Высокаўская сельская бібліятэка – філіял № 14., г. Орша. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 19.04.2017 12:04
Першыя звесткі пра бібліятэку бяруць пачатак у далёкім 1920 годзе, калі ў мястэчку Высокае як цэнтр ліквідацыі непісьменнасці, была заснавана хата-чытальня. Але афіцыйнай датай адліку жыццядзейнасці цэнтра культуры ў пасёлку прынята лічыць 1955 год. На дзевяці квадратных метрах пакоя без акон тут размяшчаўся фонд з 32-ма кнігамі.
Такія акалічнасці не перашкаджалі працаваць сапраўдным энтузіястам бібліятэчнай справы – Ніне Дунаевай і Валянціне Барысавай. Дзякуючы намаганням энергічнай загадчыцы бібліятэкі В. Барысавай, якая ўзначаліла яе пасля Н. Дунаевай, у хуткім часе тут былі створаны танцавальны і харавы калектывы, вакальная група.
Ужо ў 1958 годзе за актыўны ўдзел у развіцці народнай гаспадаркі Беларусі ў сувязі з 40-годдзем УЛКСМ Валянціна Барысава была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Бібліятэчны фонд вырас да 3 тысяч экземпляраў, павялічылася і колькасць чытачоў. За высокія вынікі ў працы прозвішча Валянціны Барысавай было занесена ў Кнігу Гонару Міністэрства культуры БССР «За выдатную працу», а бібліятэцы прысвоена званне «Бібліятэка выдатнай працы». У канцы 1963 года Валянціна Васільеўна была прызначана на пасаду загадчыцы аддзела культуры Аршанскага райвыканкама.
Сельскую бібліятэку Валянціна Барысава перадала Надзеі Трусавай. Выпускніца бібліятэчнага факультэта Мінскага педінстытута разам з іншымі накірункамі дзейнасці пачынае актыўна развіваць работу з дзецьмі. Поспехі Надзеі Кірылаўны таксама адзначаны шэрагам Ганаровых грамат.
Нельга абмінуць увагай і яшчэ аднаго актывіста, пра якога трэба сказаць асобна. Знакамітая беларуская паэтэса Нэлі Тулупава прыехала працаваць у Высокаўскую пасялковую бальніцу пасля заканчэння Гомельскага медвучылішча. На базе бібліятэкі яна разам з сябрамі стварыла літаратурнае аб'яднанне «Магутная кучка».
У зону абслугоўвання бібліятэкі, акрамя жыхароў пасёлка, уключаны жыхары станцыі Хлусава, вёсак Барсукі, Абухава, Селішча.
Адрас: Аршанскі р-н, п. Высокае, вул. Савецкая, 22.
ЛІТАРАТУРА
1. Садоўская, А. Слова пра бібліятэку / А. Садоўская // Аршанская газета. – 2005. – 27 жн. – С. 2.
2. Сынцарева, Л. Звезда по имени Надежда / Л. Сынцарева // Аршанская газета. – 2005. – 17 мая. – С. 3.
3. Сынцарова, Л. «І вольна маім песням тут крыляць...» / Л. Сынцарова // Аршанская газета. – 2008. – 16 лют. – С. 3.
4. Хоронеко, И. Мастер исторической прозы / И. Хоронеко // Аршанская газета. – 2016. – 3 снеж. – С. 1.
5. Хороненко, И. Храните домашний очаг / И. Хороненко // Аршанская газета. – 2016. – 21 мая. – С. 4.