» з'яўляецца адным з пяці самых вядомых у Расіі абутковых брэндаў і ўваходзіць у лік буйнейшых міжнародных рознічных сетак.
Новыя калекцыі ствараюцца з удзелам дызайнерскага цэнтра. У вытворчасці абутку шырока выкарыстоўваюць унікальную навейшую тэхналогію прынтавання скуры, аналага якой няма ў краінах СНД, прасторавае 3D-праектаванне для стварэння новых мадэляў, метад аквадруку аб'ёмных малюнкаў на абцасах. Выкарыстоўваюцца наступныя метады мацавання падэшвы: клеявы, ліццёвы, бартавы і San-Crispino. Кампанія адна з першых у Беларусі пачала выпускаць макасіны і абутак метадам San-Crispino. На прадпрыемстве дзейнічае 7-ступеньчаты кантроль якасці прадукцыі.
СТАА «Белвест» неаднаразова станавілася пераможцам конкурсаў «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі», лаўрэатам прэміі «Брэнд года Беларусі», атрымала Прэмію ўрада Рэспублікі Беларусь за высокую якасць.
Адрас: Віцебская вобласць, горад Віцебск, праспект генерала Люднікава, 10-1.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Антонов, С. BELWEST: шаг в будущее / С. Антонов // Витебские вести. – 2019. – 21 марта. – С. 1, 6.
2. Башун, Е. Спрос на обувщиков растет / Е. Башун // Витебские вести. – 2019. – 30 нояб. – С. 7.
3. «Белвест» // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 453.
4. Любочка, С. Европейский бренд из Витебска / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 7 февр. – С. 1.
5. Любочка, С. Легкий шаг с «Белвестом» / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 1 апр. – С. 1–2.
6. Пучкова, Е. Быть сборщиком обуви – престижно / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 21 нояб. – С. 1–2.
7. Пучкова, Е. Идеальная пара / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 12 июня. – С. 6.
8. Суманеев, Ю. Г. «Белвест» / Ю. Г. Суманеев // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 42.
СПАСЫЛКІ
Наша марка. Совместное общество с ограниченной ответственностью «Белвест»