Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Бібліятэка езуіцкай акадэміі. Полацкі раён, г. Полацк

Бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі – найбуйнейшая бібліятэка Полацка ў XVI–XIX стагоддзях, якая існавала пры Полацкай езуіцкай акадэміі (да 1812 г. – Полацкі езуіцкі калегіум), адна з найбольшых бібліятэк старадаўняй Беларусі.

Полацкая езуіцкая бібліятэка хутка павялічвалася з пачатку XVII стагоддзя за кошт набыцця новых кніг і атрымання выданняў у дар ад відных дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў свайго часу. Неаднаразова бібліятэка нішчылася падчас ваенных дзеянняў і стыхійных бедстваў.

Кардынальна новымі былі ўмовы фарміравання бібліятэкі Полацкага езуіцкага калегіума пасля 1772 года, калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучана да Расійскай імперыі. У ліку далучаных да Расіі гарадоў быў і Полацк. Праз год пасля гэтай падзеі (1773), дзейнасць ордэна езуітаў была забаронена рашэннем Папы Рымскага. Аднак Кацярына II дадзенае рашэнне не падтрымала і на тэрыторыі імперыі езуіты працягнулі сваю дзейнасць. Полацк фактычна стаў іх сталіцай. Пераезд у Полацк вялікай колькасці высокаадукаваных прадстаўнікоў ордэна з Францыі, Італіі, Галандыі і іншых краін суправаджаўся перамяшчэннем сюды іх кніжных збораў. У 1787 годзе ў інвентары кніг бібліятэкі Полацкага езуіцкага калегіума былі пазначаны кнігі 5576 аўтараў, пад імёнамі асобных з іх значылася да 50 выданняў. У 1806 годзе колькасць кніг у бібліятэцы ўзрасла да 20 тысяч, у 1815 годзе – да 35 тысяч. Ёсць звесткі, што напярэдадні закрыцця акадэміі яе калекцыя налічвала да 60 тысяч тамоў.

Багаццем і разнастайнасцю бібліятэкі былі ўзрушаны многія яе наведвальнікі, сярод якіх быў і імператар Аляксандр І. На завяршальным этапе існавання (напярэдадні выгнання езуітаў з Полацка ў 1820 годзе) бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі складалася з Галоўнай бібліятэкі (кнігі на еўрапейскіх і ўсходніх мовах – каля 30 тысяч тамоў), Польскай бібліятэкі (выдзелена з Галоўнай у 1817 годзе, налічвала больш 10 тысяч тамоў), Студэнцкай бібліятэкі, бібліятэкі клерыкаў, бібліятэкі акадэмічнай канцылярыі, бібліятэкі крамы, бібліятэкі друкарні, бібліятэкі музычнай бурсы (548 нот розных твораў) і бібліятэкі касцёла, меўся таксама шэраг падручных бібліятэк у вучэбных памяшканнях і на руках у выкладчыкаў. Паводле правіл забаранялася блытаць кнігі паміж гэтымі бібліятэкамі.

Вялікую частку збору складалі заходнееўрапейскія выданні па філасофіі, тэалогіі, кананічным і грамадзянскім праве, царкоўнай і свецкай гісторыі, мовазнаўстве, мастацтвазнаўстве, медыцынскіх, матэматычных, тэхнічных, натуральных і іншых дысцыплінах, энцыклапедычныя, даведачныя, літаратурныя (асабліва працы класікаў) і мастацкія выданні, багатая перыёдыка. Для патрэб школьнага тэатра пры калегіуме збіраліся выданні твораў еўрапейскіх драматургаў. Асноўным спосабам папаўнення фондаў бібліятэкі з'яўлялася набыццё новай літаратуры, атрыманне абавязковага асобніка з езуіцкіх друкарань Беларусі, перадача выданняў у дар (як свецкімі асобамі, так і прадстаўнікамі ордэна). Полацкая езуіцкая друкарня, што дзейнічала ў 1787–1820 гг., выпускала шмат навучальных і навуковых выданняў, якія ў абавязковым парадку паступалі ў фонды бібліятэкі калегіума. У бібліятэцы полацкіх езуітаў захоўваліся таксама выданні каталіцкіх, пратэстанцкіх, праваслаўных і ўніяцкіх друкарань Беларусі. Да таго ж у бібліятэцы захоўвалася вялікая колькасць рукапісных кніг.

Кіраванне бібліятэкай даручалася прэфекту калегіума, чые абавязкі былі рэгламентаваны Статутам. Прэфект адказваў за камплектаванне фонду, сачыў за выхадам новай літаратуры; закупаў яе і прапагандаваў сярод выкладчыкаў калегіума (акадэміі), трымаў пры сабе ключы ад кнігасховішча, дапускаў да збораў толькі тых карыстальнікаў, якім гэта было дазволена, сачыў, каб забароненыя кнігі не патрапілі да непадрыхтаванага чытача, кантраляваў вяртанне выдадзенай літаратуры (вёў сшытак кнігавыдачы), расстаўляў кнігі ў прадметным парадку, складаў каталогі бібліятэкі і прад'яўляў іх правінцыялу ордэна падчас праверкі, сачыў за чысцінёй і вільготнасцю ў памяшканнях.

Дапамогу прэфекту аказвалі малодшыя магістры і клерыкі. У выніку дзейнасці прэфектаў і іх памочнікаў на большасці захаваных выданняў з бібліятэкі Полацкай езуіцкай акадэміі маецца або рукапісная адзнака аб прыналежнасці да бібліятэкі, або адпаведны штамп ці экслібрыс.

Пасля рашэння аб прымусовым закрыцці акадэміі ў 1820 годзе яе бібліятэка была часткова разрабаваная: «Наступіла сапраўднае рабаванне. На працягу некалькіх дзён бібліятэку без літасці расцягнулі. Рэдкія і дарагія кнігі прадаваліся за некалькі грошаў. Нават паліцыя дапамагала гэтаму раскраданню. Рабаванне было спынена камісіяй, прызначанай для прыняцця касцёла, бібліятэкі, рухомай і нерухомай маёмасці». Праз месяц пасля выдання царскага дэкрэта аб выгнанні езуітаў, зборы Галоўнай бібліятэкі скарацілася да 13 490 тамоў, Польскай – да 2434 , Студэнцкай – да 3708, а ўсіх бібліятэк разам – да 23 563 кніг, што азначае скарачэнне больш як у два разы. Рэшткі акадэмічнай бібліятэкі ў 1822 годзе былі перададзены полацкім піярам, якія ў 1822–1830 гг. у будынках колішняй акадэміі ўтрымлівалі сваю вышэйшую вучэльню. Аднак, у хуткім часе і гэта вучэльня была зачынена, бо не адпавядала духу рэформ, якія праводзіліся Мікалаем I па распаўсюджванні праваслаўя і нейтралізацыі заходняга ўплыву ў Беларусі.

Пасля вывучэння і разбору бібліятэкі камісіяй, адмыслова прызначанай у 1830 годзе, асноўная і найбольш каштоўная частка збору полацкіх езуітаў і піяраў была размеркаваная паміж буйнейшымі публічнымі бібліятэкамі і навучальнымі ўстановамі Масквы і Пецярбурга, а невялікая частка была перададзена «беларускім гімназіям». Створанаму ў 1835 годзе Полацкаму кадэцкаму корпусу пакінулі толькі 2080 кніг па ваеннай справе, матэматычных і прыродазнаўчых навуках.

Сёння фрагменты бібліятэкі Полацкай езуіцкай акадэміі захоўваюцца ў зборах Расіі, Украіны, Літвы і Беларусі, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – некалькі соцень выданняў. Няспешна, але планамерна ідзе вывучэнне буйнейшага полацкага кнігазбору, разглядаюцца магчымыя шляхі бібліяграфічнай і віртуальнай рэканструкцыі гэтай гістарычнай калекцыі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.] ; маст. З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 3 : Дадатак : А–Я. – С. 77–78.

2. Цыбуля, В. А. Бібліятэка Полацкага Езуіцкага калегіума / В. А. Цыбуля // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 688–689.

3. Шайкоў, В. Да пытання пра езуіцкую бібліятэку ў Полацку / В. Шайкоў // Беларускі гiстарычны часопіс. – 2003. – № 4. – С. 54–55.