Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Расонскі раён. Пасляваенны перыяд

У лістападзе 1943 г. пачалося вызваленне Расоншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да 1 студзеня 1944 года была вызвалена трэцяя частка раёна – Заборскі, Шнітаўскі, Старадворскі, Круцікоўскі, Тродавіцкі і Краснаборскі сельсаветы. На вызваленай тэрыторыі адразу пачалася работа па аднаўленні народнай гаспадаркі.

Аднаўленне праходзіла ў вельмі цяжкіх умовах. У заходняй частцы раёна яшчэ ішлі баі, лінія фронту ўсталявалася па возеры Нешчарда, і большасць вызваленых сельсаветаў былі прыфрантавой зонай. Людзей засталося мала: мужчыны знаходзіліся на фронце, многія старыя, жанчыны і дзеці загінулі ў час карных аперацый 1943 г. Большасць з тых, хто застаўся ў жывых, былі ў эвакуацыі ў Калінінскай вобласці. Да вайны ў Расонскім раёне жыло больш за 37 тысяч чалавек. У жывых засталося толькі 17,5 тысячы, з іх толькі 6107 працаздольных.

Поўнасцю была разбурана народная гаспадарка раёна. За гады акупацыі фашысты спалілі і знішчылі 4602 дамы калгаснікаў, 4487 грамадскіх будынкаў, 65 школ, 21 медпункт, 16 хат-чытальняў. Цалкам былі знішчаны мясцовая прамысловасць, гандаль і камунальная гаспадарка раёна. Да вайны ў раёне працавалі электрастанцыя, 6 млыноў, 8 смалакурных заводаў, арцель па вырабу безалкагольных напіткаў. Усе яны былі разбураны. 3 102 трактароў, якія былі да вайны, засталіся толькі 33, ды і тыя разукамплектаваныя.

Ужо 9 снежня 1943 года райвыканкам і райкам партыі прынялі рашэнне аб аднаўленні дзейнасці калгасаў у вызваленай частцы раёна. Былі выбраны старшыні і праўленні калгасаў, аднавілася работа кавальскіх майстэрняў і смалакурняў у вёсках Уклеенка і Рудня.

Значную дапамогу меў раён ад міжнародных арганізацый. Яна размяркоўвалася ў першую чаргу сем'ям, якія страцілі ў вайну амаль усю сваю хатнюю маёмасць. Аказвалася дапамога насельніцтву раёна і праз сістэму дзяржзабеспячэння.

Вялікае значэнне для насельніцтва Расоншчыны мела вызваленне ад дзяржаўных паставак сельгаспрадукцыі, ваеннага і іншых падаткаў (гэта льгота пашыралася на грамадзян тых раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ў гады нямецкай акупацыі).

У 1949 г. у раёне былі адноўлены і сталі працаваць 3 МТС, ільнозавод, радыёвузел, 7 прамысловых прадпрыемстваў і арцеляў, цагельны завод, 55 пачатковых, 7 сямігадовых і 1 сярэдняя школы, 2 дзіцячыя дамы ў Расонах і Клясціцах, 25 магазінаў і ларкоў, 1 чайная, 3 бальніцы, 7 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, санітарная і малярыйная станцыі, 1 раённая дзіцяча-жаночая кансультацыя, 5 радзільных аддзяленняў на 18 месцаў. У раёне пачала працавацьт пастаянная гукавая кінаўстаноўка, 3 кінаперасоўкі, раённы Дом сацкультуры, раённая бібліятэка, 16 хат-чытальняў.

Развівалася і прамысловая вытворчасць. У пачатку 1950-х гадоў на поўную магутнасць запрацаваў раённы прамкамбінат. У 1949 г. наладжаны выраб кафлі. Першыя 3000 штук былі пушчаны ў продаж у верасні 1949 г. У гэтым жа годзе быў арганізаваны лесапункт. Нарыхтоўка драўніны вялася ў асноўным уручную.

У 1950 г. пачалося будаўніцтва масла-казеінавага завода ў райцэнтры. У наступным годзе ў Расонскім раёне пачалі працавалі 3 маслазаводы і 8 сепаратарных аддзяленняў.

Восенню 1950 г. аднавілася традыцыя праводзіць раённыя сельскагаспадарчыя выстаўкі пасля таго, як з усіх палеткаў звезена збожжа.

Паступова рос дабрабыт працоўных, паляпшалася жыццё. У 1949 г. у райцэнтры спосабам народнай будоўлі пачалося будаўніцтва новага Дома культуры на 200 месцаў. Пашыралася і сетка сельскіх Дамоў культуры, вясковых бібліятэк. У 1950 г. у Расонах пачалося будаўніцтва стадыёна. У 1952 г. у райцэнтры пачаў працаваць дзіцячы сад на 25 месцаў.

Развіццё народнай гаспадаркі раёна ў 2-й палове 1950-х гг. было адзначана ростам пагалоўя жывёлы ў калгасах, паступовым павышэннем яе прадукцыйнасці. У 1956 г. магутнасць трактарнага парку ў параўнанні з 1950 г. вырасла больш як у 2 разы. Вялікая дапамога была аказана раёну тэхнікай і механізатарскімі кадрамі.

Вялася электрыфікацыя вёсак раёна. 1 мая 1959 года дала ток Клясціцкая ГЭС на р. Нішча. Яго атрымалі вёскі Кавалі, Маркова, Забалоцце, Сінск, Лапешчына, Казімірова, Пушча. Затым былі падключаны і дзесяткі іншых вёсак. Да 1965 г. Клясціцкая ГЭС з'яўлялася асноўнай крыніцай энергазабеспячэння ў раёне.

У кастрычніку 1958 года была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя.

Пашыралася сетка прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У 1959 г. у раёне працавалі павільён бытавога абслугоўвання, 2 атэлье па індпашыве і рамонце адзення, 3 майстэрні па рамонце абутку, цырульня і фотаатэлье, майстэрня па рамонце мэблі, пункт пракату.

Раённая сістэма аховы здароўя мела райбальніцу на 50 ложкаў з клінічнай лабараторыяй і рэнтгенкабінетам, амбулаторна-паліклінічным аддзяленнем, 4 сельскія ўрачэбныя ўчасткі на 40 ложкаў, 8 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, фельчарскі здраўпункт, 2 калгасныя радзільныя дамы пры фельчарска-акушэрскіх пунктах. У раёне працавалі 15 урачоў і 87 работнікаў сярэдняга медперсаналу. Узначальваў медыцыну раёна вопытны хірург Ягор Анісімавіч Алесін, якога многія з партызан і жыхароў раёна ведалі як урача партызанскага шпіталя Расонскай брыгады імя Сталіна.

Значна пашырылася сетка культурна-асветных устаноў. У 1960 г. у раёне працавала 18 сельскіх, 11 калгасных і саўгасных клубаў, 19 сельскіх бібліятэк, у якіх налічвалася больш як 55 тысяч тамоў кніг. Толькі ў 1959–1960 гг. пабудаваны новыя клубы ў калгасах імя М. Горкага, імя Чапаева, у в. Янкавічы, на льнозаводзе, быў павялічаны раённы Дом культуры. Вялося будаўніцтва Дамоў культуры ў саўгасе «Краснаполле», калгасе «Перамога» і іншых гаспадарках раёна. У гэтыя ж гады электрыфікавана 913 жылых дамоў, шэраг гаспадарчых будынкаў, дадаткова адкрыліся 11 гандлёвых пунктаў у вёсках і 7 цэхаў бытавога абслугоўвання.

У канцы 1950-х гг. быў узяты курс на ўзбуйненне існуючых калгасаў. Рашэннем райвыканкама ад 27 сакавіка 1959 года «Аб ссяленні хутароў у калгасныя і саўгасныя цэнтры і аб забароне будаўніцтва ў маланаселеных пунктах» выканкамы сельскіх саветаў, праўленні калгасаў былі абавязаны «завяршыць у бягучым годзе перасяленне хутароў у калгасныя цэнтры і аддзяленні саўгасаў». Гэтай пастановай забаранялася будаўніцтва дамоў у 34 вёсках. Заняпад аддаленых вёсак працягваўся, многія з іх хутка зніклі з карты раёна, у іх ліку вёскі Каўшаватае, Змітрова, Ямна, Дразды, Рэвішча, Высокі Рог, Палёк, Ліпаўшчына і іншыя.

3 1 ліпеня 1965 года ў Расонах пачало сваю работу аддзяленне аўтакалоны № 2420, якое ў хуткім часе было перайменавана ў аўтабазу № 10. У раёне з'явіліся першыя свае аўтобусы, паступова пачалі адкрывацца новыя аўтобусныя маршруты.

Аб здабытках 1968 г. у гаспадарчым і культурным будаўніцтве паведамляла раённая газета: здадзены ў эксплуатацыю яслі-сад на 140 месцаў у гарпасёлку, пабудавана новая сталовая на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Янкавічы», адкрыты тыпавыя магазіны ў пасёлку калгаса «Расоны», у вёсцы Жары саўгаса «Гарбачэва». У гэтым жа годзе два 16-кватэрныя дамы з усімі выгодамі атрымалі рабочыя міжкалгасбуда, у бальнічным гарадку райцэнтра ўзведзены новы інфекцыйны корпус. Пабудаваны новы мост цераз раку Дрыса каля вёскі Уклеенка. Адкрыты школьныя сталовыя ў вёсках Сакалішча, Кавалі, Бухава, Юхавічы, 6 брыгадных клубаў. У райцэнтры з'явілася новая плошча, пачата асфальтаванне цэнтральнай вуліцы райцэнтра – Савецкай.

Стала лепш працаваць тэлефонная сувязь у раёне, асабліва са здачай у эксплуатацыю ў 1975 г. аўтаматычнай тэлефоннай станцыі.

У 1980-я гады нарошчваліся тэмпы развіцця народнай гаспадаркі. Гэта дазволіла пабудаваць новы перапрацоўчы цэх пры райаграпрамтэхніцы, рэканструяваць старыя памяшканні ў Краснаполлі і арганізаваць там сушку дзікарослых пладоў і гародніны, выпуск журавін у цукровай пудры, джэму.

Пастаянная ўвага надавалася капітальнаму будаўніцтву. Толькі ў 1990 г. здадзены ў эксплуатацыю сад-яслі на 90 месцаў у райаграпрамтэхніцы, 56 кватэр у райцэнтры, новы тэрапеўтычны корпус райбальніцы, іншыя аб'екты.

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця, прызнанне права на розныя формы ўласнасці далі магчымасць выкарыстоўваць новыя метады гаспадарання. Ва ўсіх калгасах і саўгасах праводзіцца работа па ўкараненні ўнутрыгаспадарчага разліку на аснове арэндных адносін. На такіх прынцыпах на пачатак 1991 г. працавалі 18 вытворчых падраздзяленняў у раслінаводстве. У жывёлагадоўлі на пачатак 1991 г. працавалі 93 арэндныя калектывы, з іх 40 заключылі дагаворы на 5 гадоў.

На сучасным этапе на тэрыторыі Расонскага раёна дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і піламатэрыялаў. У раёне існуе сярэдняя школа, 3 комплексы «Дзіцячы сад-сярэдняя школа», 3 – «Дзіцячы сад-базавая школа» і 1 – «Дзіцячы сад-пачатковая школа», школа мастацтваў (з філіяламі ў вёсцы Клясціцы і Краснаполле), 5 дашкольных устаноў, цэнтры: сацыяльна-педагагічны, дзяцей і моладзі. Працуюць раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, 12 клубных устаноў, аўтаклуб, Дом рамёстваў (з філіяламі ў вёсках Краснаполле і Клясціцы), 15 бібліятэк, музей баявой садружнасці. У сістэме аховы здароўя дзейнічаюць цэнтральная раённая бальніца, паліклініка, бальніца сястрынскага догляду, 2 урачэбныя амбулаторыі, 9 ФАПаў, 5 аптэк. Для заняткаў фізкультурай і спортам ёсць стадыён, 8 спартыўных залаў, 5 прыстасаваных памяшканняў спартыўнага прызначэння, тэнісны корт. Працуюць ДЮСШ і фізкультурна-спартыўны клуб «Старт». Турысцская інфраструктура прадстаўлена базай адпачынку «Ласіны рог» у в. Глоты, гасцінічна-турысцкім комплексам «Бабровая хата» у в. Уклеенка, турысцкім цэнтрам з музейнай экспазіцыяй у в. Межна, Домам паляўнічага ў в. Янкавічы. Створана зона адпачынку на беразе возера Белае (Юхаўскае). Па тэрыторыі раёна праходзіць турысцкі маршрут «Блакітныя каралі Расонаў». Выдаецца газета «Голас Расоншчыны». У раёне дзейнічаюць 7 рэлігійных абшчын: 2 праваслаўныя, 1 каталіцкая, 2 хрысціян веры евангельскай, 1 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 1 адвентыстаў сёмага дня.

 

Гарадскі пасёлак Расоны. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byГарадскі пасёлак Расоны. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byГарадскі пасёлак Расоны. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алексеева, М. Тихие места для жизни и семейного отдыха / М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2017. – 2 верас. – С. 9.

2. Алексеева, М. Листая страницы истории / М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 9.

3. Быков, В. В. Владимир Быков: «Потенциал у Россонщины большой» / В. В. Быков ; беседовала Т. Пастернак // Витебские вести. – 2017. – 1 июля. – С. 4.

4. Кириллова, Е. Нас объединяют память, дружба и единство / Е. Кириллова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 22 крас. – С. 1, 3.

5. Князева, Е. Сельскому бизнесу помогают из-за границы / Е. Князева // Народнае слова. – 2012. – 28 чэрв. – С. 9.

6. Максименко, Н. Визит зарубежных партнёров на Россонщину / Н. Максименко // Голас Расоншчыны. – 2015. – 25 крас. – С. 4.

7. Расонскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 273–274.

8. У мірнай працы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 514–554.

9. Пастернак, Т. Палеты для Германии и других стран Евросоюза выпускают в россонской глубинке / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 6 окт. – С. 3.