Асвейская гарпасялковая бібліятэка-філіял № 2 імя В. Рудога, г. п. Асвея. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 15.11.2018 08:40
- Адноўлена 15.01.2019 08:44
У гарадскім пасёлку Асвея Верхнядзвінскага раёна раней было дзве бібліятэкі: дзіцячая і гарпасялковая.
Дзіцячая была заснавана ў 1952 годзе. У той час яна знаходзілася ў маленькім пакойчыку ў будынку Асвейскага раённага Дома культуры, загадчыкам якога быў Рыгор Іларыёнавіч Дзем'янкоў, а першым бібліятэкарам у дзіцячым аддзеле раённай бібліятэкі стала працаваць Валянціна Паўлаўна Сімацкая. Фонд дзіцячага аддзела быў зусім невялікі, прыкладна 350–400 экзэмпляраў і складаўся, у асноўным, з літаратуры, газет і часопісаў для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту.
У 1956 годзе дзіцячы аддзел быў выдзелены ў самастойную адзінку і стаў называцца «Асвейская дзіцячая бібліятэка», якая перасялілася ў асобны будынак па вуліцы Савецкай. Тут ужо сталі працаваць 3 работнікі: Сімацкая Валянціна Паўлаўна, Курловіч Марыя Канстанцінаўна і Рамашкіна Эмілія Осіпаўна. У сярэднім, у дзень было па 70–80 наведвальнікаў. Чытачамі бібліятэкі былі і настаўнікі, і бацькі. У 1967 годзе Марыя Канстанцінаўна Курловіч была абрана старшынёй Сенькаўскага сельсавета. Пазней на пасаду бібліятэкара была прызначана Петрачэнка Валянціна Мяфодзьеўна.
Бібліятэка цесна супрацоўнічала з Асвейскай сярэдняй школай. Складаліся сумесныя планы работы, праводзіліся масавыя мерапрыемствы. Работнікі дзіцячай бібліятэкі аказалі вялікую дапамогу ў напісанні і рэдакцыі каталога школьнай бібліятэкі.
У 1975 годзе Асвейскай дзіцячай бібліятэцы быў выдзелены будынак былой гасцініцы па вуліцы Сімацкага, побач з аўтавакзалам. Будынак быў не новы, але намнога большы. Яго адрамантавалі і бібліятэка пераехала ў светлае прасторнае памяшканне, дзе змаглі размясціцца і кнігасховішча, і абанемент, і чытальная зала. Хапіла месца і таксама для розных выстаў. Да гэтага часу фонд бібліятэкі складаў каля 7000 экзэмпляраў, не ўлічваючы шматлікія газеты і часопісы, якія выпісваліся для бібліятэкі.
З 1984 года Асвейская дзіцячая бібліятэка ўвайшла ў склад Верхнядзвінскай ЦБС і пачала называцца «Асвейская гарпасялковая дзіцячая бібліятэка-філіял № 3». Фонд бібліятэкі ўжо налічваў звыш 16 000 экзэмпляраў кніг, а чытачоў было больш за 500. Разам са школай праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў: дыспуты, абмеркаванні кніг, агляды літаратуры. Настаўнікі Ганна Вітальеўна Шалак, Людміла Васільеўна Зарэцкая, Галіна Мікалаеўна Казлова, Аліна Сцяпанаўна Казлоўская заўсёды знаходзілі час, каб разам з бібліятэкай падрыхтаваць сустрэчы з цікавымі людзьмі, удзельнічаць у пасяджэннях «Круглага стала», дапамагчы ў правядзенні ўрокаў бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў.
У складзе Верхнядзвінскай ЦБС бібліятэка існавала да 1996 года. Згодна рашэнню Верхнядзвінскага райвыканкама Асвейская дзіцячая бібліятэка далучылася да Асвейскай гарпасялковай бібліятэкі-філіяла № 2 імя В. Рудога.
Адрас: Віцебская вобласць, Верхнядзвінскі раён, г. п. Асвея, вуліца Савецкая, д. 12.
ЛІТАРАТУРА
1. Ашэйчык, Г. Сустрэча з талентам / Г. Ашэйчык // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2017. – 23 мая. – С. 6.
2. Матеюн, А. «Наутилус» отважного капитана / А. Матеюн // Витебские вести. – 2015. – 5 дек. – С. 6.
3. Рагін, Я. Губернатар вострава Ду... Есць вакансія! / Я. Рагін, К. Антановіч // Культура. – 2017. – 1 ліп. – С. 1, 10.
4. Сеньков, В. Уроженцу освейской земли от благодарных потомков / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 12 дек. – С. 9.
5. Томашевич, Д. Здесь хранятся Добро и Любовь / Д. Томашевич // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2008. – 19 лют. – С. 3.
6. Фёдарава, Л. Мой край не абыйшла вайна / Л. Фёдарава // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2013. – 23 ліп. – С. 1.