
Вечарына "Салдат перамогі"
- Подробности
- Создано 14.06.2009 22:00
12 чэрвеня ў аддзеле беларускай літаратуры абласной бібліятэкі адбылася вечарына “Салдат Перамогі”, якая з’явілася працягам цыкла мерапрыемстваў да 85-годдзя В.У. Быкава і 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Перад пачаткам вечарыны ў фае бібліятэкі адкрылася мастацкая выстава, на якой прадстаўлена частка работ мастакоў-удзельнікаў III Нацыянальнага Быкаўскага пленэру. Пра адметнасці і вынікі Быкаўскіх пленэраў прысутным расказалі прафесар ВДУ імя П.М. Машэрава Чэслаў Шамшур і мастак Святлана Баранкоўская.
Напачатку сустрэчы гучаў голас Васіля Быкава – запіс урыўка з “Альпійскай балады” ў выкананні аўтара. Потым многія выступоўцы не раз звярталіся менавіта да гэтага твора: быў паказаны запіс урыўка са спектакля “Балада аб каханні” па “Альпійскай баладзе” ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, ішла гаворка пра выкладанне гэтага твора ў школе.
Пра свае сустрэчы з Васілём Быкавым, месца і ролю гэтага чалавека ў літаратуры і грамадстве расказалі доктар філалагічных навук, беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік Міхась Тычына, загадчык кафедры беларускай літаратуры ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, паэтэса Вольга Русілка, пісьменнікі Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч, Франц Сіўко. Загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Святлана Дашкевіч і рэжысёр Віталь Баркоўскі вялі гаворку пра сцэнічныя пастаноўкі твораў В. Быкава. З асаблівасцю вывучэння творчасці пісьменніка ў сучаснай школе прысутных пазнаёміла настаўніца беларускай мовы СШ № 44 г. Віцебска Алена Новік.
У аддзеле беларускай літаратуры да юбілею Васіля Быкава размешчана выстава фотаздымкаў “Сустрэчы з Васілём Быкавым” (з асабістага архіва Д. Сімановіча), а таксама наладжаны кніжныя выставы “Салдат Перамогі” і “Выхаванне праўдай”. Запрашаем карыстальнікаў бібліятэкі пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі.





































