Цэнтральная раённая бібліятэка, ДУК. Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна
- Подробности
- Створана 28.05.2020 08:40
- Адноўлена 30.06.2020 10:56
У 1925 годзе пачала сваю гісторыю Шумілінская цэнтральная раённая бібліятэка. У г. п. Шуміліна працаваў Нардом, пры якім функцыянавала і бібліятэка. Размяшчаўся Нардом разам з бібліятэкай ў памяшканні чыгуначнага клуба. У чэрвені 1925 года ў бібліятэцы пры Нардоме налічвалася 160 чытачоў, выдадзена 1137 экзэмпляраў кніг.
Чытач Маркаў Іван Мікалаевіч, 1889 года нараджэння, распавядае: «Прыехаў я ў Шуміліна з фронту ў 1918 годзе пасля канчатковага аднаўлення Савецкай улады. Прысланы я быў працаваць пры паштовым агенцтве. У гэтым жа 1918 годзе пры паштовым агенцтве пачала арганізоўвацца бібліятэка. Літаратуру прыносілі жыхары м. Шуміліна, а таксама яна рэквізавалася з буржуазных сем'яў – урадніка, суддзі, станавога. Бібліятэка была невялікая, па змесце – у асноўным творы рускіх і замежных класікаў. Калі ўтварыўся Нардом у м. Шуміліна, бібліятэка была перададзена ў яго падпарадкаванне. Шмат рашалася цікавых пытанняў у той час у бібліятэцы, яе наведвала шмат людзей, штодзённа ў бібліятэцы дзяжурыў юрыст, па дзве гадзіны. Ён бясплатна кансультаваў насельніцтва па ўсіх пытаннях».
З 1935 года раённая бібліятэка ў г. п. Шуміліна пачала працаваць як самастойная.
З 1938 года бібліятэка размяшчалася ў асобным драўляным будынку ў цэнтры Шуміліна. У адным пакоі размяшчаўся кніжны фонд і абанемент, у другім – чытальная зала. Кніжны фонд складаў больш за 9 тыс. экзэмпляраў, а колькасць чытачоў ужо набліжалася да 500.
У гады Вялікай Айчыннай вайны кніжны фонд быў знішчаны.
Бібліятэка аднавіла сваю працу ў 1944 годзе. Размяшчалася яна ў бункеры, у раёне чыгуначнага вакзала. Літаратура захоўвалася на самаробных кніжных паліцах. У 1945 годзе фонд літаратуры складаў 1337 экзэмпляраў, з іх – 830 экзэмпляраў кніг прыслалі з Урала і Сібіры, астатнія кнігі паступалі ад насельніцтва, якія падчас акупацыі людзі захавалі ад фашыстаў. Налічвалася 211 чытачоў.
У канцы 1946 года бібліятэка была пераведзена з бункера ў іншае памяшканне – цагляны дом, дзе яна займала адну комнату – 24 м2. Кніжны фонд налічваў 2680 экзэмпляраў, колькасць чытачоў – 511 чалавек, гадавая кнігавыдача – 7835 экзэмпляраў. У бібліятэцы ладзіліся кніжныя выставы, праводзіліся чытацкія канферэнцыі, абмяркоўваліся кнігі.
Пазней бібліятэка пераязджала з аднаго месца на другое. Некаторы час бібліятэка знаходзілася ў будынку, дзе зараз размешчана ЦСУ. Затым у будынку каля чыгункі, потым – у былым Доме піянераў. Тут бібліятэка дзялілася на чытальную залу, абанемент, з'явілася кнігасховішча. Потым у райцэнтры апусцеў будынак райкама партыі, і бібліятэка пачала сваю дзейнасць у гэтым будынку, дзе і працуе па сённяшні дзень.
У 60-я гады кніжны фонд складаў 24900 экз., у 2010 годзе – 34800 экз., у 2015 годзе – 170000 экз.
З 2006 года жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак абслугоўвае бібліёбус.
З 2011 года бібліятэка працуе па праграме «Памяць Шуміліншчыны».
У 2020 годзе бібліятэка арганізавала інтэрактыўны праект «Дыялогі памяці».
Асноўныя напрамкі дзейнасці: задавальненне інфармацыйных, культурных і адукацыйных патрэб насельніцтва, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі, гісторыка-патрыятычнае выхаванне моладзі, збор і сістэматызацыя краязнаўчых матэрыялаў, прапаганда здаровага ладу жыцця.
Пры бібліятэцы дзейнічаюць Публічны цэнтр прававой інфармацыі, народная літаратурна-музычная гасцёўня «Крыніца» (з 1986 г.).
Адрас: Віцебская вобласць, Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна, вуліца Ленінская, 17.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Ермалаеў, С. «Дыялогі памяці» / С. Ермалаеў // Герой працы (Шумiлiна). – 2020. – 14 крас. – С. 4.
2. Каралёва, І. Л. «Бібліятэцы пустыя залы не пагражаюць» / І. Л. Каралёва ; гутарыла Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2013. – 13 верас. – С. 5.
3. Каралёва, І. Л. Шумілінская цэнтральная раённая бібліятэка / І. Л. Каралёва // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 464.
4. Карпушэнка, А. Хто, што і колькі прачытаў? / А. Карпушэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2013. – 5 лют. – С. 4.
5. Пятрова, А. Колькі год бібліятэцы? / А. Пятрова // Герой працы (Шумiлiна). – 2019. – 13 верас. – С. 7.
6. Сокалава, Т. «Бібліятэка – гэта скарбніца ўсіх багаццяў чалавечага духа» / Т. Сокалава // Герой працы (Шумiлiна). – 2012. – 14 верас. – С. 7.
7. Чарнічэнка, Н. Мабільны бібліятэкар / Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2017. – 15 верас. – С. 2.
8. Шумилинская центральная районная библиотека // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 615.