Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск, ААТ
- Подробности
- Створана 01.12.2023 10:23
- Адноўлена 01.12.2023 11:19
Сучасная назва | ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» |
Былая назва | Віцебскі будаўнічы трэст № 9 |
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Дата заснавання | 1957 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, г. Віцебск |
Галіна | будаўніцтва, будаўнічая прамысловасць |
Сайт | https://trest9.by/ |
Віцебскі будаўнічы трэст № 9 створаны загадам начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва пры Савеце Міністраў БССР № 1 ад 1 чэрвеня 1957 года. У яго склад уваходзіла 16 гаспадарчых падраздзяленняў. З 1999 года пераўтвораны ў ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск». Прадпрыемства ўваходзіць у склад ДА «Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам».
Будаўнічы трэст № 9 заўжды стаяў на важных ключавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу ў будаўніцтве. У 1958 годзе ўпершыню сярод будаўнічых арганізацый краіны ў віцебскім трэсце № 9 была распрацавана і ўкаранёна сістэма дыспетчарскага кіравання будаўнічай вытворчасцю. А ў 1960–1961 гг. у трэсце ўпершыню была распрацавана і ўкаранёна новая сістэма матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння будаўніцтва, на аснове камплектнага забеспячэння будоўляў матэрыяльнымі рэсурсамі, па зададзеным тэхналагічным цыкле, са стварэннем у гэтых палях новай структурнай арганізацыі ўпраўлення вытворча-тэхналагічнай камплектацыі. Зараз калектыў трэста працягвае ўкараняць прагрэсіўныя метады работы, новыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі. Сярод іх буранабіўныя палі, блокава-канвеерны спосаб мантажу канструкцый прамысловых карпусоў і шэраг іншых.
Зараз ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» з'яўляецца адной з буйнейшых будаўнічых арганізацый Рэспублікі Беларусь, буйной горадаўтваральнай арганізацыяй г. Віцебска і Віцебскай вобласці. Прадпрыемства ажыццяўляе поўны комплекс будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ любой складанасці і прызначэння. У яго складзе 4 адасобленыя структурныя падраздзяленні: «Будаўнічае ўпраўленне № 38», «Спецыялізаванае ўпраўленне № 39», «Упраўленне механізацыі і спецыяльных работ № 140», «Жыллёва-эксплуатацыйная кантора». На прадпрыемстве дзейнічае сваё праектнае структурнае падраздзяленне.
За перыяд свайго існавання будаўнічы трэст № 9 унёс значны ўклад у эканамічнае і сацыяльнае развіццё горада і вобласці. Арганізацыі трэста і тыя, якія ўвайшлі ў яго склад у розныя часы. аднавілі буйныя прадпрыемствы станкабудавання, лёгкай, харчовай, мясцовай прамысловасці і іншых галін. Трэст ажыццявіў будаўніцтва прадпрыемстваў новых галін прамысловасці, якіх не было ў Віцебску ў даваенны час: завод радыёдэталяў, завод электравымяральных прыбораў, завод гадзіннікавых дэталяў, дывановы камбінат, шаўковы камбінат, ДБК, абутковая фабрыка, камбінат вапняковай мукі, маторарамонтны завод, завод каляровых тэлевізараў, футравы камбінат і інш. У вялікіх маштабах пашырана вытворчасць цэглы, створаны новыя магутнасці па выпуску дрэнажных труб, керамзітавага шчэбню. Трэст ажыццявіў будаўніцтва ўсходне-прамысловага вузла, што з'яўлялася новым словам у сучасным прамысловым будаўніцтве краіны таго часу. Стварыўшы матэрыяльна-тэхнічную базу эканамічнага развіцця, калектыў трэста тым самым садзейнічаў таму, што аб'ём прамысловай вытворчасці ў горадзе перавысіў даваенны ўзровень у сем разоў, а сама прадукцыя далёка ступіла за межы нашай краіны ў дзясяткі краін свету, карыстаючыся надзейным попытам.
Значны ўклад зрабіў трэст у развіццё камунальнай гаспадаркі і аб'ектаў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Пракладзена і ўведзена ў эксплуатацыю 118 км водаправодных сетак, прабураны дзясяткі свідравін на ваду і зманціраваны помпавыя станцыі. Пракладзены 41 км вонкавых каналізацыйных сетак і пабудавана некалькі КПС. Уведзены ў эксплуатацыю ў 1968–1979 гг. гарадскія ачышчальныя збудаванні магутнасцю звыш 73 тыс. м3 сцёкавых вод за суткі. Пракладзена 54 км магістральных і ўнутрыквартальных цеплавых сетак, пабудавана 3 буйныя кацельні для цеплафікацыі горада, дзясяткі сярэдніх і малых кацельных установак. Пракладзена 17 км магістральных газавых сетак, газіфікавана некалькі тысяч кватэр. Трэстам і яго субпадраднымі арганізацыямі пабудавана звыш 40 км трамвайных пуцей і кантактных сетак, 3 цягавыя падстанцыі і іншыя збудаванні. Узведзены комплекс збудаванняў тралейбуснага парка і 25 км кантактных тралейбусных сетак, 2 цягавыя падстанцыі.
Будаўнікі трэста нямала папрацавалі над стварэннем матэрыяльнай базы для развіцця транспарту і сродкаў сувязі. Калектывам будтрэста пабудаваны ў г. Віцебску ўсе аўтамабільныя базы і 3 паркі машын, 3 станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, аўтавакзал, рамонтныя майстэрні і гаражы, будынак дыспетчарскай сувязі аўтатрэста, некалькі інтэрнатаў для рабочых галіны. Пабудаваны паштамт і ўсе аддзяленні паштовай сувязі ў горадзе. Пракладзены тысячы кіламетраў тэлефонных кабеляў. Пабудавана некалькі АТС, 2 рэтрансляцыйныя станцыі для тэлебачання і тэлестудый. Шмат зроблена для развіцця энергетыкі. Пракладзены электрасеткі ў горадзе і некалькі ліній электраперадачы ў раённыя цэнтры вобласці. Электрыфікавана шмат сельскагаспадарчых аб'ектаў.
Будтрэст № 9 унёс пэўны ўклад ва ўздым сельскай гаспадаркі. Калектыў трэста вёў будаўніча-мантажныя работы ў 12 саўгасах і некаторых калгасах вобласці, пабудаваў і здаў у эксплуатацыю камбінат вапнякова-даламітавай мукі і завод дрэнажных труб. На сяле сіламі калектыву прадпрыемства пабудаваны дзясяткі школ, жылых дамоў, дзіцячых садоў і ясляў, прабураны дзясяткі артэзіянскіх свідравін на ваду, зманціраваны помпавыя станцыі і пабудаваны воданапорныя вежы.
За гады сваёй дзейнасці арганізацыямі трэста было пабудавана звыш 1 млн. м2 жылля, 58 школ і 88 дзіцячых дашкольных устаноў. Калектывам трэста ўзведзены будынкі і збудаванні ўсіх вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў горада, большасць аб'ектаў аховы здароўя. Уведзена шырокая сетка сацыяльна-культурных устаноў. Унесены ўклад у стварэнне спартыўна-фізкультурнай базы. У шэрагу навучальных устаноў і сярэдніх школ пабудаваны спартыўныя залы і спартыўныя гарадкі.
Прыкметны ўклад калектыў трэста ўнёс у стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Ім пабудавана абсалютная большасць магазінаў, першая чарга ўнівермага, некалькі гандлёвых баз. На ўсіх прадпрыемствах, у навучальных установах пабудаваны сталовыя і буфеты. Пабудавана шмат адміністрацыйных будынкаў для партыйных, дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, як у Віцебску, так і ў раёнах вобласці. За свой гістарычны шлях калектыў трэста № 9 пабудаваў звыш 1500 аб'ектаў і комплексаў рознага народна-гаспадарчага і сацыяльна-культурнага прызначэння.
Работнікі ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» неаднаразова ўзнагароджваліся за добрасумленную працу і датэрміновую здачу ў эксплуатацыю аб'ектаў лёгкай, харчовай, мясамалочнай прамысловасці, аб'ектаў камбіната вапняковай мукі ў Рубе. За ўсю гісторыю існавання прадпрыемства былі ўдастоены ўрадавых узнагарод: ордэна Савецкага Саюза – 97 чалавек, у тым ліку ордэна Леніна – 8 чалавек, медалёў – 147 чалавек, Ганаровых грамат Вярхоўнага Савета БССР – 101 чалавек.
ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» неаднаразова станавілася пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў «На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь» і «Лепшы будаўнічы прадукт года», удастоена прэміі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь імя У. А. Караля.
Адрас: Віцебская вобласць, горад Віцебск, вуліца Марка Шагала 5-1.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. .
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеев, Б. Быть лидером непросто / Б. Алексеев // Директор. – 2020. – № 2. – С. 4–7.
2. Карпас, Е. Легко ли быть геодезистом? / Е. Карпас // Витебские вести. – 2021. – 5 нояб. – С. 19.
3. Открытое акционерное общество «Строительный трест № 9, г. Витебск». – Витебск : Ювалан, 2007. – 9 с.
4. Свитцов, А. А. Диспетчеризация в строительстве: (из опыта треста № 9 Министерства строительства БССР) / А. А. Свитцов, И. Т. Хачатрянц. – Минск : Гос. изд-во БССР, 1960. – 47 с.
5. Свитцов, А. А. Комплектное материально-технологическое обеспечение строек: (опыт треста № 9 Министерства строительства Белорусской ССР) / А. А. Свитцов, И. П. Янковский, И. Т. Хачатрянц. – М. : Госстройиздат, 1963. – 20 с.
6. Сеньков, В. Славные имена, знаковые объекты / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 16 авг. – С. 3.
7. Строительные тресты // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 342.
СПАСЫЛКІ
Открытое акционерное общество «Строительный трест № 9 г. Витебск»