Дом рамёстваў «Стары млын», ДУК. Пастаўскі раён, г. Паставы
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 28.02.2019 15:17
Сучасная назва | Дом рамёстваў «Стары млын» |
Тып | дзяржаўная ўстанова культуры |
Дата заснавання | 1988 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. Паставы |
Пастаўскі Дом рамёстваў «Стары млын» быў адчынены ў 1998 г. Установа размясцілася ў будынку «Вадзянога млына», помніка прамысловай архітэктуры канца XIX – пач. XX ст.
Зараз тут працуюць чатыры выставачныя залы, ёсць майстэрні для вядзення гурткоў, метадычныя кабінеты. Асноўная мэта, якую ставяць работнікі Дома рамёстваў, – развіццё традыцый рэгіёна, падтрымка майстроў і захаванне народных рамёстваў, пераемнасць пакаленняў і ўзбагачэнне прыкладнога мастацтва. Работа па захаванні і перадачы гэтай спадчыны вядзецца ў гуртках па народнай вышыўцы, вязанні, аплікацыі з саломкі, саломапляценні, кераміцы, ганчарстве, народным ткацтве, габелене, пляценні паясоў.
У выставачных залах экспануюцца прадметы народнай творчасці, праводзяцца жанравыя выстаўкі, вернісажы мастакоў, аформлена зала-музей музычнай культуры Пастаўшчыны, вядзецца праца па стварэнні залы-музея «Млынарства і хлеб», якая прадставіць млынарскія традыцыі Пастаўшчыны, абрадавую выпечку.
Творчы калектыў Дома рамёстваў не раз меў гонар прадстаўляць Пастаўшчыну на раённых, мясцовых, рэспубліканскіх святах і конкурсах, былі прадстаўлены выставачныя калекцыі і за мяжой. Маюцца цесныя сувязі з калектывамі Эстоніі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны.
Майстры Пастаўскага Дома рамёстваў з'яўляліся дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў: «Славянскі базар у Віцебску», «Звіняць цымбалы і гармонік», «Ганчарны Круг», «Дажынкі», «Лазовы прут», «Свята разьбярства», «Берагіня» і інш.
Па выніках працы за 2005 г., Пастаўскі Дом рамёстваў «Стары млын» атрымаў узнагароду ў намінацыі «Лепшы Дом рамёстваў» на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. У 2014 г. таксама ўдастоены звання лепшага ў вобласці.
У мэтах адраджэння, развіцця, папулярызацыі народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў, а таксама павышэння прафесійнага ўзроўню, удасканалення навыкаў майстэрства, майстры Дома рамёстваў прынялі ўдзел, арганізавалі і правялі самі 39 выстаў за студзень – жнівень 2013 г.
Дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух – член Саюза майстроў Беларусі, надзвычай таленавітая майстрыха, валодае рознымі тэхналогіямі старажытных рамёстваў, арганізуе батлейку, дзе з ахвотай іграе дзятва. Вольга Гукава – адметны майстар-ганчар, яна ўмела спалучыла гліну з іншымі матэрыяламі. А яшчэ яна займаецца маляванкай і выцінанкай, вырабляе сувеніры. Метадыст Алена Крывенькая спецыялізуецца на ткацтве.
Таксама ў «Старым млыне» збіраюць рэцэпты нацыянальнай кухні, аднаўляюць абрады і гульні, якія былі распаўсюджаны на пастаўскай зямлі ў мінулым. Тут ў сяброўстве суседнічаюць Дом рамёстваў і Цэнтр культуры і народнай творчасці, майстры ткуць, вышываюць, плятуць пад музыку і песні самадзейных артыстаў, разам зберагаюць традыцыі продкаў, захоўваюць пераемнасць пакаленняў і ўзбагачаюць культуру народа.
Пастаўскі Дом рамёстваў уваходзіць у турыстычны маршрут і з'яўляецца для наведвальнікаў адным з найцікавейшых мясцін Пастаўшчыны. Ва ўстанове працуе салон-магазін, дзе кожны можа набыць вырабы народнага, самабытнага мастацтва.
Адрас: Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. Паставы, вуліца Чырвонаармейская, д. 10.
ЛІТАРАТУРА
1. Александровіч, К. Натхненне сілкуе таленты / К. Александровіч // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 10 крас. – С. 2.
2. Анішкевіч, А. Бэзавы куст «Старога млына» / А. Анішкевіч // Пастаўскі край. – 2018. – 20 чэрв. – С. 5.
3. Гамзовіч, Р. «Стары Млын» у Паставах працуе спраўна! / Р. Гамзовіч // Голас Радзiмы. – 2006. – 24 жн. – С. 11–12.
4. Гнілазуб, В. У «Старога млына» зноў выраслі крылы / В. Гнілазуб // Белорусская нива. – 2004. – 9 окт. – С. 18.
5. Жилинская, М. Возрожденный «Стары млын» / М. Жилинская // Народная газета. – 2000. – 9 жн. – С. 4.
6. Жучка, М. «Стары млын» збірае майстроў / М. Жучка // Рэспубліка. – 2005. – 28 верас. – С. 4.
7. Касаткіна, Ф. Новае жыццё «Старога млына» / Ф. Касаткіна // Пастаўскі край. – 2006. – 2–3 верас. – С. 5.
8. Лістапад, Ю. А ў млыне старым ткуць гісторыю кросны / Ю. Лістапад // Народная газета. – 2001. – 20 чэрв. – С. 4.
9. Лукович, Н. Старая мельница – хранительница традиций / Н. Лукович // Народнае слова. – 2006. – 10 студз. – С. 5.
10. Пастаўскі Дом рамёстваў «Стары млын» // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 570–571.
11. Пашкевіч, Т. Пануюць творчасць і прыгажосць / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2018. – 18 дек. – С. 7.
12. Пішч, Г. І майстар-клас ад майстра / Г. Пішч // Пастаўскі край. – 2009. – 2 ліп. – С. 16.
13. Поставский Дом ремёсел «Стары млын» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 359–360.
14. Старая мельница собирает мастеров // 7 дней. – 2006. – 12 янв. – С. 9.
15. Шапавалава, А. МЛЫН творчасці і майстэрства / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2013. – 6 чэрв. – С. 6.
16. Шапавалава, А. Пахне хлебам саломка / А. Шапавалава // Пастаўскi край. – 2006. – 16 лістап. – С. 8.
17. Шапавалава, А. Спадчына ў фота і рамёствах / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2018. – 14 сак. – С. 4.
18. Шапавалава, А. Ткуць, плятуць, вышываюць, распісваюць... / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2018. – 7 чэрв. – С. 6.
СПАСЫЛКІ