Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Шаркаўшчынскі раён. Вялікая Айчынная вайна

Афіцыйна пра пачатак вайны на Шаркаўшчыне стала вядома з выступлення па радыё намесніка старшыні СНК СССР В. М. Молатава 22 чэрвеня 1941 года.

Прамова Молатава і тут жа бамбёжка чыгуначнай станцыі ў Шаркаўшчыне выклікалі сярод насельніцтва збянтэжанасць і трывогу. Як патрывожаныя пчолы, загулі людзі. Яны збіраліся групамі і абмяркоўвалі на ўсе лады гэту жахлівую і нечаканую падзею – пачатак вайны.

«...Я даведаўся, што першы сакратар райкама і амаль усе камуністы раёна, не прызваныя ў Чырвоную Армію, застаюцца на месцы для арганізацыі партызанскага руху, што раённыя грузавыя аўтамашыны возяць ў Пілацкі бор і іншыя вялікія лясы зброю і харчовыя прадукты для першых партызанскіх баз...» (М. Машара).

Немцы ў нашых мясцінах з’явіліся на трэці дзень вайны. Паветраных баёў над тэрыторыяй Шаркаўшчыны не назіралася.

Падрыхтаваць захопленыя землі для нямецкай каланізацыі – такая была мэта акупацыйнага рэжыму. Ідэалагічнай яго асновай з’яўлялася тэорыя нацыстаў пра расавую перавагу нямецкай нацыі над іншымі народамі, пра неабходнасць пашырэння жыццёвай прасторы для немцаў i права на сусветнае панаванне «Трэцяга рэйха» – вялікай германскай імперыі. Асобныя яго палажэнні былі выкладзены Гітлерам у сакрэтным мемарандуме «Некаторыя думкі пра абыходжанне з насельніцтвам на Усходзе» ад 25 мая 1940 г., у плане «Барбароса», які вызначаў стратэгію i тактыку нападу на СССР, генеральным плане «Ост» – праграме каланізацыі тэрыторыі, германізацыі, высялення i знішчэння народаў Усходняй Еўропы, у тым ліку i беларусаў. Гэтыя асноўныя ix палажэнні дапаўняліся загадамі, інструкцыямі галоўнакамандавання ўзброеных сіл i іншых ведамстваў гітлераўскай Германіі, у якіх жорсткі тэрор, вынішчэнне насельніцтва, ліквідацыя ідэалагічных i палітычных асноў дзяржавы ўзводзіліся ў ранг дзяржаўнай палітыкі.

Віцебская вобласць, у тым ліку i Шаркаўшчына, была аднесена да так званай вобласці армейскага тылу групы армій «Цэнтр». У сваю чаргу – яе тэрыторыя, як i іншыя, падзялялася на aкpyгi (гебіты). Тэрыторыя Шаркаўшчыны ўваходзіла ў Глыбоцкую акругу, якую ўзначальваў гебітскамісар Яўген Карл (забіты партызанамі ў кастрычніку 1943 г.), пазней Паўль Гахман.

Раённую ўправу ўзначальваў бургамістр. На тэрыторыі былых сельсаветаў былі створаны воласці на чале з валаснымі старшынямі, у вёсках прызначаліся старасты, солтысы, войты.

Шматлікія карныя арганізацыі i спецыяльныя часці – служба бяспекі (СД), зондэркаманды, тайная палявая паліцыя (ГФП), фельдкамендатуры, ортскамендатуры, паліцыя, жандармерыя, ахоўныя паліцэйскія часці – усё было кінута супраць нашых людзей.

Асобную ролю ў сістэме ваенна-фашысцкага акупацыйнага апарату на тэрыторыі «вобласці армейскага тылу» выконвала тайная палявая паліцыя (ГФП). У ГФП набіраліся супрацоўнікі гестапа, нямецкай паліцыі і іншых карных органаў. Каманды ГФП пры мясцовых камендатурах i axoўных дывізіях дзейнічалі ў кантакце з паліцыяй бяспекі i СД, палявой жандармерыяй і iншымі карнымі органамі.

Уся сістэма адміністрацыйнага кipaвання будавалася паводле прынцыпу «фюрэрства», што давала неабмежаваную ўладу акупантам у дачыненні да цывільнага насельніцтва.

Для падтрымання «новага парадку», масавага крывавага тэрору, была створана сістэма нямецка-паліцэйскіх гaрнізонаў, а таксама апорных пунктаў дапаможнай паліцыі службы парадку, у якую ўваходзілі мясцовыя жыхары, што пайшлі на службу да акупантаў.

На тэрыторыі раёна ў найбольш буйных населеных пунктах размяшчаліся нямецка-паліцэйскія гарнізоны: у г. п. Шаркаўшчына (220 чалавек, акрамя гэтага там было 90 чалавек літоўцаў), у м. Ёды (60 чалавек), гарнізон БКА у маёнтку Чырвоны Двор (600 чалавек), у в. Казінцы (180 чалавек), у в. Гнілое Балота (150 чалавек), у в. Казакі (80 чалавек), у в. Бардзенцы (35 чалавек), у в. Грыгараўшчына (45 чалавек). У невялікіх вёсках апорай старастаў былі 2–3 мясцовыя паліцэйскія. Агульная колькасць узброеных гітлераўцаў i іх памагатых у раёне складала звыш 1500 чалавек.

Кола людзей, якія падвяргаліся тэрору, увесь час пашыралася. Фашысты знішчалі партыйна-савецкі актыў, асобныя сем’і, палілі вёскі разам з людзьмі. Насельніцтва было пазбаўлена ўсялякіх грамадзнскіх правоў, свабоды,усюды ўводзілася надзвычайнае становішча, сістэма заложнікаў.

У населеных пунктах пастаянна вывешваліся шматлікія загады i распараджэнні глыбоцкага гебітскамісара, начальніка паліцыі. Кожны загад утрымліваў бясконцыя «забараняецца», «не дазваляецца», «канфіскуецца», «смяротная кара».

Уводзілася вельмі многа падаткаў, якія павінна было плаціць насельніцтва. Акрамя асноўных былі i дадатковыя – падатак на дом, жывёлу, птушку i г. д. Сельскае насельніцтва абкладвалася акрамя падаткаў рознымі паборамі, прымусовымі пастаўкамі, працоўнымі павіннасцямі. Нарабаваныя прадукты i жывёлу акупанты пастаўлялі сваёй арміі i вывозілі ў Германію.

Беларускі народ узняўся на ўсенародную вайну супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У раёне былі створаны падпольныя i камсамольскія арганізацыі, тысячы людзей пайшлі ў партызанскія атрады. Пад выглядам барацьбы з партызанамі акупанты праводзілі карныя аперацыі супраць цывільнага насельніцтва i масава знішчалі яго. У загадзе Гітлера ад кастрычніка 1942 г. гаварылася, што барацьбу з партызанамі трэба весці з «самай бязлітаснай жорсткасцю», што ў гэтай барацьбе не павінна быць палонных, бо яна вядзецца да поўнага вынішчэння. Гітлераўцы ўсюды ажыццяўлялі палітыку генацыду i «выпаленай зямлі». Гэта нацысцкая палітыка ва ўсёй паўнаце праявілася ў перыяд правядзення карных аперацый, якія ўяўлялі сабой сукупнасць тэрарыстычных акцый ваеннага, палітычнага, эканамічнага характару, мелі на мэце задушыць партызанскі рух, знішчыць як мага больш насельніцтва, устанавіць непадзельнае панаванне фашысцкай улады на акупіраванай тэрыторыi.

У лістападзе 1942 г. такая аперацыя прайшла ў Браслаўскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах пад кодавай назвай «Нюрнберг». Пасля таго як немцам не ўдалося знішчыць партызан у Казянскіх лясах, яны вырашылі стварыць у партызанскай зоне «мёртвую» пустыню.

Фашысты расстралялі i зажыва спалілі жыхароў вёсак Kушталі, Свілы, Трабаўшчына, Строна, Журавоўшчына, Куялеўшчына, Бялкова, Сялібка, Ігнацева, Падрэзаўшчына, Станіславова. Спалены былі i самі гэтыя вёскі. Сведкі падзей успамінаюць, што крыкі пакутнікаў у вогненным пекле – жанчын, дзяцей, старых – былі чутны за некалькі кіламетраў. Восенню 1942 г. у Шаркаўшчынскім раёне было спалена 11 вёсак, расстраляна каля 700 мірных жыхароў.

Карныя экспедыцыі фашыстаў паўтараліся не адзін раз. У кастрычніку 1943 г. былі поўнасцю або часткова, разам з жыхарамі, спалены вёскі Ёды, Ёрзаўка, Буда Бліжняя, Буда Дальняя, Валашчанскія, Высокае, у 1944 г. – Чарамхова, Грыблы.
Некалькі вёсак з гэтага жалобнага cпіска зніклі з твару зямлі назаўсёды. Не адрадзіліся больш пасля вайны Ігнацева, Падрэзаўшчына, Сялібка, Бялкова, Строна, Ёрзаўка.

Яшчэ адна трагічная старонка акупацыйнага рэжыму ў нашым раёне звязана з фашысцкім генацыдам у адносінах да яўрэйскага насельніцтва. Адразу ж пасля акупацыі раёна фашысты сагналі яўрэйскае насельніцтва Шаркаўшчыны ў колькасці 1600 чалавек у гета. Над вязнямі гета здзекваліся, ix білі, ганялі на цяжкія работы, рабавалі ў ix каштоўныя рэчы.

У мai – чэрвені 1942 г. адбыліся крывавыя расправы над вязнямі. Іх расстрэльвалі з вінтовак i кулямётаў, кідалі гранаты, палілі тэрыторыю гета гаручай вадкасцю. Дзесяткі людзей у агні згарэлі жывымі. Усяго ў той час было расстраляна i закатавана 800 чалавек.
Расправа над яўрэйскім насельніцтвам была ўчынена i ў мястэчку Ёды. На працягу двух сутак фашысты вялі масавы расстрэл людзей, якіх скідвалі ў вялікую яму. Усяго было забіта 450 чалавек.

Паводле даных надзвычайнай камісіі ад 17 мая 1945 г., нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Шаркаўшчынскім раёне былі расстраляны 1882 чалавекі.

Усяго па раёне за гады акупацыі фашысты закатавалі, расстралялі i павесілі 2027 мірных грамадзян. Сярод ахвяр фашысцкага тэрору шмат дзяцей. У Германію за гады акупацыі ў фашысцкае рабства былі вывезены 1484 жыхары Шаркаўшчынскага раёна.

На Шаркаўшчыне, як i па ўсёй Беларусі, з першых дзён акупацыі разгарнулася актыўная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У дырэктыве СНК СССР i ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. ставіліся канкрэтныя задачы па арганізацыі падпольнай i партызанскай барацьбы па захопленай гітлераўцамі тэрыторыі: «Ствараць невыносныя ўмовы для ворага i ўcix яго пасобнікаў, праследаваць i знішчаць ix на кожным кроку, зрываць усе ix мерапрыемствы».

З мэтай выканання ўказанняў ЦК ВКП (б) на наступны дзень была прынята адпаведная дырэктыва аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партарганізацый раёна. У дырэктыве рэкамендавалася пры стварэнні падпольных ячэек, у мэтах ix большай канспірацыі, падбіраць камуністаў, малавядомых у горадзе i раёне, дапускаючы перакідку з іншых раёнаў i прадпрыемстваў. Вылучаных для падпольнай работы супрацоўнікаў рэкамендавалася своечасова перавесці на нелегальнае становішча, праінструктаваць i азнаёміць з умовамі падпольнай работы. Новая дырэктыва партыйным, савецкім i камсамольскім арганізацыям па разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага прынята 1 ліпеня 1941 г. У ёй адзначалася, што «ўся тэрыторыя рэспублікі павінна быць пакрыта густой сеткай партызанскіх атрадаў».

У першыя месяцы вайны на тэрыторыі раёна пачалі ўзнікаць антыфашысцкія падпольныя камсамольскія групы. У хуткім часе яны былі створаны i дзейнічалі ў многіх вёсках. Найбольш працаздольнай сярод ix была Полаўская падпольная камсамольская арганізацыя «За Радзіму». 27 чэрвеня 1941 г. па ініцыятыве члена бюро райкама камсамола Генадзя Лысёнка непадалёку ад вёскі Малая Агальніца тайна сабраўся камсамольскі сход. Прысутнічалі Bociп Гінько (в. Пятровічы), Эма Бараноўская, Эдмунд Кухальскі (в. Балаі), Ананій Невядомскі (в. Рымкі), Сяргей Дзіковіч (в. Чаромушкі) i іншыя. У склад арганізацыі ўвайшоў 31 чалавек. Сакратаром стаў Генадзь Лысёнак.

Сход вызначыў бліжэйшыя мэты камсамольскай арганізацыі: здабываць зброю для падпольнай i партызанскай барацьбы, зрываць расклееныя нямецкія загады i распараджэнні, заклікаць насельніцтва не выконваць ix. У мэтах канспірацыі ніякіх запісаў на сходзе не вялося.

Так пачалася падпольная дзейнасць маладых патрыётаў. Яны знайшлі некалькі вінтовак з запасам патронаў. Аўтамат здабыў Нікандр Дзіковіч з вёскі Чаромушкі – выкраў у немца, калі той купаўся ў возеры. Гэты аўтамат быў перададзены афіцэрам Чырвонай Аpмii Цыганкову i Волкаву, якія ўцяклі з нямецкага палону. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся афіцэры Аляксей Акайкін i Фёдар Піўкін, якія таксама ўцяклі з палону. У будучым усе яны ўвайшлі ў камандны склад партызанскай брыгады «Спартак», якая сфарміравалася ў Казянскіх лясах, юнакі i дзяўчаты аказвалі дапамогу савецкім воінам, трапіўшым у акружэнне, хавалі ix у надзейных месцах, лячылі параненых, збіралі зброю.

Камсамольцы-падпольшчыкі вялі агітацыйную работу сярод сялян навакольных вёсак.

У ліпені – жніўні 1941 г. Полаўская падпольная камсамольская арганізацыя «За Радзіму» ўстанавіла сувязі з найбольш надзейнымі камсамольцамі вёсак Пятровічы, Алашкі, Bacюкi, Жданы, Ляскова, Андроны, Pycaкi, Сямёнавічы, Чаромушкі, Рымкі, Невядомшчына. У гэтых вёсках былі створаны невялікія (3 – 5 чалавек) падпольныя камсамольскія групы.

Жыхар вёскі Малая Агальніца Уладзімір Васільевіч Ходзюш не здаў нямецкім уладам, як гэта патрабавалася ў загадах, свой дэтэктарны радыёпрыёмнік, а перадаў яго камсамольцам-падпольшчыкам Антону Сікоры, Эдуарду Кухальскаму, Генадзю i Паўлу Лысёнкам. Яны ўстанавілі прыёмнік у лесе i вечарамі слухалі Маскву, зводкі Саўінфармбюро.

Здабылі падпольшчыкі пішучую машынку. Іра Катлярэўская раздрукоўвала зводкі Саўінфармбюро, а таксама лістоўкі з заклікам да насельніцтва не верыць фашысцкай прапагандзе, помсціць ворагу за яго злачынствы. Зводкі вывешваліся ў Шаркаўшчыне, Плісе, Глыбокім i ў вёсках.

У кастрычніку 1941 г., калі немцы гаварылі мясцоваму насельніцтву аб разгроме Чырвонай Аpмii, аб хуткім парадзе cвaix войскаў у Маскве, жыхары Паставаў, Шаркаўшчыны, Варапаева, Казян, Полава, Пятровіч, Белек, дзе размяшчаліся варожыя гарнізоны, мелі магчымасць даведацца праўду з лістовак. У адной з ix гаварылася: «Дарагія сябры! Не верце гебельсаўскай прапагандзе. Чырвоная Армія хутка пагoніць гітлераўцаў з нaшaй зямлі. Давайце будзем помсціць ворагу i яго памагатым за здзекі над народам. Здабывайце зброю i рыхтуйцеся да бітвы!» (Унізе подпіс – Штаб камсамольскай арганізацыі «За Радзіму».)

Цяжкай i пакутлівай для падпольшчыкаў была восень 1941 г. Усюды – расстрэлы, здзекі над мірнымі жыхарамі. Bёcкi былі запоўнены немцамі i ix прыслужнікамі. Нямецкае радыё, ix мясцовыя газеты крычалі аб перамогах гітлераўцаў. Напрыклад, у газеце, што выдавалася ў Паставах, паведамлялася, быццам у Маскве i Ленінградзе ідуць апошнія вулічныя бai. У эфіры пастаянна гучалі прамовы Гітлера, Гебельса, пераможныя маршы.

У гэты нялёгкі час у доме Aнанія Невядомскага ў вёсцы Рымкі адбыўся другі сход падпольнай камсамольскай aрганізацыі «За Радзіму». На ім прысутнічалі юнакі і дзяўчаты вёсак Полава, Рымкі, Невядомшчына, Сямёнавічы, Жукоўшчына, Пятровічы, Малая Агальніца. Сход завяршыў арганізацыйнае афармленне падпольнай камсамольскай арганізацыі, у якую ўвайшлі камсамольцы гэтых вёсак. Задачы ставіліся ранейшыя: збор зброі, падрыхтоўка да партызанскай барацьбы, выкрыццё хлусні нямецкай прапаганды, расшырэнне i ўмацаванне радоў падпольшчыкаў.

Гэта быў aпoшні агульны камсамольскі сход падпольшчыкаў. На ім было вырашана ў мэтах канспірацыі сходы праводзіць у групах.

Некалькі такіх сходаў праводзілася ў доме М. Трабы, на якіх, як правіла, прысутнічалі Генадзь Лысёнак, Aнаній Невядомскі, Пётр Балай, браты Мікалай і Канстанцін Брэскія, Пётр Райчонак i іншыя. Так была ўстаноўлена сувязь ад вёскі Казяны да Шаркаўшчыны. Такім чынам, падпольшчыкі папярэджвалі адзін аднаго аб небяспецы, аб мерапрыемствах немцаў i паліцэйскіх. Хлопцы i дзяўчаты насілі падпольныя мянушкі: Горды, Малады Арол, Кіслы, Земфіра, Поля, Стрэлка.

Зашыфроўвалася па ўстаноўленай сістэме перапіскa падпольшчыкаў з партызанамі.

Цэнтральнай з падпольных камсамольскіх груп была Рымкаўская. Сюды сцякалася інфармацыя з іншых груп, тут рэдагаваліся лістоўкі са зваротам да насельніцтва.

Рады падпольшчыкаў множыліся. У 1942 г. былі створаны групы ў многіх вёсках. Кіраваў імі штаб АФА (антыфашысцкіх арганізацый) на чале з Мікалаем Брэскім. Ад імя партызан i штаба АФА складаліся i распаўсюджваліся лістоўкі, пісьмы, сатырычныя карыкатуры, якія высылаліся павятовым начальнікам i старастам, глыбоцкаму гебітскамісару, паліцэйскім.

Падпольныя партыйныя, камсамольскія, антыфашысцкія арганізацыі i групы адыгралі значную ролю ў разгортванні партызанскага руху, актыўнай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У жніўні 1942 г. у Казянскія лясы з 2-й i 3-й Белаpycкix партызанскіх брыгад было накіравана 72 чалавекі для далейшага развіцця i актывізацыі партызанскага руху. Гэта быў партызанскі атрад «Спартак». 9 верасня 1942 г. ён напаў па варожы гарнізон у м. Ёды. Партызаны спалілі паліцэйскі ўчастак, гміну, пошту, маслазавод.

15 верасня 1942 г. камандаванню партызанскага атрада «Спартак» ад жыхароў навакольных вёсак стала вядома, што ў вёску Казяны рухаецца карны атрад колькасцю 600 чалавек. Трэба было чаго б гэта ні каштавала разграміць варожую групоўку. Партызаны выставілі насустрач карнікам засады па 8–10 чалавек. Падпусціўшы ворага зусім блізка, яны раптоўна адкрылі па фашыстах моцны агонь. Народныя мсціўцы падбілі i спалілі 2 аўтамашыны, захапілі 30 веласіпедаў, шмат верхняга абмундзіравання, з боем увайшлі ў Казяны. Тут яны спалілі будынак паліцыі i забілі некалькі паліцэйскіх, раздалі жыхарам 30 тон збожжа, якое нарабавалі гітлераўцы ў мясцовага насельніцтва. Гітлераўцы паспрабавалі ў Казянах аднавіць гарнізон. 3 лістапада 1942 г. сюды прыбылі 180 салдат i афіцэраў. Падпольшчыкі паведамілі аб гэтым у атрад «Спартак». У ноч на 4 лістапада 1942 г. партызаны разграмілі гарнізон, знішчылі каля 50 фашыстаў, 13 захапілі ў палон. Больш гарнізон у гэтай вёсцы не аднаўляўся.

Тым часам у рады народных мсціўцаў уступілі 50 падпольшчыкаў. Яны добра ведалі мясцовасць, што дало магчымасць наносіць па ворагу трапныя ўдары.

З цягам часу атрад вырас у брыгаду «Спартак». Камандзірам брыгады быў прызначаны А. М. Панамароў, камісарам М. К. Ігнацьеў. У яе увайшлі 1, 2, 3-i атрады, пазней сфарміраваны 4, 5 i 6-ы. На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Аpмii ў брыгадзе налічваліся 674 партызаны.

Партызаны засылалі падпольшчыкаў у нямецка-паліцэйскія гарнізоны. Нярэдка яны ўладкоўваліся там на работу. Мікалай Брэсцкі i Пётр Балай былі засланы ў варапаеўскі гарнізон. Тут яны даведаліся аб колькасці немцаў, паліцыі i самааховы, ix узбраенні, агнявых кропках, аб карных акцыях, якія рыхтаваліся супраць партызан i мірнага насельніцтва. Ім удалося захапіць каштоўныя паперы, бланкі пашпартоў, пячаткі, пішучую машынку, падпаліць біржу працы i вярнуцца да партызан. У гарнізоне засталіся сувязныя, з якімі падтрымлівалася сувязь аж да вызвалення.

Восенню 1942 г. на Шаркаўшчыне пачаў дзейнічаць партызанскі атрад «Кастрычнік», які праз год вырас да 300 чалавек. Папаўняўся атрад добраахвотнікамі з ліку мясцовых жыхароў. У веpacнi 1943 г. на базе атрада была створана партызанская брыгада «Кастрычнік». Камандзірам яе стаў Фёдар Кірылавіч Юрчанка (Вятроў), камісарам Іван Іосіфавіч Юкша. Партызанская брыгада дзейнічала на тэрыторыі сучасных Шаркаўшчынскага, Miёpскaга, Глыбоцкага, Браслаўскага раёнаў. Баявыя аперацыі партызаны праводзілі ў раёне вёсак Лужкі, Германавічы, Красоўшчына, на шашэйных дарогах Лужкі – Дзісна, Лужкі – Глыбокае, Германавічы – Miёры, Дзісна – Miёры, Miёры – Друя. Народныя мсціўцы з брыгады «Кастрычнік» вялі бai па разгроме гарнізонаў праціўніка, рабілі засады, праводзілі дыверсійныя аперацыі, актыўна ўдзельнічалі ў рэйкавай вайне.

Для збору звестак, патрэбных партызанам, у атрад самааховы ў Шаркаўшчыну быў засланы Bacіль Вярцінскі. Неаднаразова ў Паставы i Браслаў для ўстанаўлення сувязі з мясцовымі патрыётамі i збору разведданых нaкipoўвалася камсамолка-падпольшчыца Клаўдзія Шынкевіч. Камсамольцы з вёскі Балаі Эме Бараноўскай было даручана ў 1942 г. прабрацца ў глыбоцкі гарнізон i на вузлавую станцыю Крулеўшчызна. Ёй удалося ўладкавацца на працу ў кyxнi нямецкай гapнiзoннай сталовай. Падпольшчыкі лічылі тады, што для барацьбы ўсе сродкі падыходзяць. I яны з дапамогай партызан раздабылі для немцаў «прыправу» ў ежу – cтрыхнін. Эму выклікалі на явачную кватэру ў вёску Мажэйкі, дзе i ўручылі пакет з белым парашком. Яна яго перад абедам i падсыпала ў кацёл з баршчом.
У г. Глыбокае Э. Бараноўская пазнаёмілася з галоўным урачом бальніцы – хірургам Пятром Сланько i яго жонкай, медыцынскай сястрой Валянцінай. Менавіта пры ix садзеянні Эма пераправіла партызанам шмат медыкаментаў, медыцынскix інструментаў, а таксама i разведданыя. У 1943 г. яна, xipypг з жонкай i двое ўласаўскіх салдат са зброяй i боепрыпасамі на грузавым аўтамабілі прыбылі да партызан.

Вялікае значэнне для актывізацыі партызанскай i падпольнай барацьбы супраць ворага мела пастанова лютаўскага Пленума ЦК КП(б)Б 1943 г. «Аб абставінах i задачах работы партыйных органаў i партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі», а таксама пастанова Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б ад 17 верасня 1943 г. «Аб росце партызанскага руху i вылучэнні на кіруючую работу мясцовых кадраў». Гэтыя дакументы прапаноўвалі на месцах глыбока вывучаць палітычнае становішча, уважліва адносіцца да людзей, найбольш свядомых уцягваць у падпольную i партызанскую барацьбу. Адзначалася, што ў атрадах актывізаваліся баявыя дзеянні партызан, папоўніліся ix рады за кошт камсамольскага падполля i антыфашысцкіх груп. Не толькі для партызан, але i ў населеных пунктах чыталіся даклады, праводзіліся гyтapкi, арганізоўваліся мітынгі i сходы, прысвечаныя рэвалюцыйным святам, выдатным падзеям у жыцці крaiны.

У 1943 г. былі ўпарадкаваны партызанскія фарміраванні i кіраўніцтва iмi. 29 жніўня 1943 г. быў арганізаваны Пліскі падпольны райкам КП(б)Б. Сакратаpaмi зацверджаны Ф. К. Юрчанка (Вятроў), А. М. Кулічкоў. Шаркаўшчынскі райкам КП(б)Б быў створаны 11 верасня 1943 г. (сакратар Ф. К. Акулаў), 14 верасня 1943 г. пачаў дзейнічаць Шаркаўшчынскі падпольны райкам камсамола. Пліскі падпольны райкам камсамола як калегіяльны орган стаў працаваць з 15 снежня 1942 г. Шаркаўшчынскі падпольны райкам ЛКСМБ стварыў камсамольскія арганізацыі ў партызанскix атрадах. Сакратарамі сталі: у атрадзе імя Жданава – І. 3яленскі, імя Kipaвa – П. Пілецкі, імя Молатава – А. Пелюшэнка, імя Варашылава – Г. Гінько. З верасня 1943 г. па 1 студзеня 1944 г. прынята ў камсамол 39, адноўлена 14 чалавек.

Па заданні Шаркаўшчынскага падпольнага райкама ЛКСМБ пачаў служыць у БКА ў Чырвоным Двары (за 1 км ад Шаркаўшчыны) Віктар Недзведзь. Яго залічылі салдатам у 3-ю роту. Малады патрыёт расказваў аб падзеях на фронце, аб дзяржаўнай палітыцы фашысцкай Германіі. Адпаведная прапагандысцкая работа прынесла плён. 40 чалавек з 3-й роты БКА перайшлі на бок партызан.

Камандаванне партызанскай брыгады «За Радзіму» даведалася шмат цікавага пра ворага з паведамленняў Biктара Недзведзя. Вось адно з данясенняў: «У Шаркаўшчыне цяпер 40 паліцаяў. Кожнаму выдадзена вінтоўка i па 5 гранат. 60 літоўскіх нацыяналістаў узброены вiнтoўкaмi, аўтаматамі, маюць 2 станковыя кулямёты i 5 ручных. Ёсць 60 самаахоўцаў, узброены слаба. Шаркаўшчына цяпер баіццa партызан. Калі на яе наступаць, то цяпер самы час. У Чырвоным Двары, за 1 км ад Шаркаўшчыны, стаіць адзін батальён БКА. Узброены слаба: адзін кулямёт, 2 «дзегцяры», 30 гранат, астатнія – вiнтoўкi.

Двор Базымполле не ахоўваецца. Уначы там стаяць 15 самаахоўцаў. Мост у Рапаўцах ахоўвае 10 чалавек з БКА...».

Такая інфармацыя, безумоўна, арыентавала камандаванне брыгады на выкананне таго ці іншага задання ў першую чаргу.

Па заданні падпольнага райкама камсамола ў агентурных мэтах быў накіраваны ў Пастаўскую духоўную ceмiнарыю камсамолец Іосіф Лысёнак з вёcкi Вялікія Алашкі. Ён увайшоў у давер да начальніка павятовай управы Дасюкевіча. Аднойчы ў памяшканні ўправы, дзе знаходзіліся нямецкія служачыя, І. Лысёнкам была закладзена мiнa. Узрыў выклікаў вялікі перапалох. Пасля гэтага служачыя пакінулі працу, частка з ix перайшла да партызан. Сталі партызанaмi 7 слухачоў cемінарыі.

Тым часам партызаны наносілi ўдары па нямецка-паліцэйскіх гарнізонах, узрывалі масты, знішчалі тэлефонную сувязь, выратавалі coтні людзей ад вывазу на прымусовыя работы ў Германію. У вepacнi 1943 г. на базе асобных атрадаў П. М. Шырокава (дзейнічаў з лістапада 1942), А. Ф. Ячмянёва (арганізаваны ў мai 1943), У. Ц. Антонава i І. Ф. Бандарэнкі (арганізаваныя ў вepacнi 1943) была створана партызанская брыгада «За Радзіму». Яна дзейнічала на тэрыторыі Шаркаўшчынскага, Маладзечанскага, Відзаўскага, Браслаўскага раёнаў. У Пліскі раён перадыслацыравалася брыгада «Кастрычнік». У Шаркаўшчынскім, Пастаўскім, Смаргонскім, Ашмянскім i Астравецкім раёнах дзейнічала брыгада імя М. Ф. Гастэлы. Партызаны актыўна ўдзельнічалі ў «рэйкавай вайне».
Шаркаўшчынскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Полацкай наступальнай аперацыі, якая разгортвалася на першым этапе вядомай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён». Было гэта летам 1944 г.Баявыя дзеянніі па вызваленні раёна вялі злучэнні 2-га гвардзейскага корпуса 6-й гвардзейскай арміі, 60-га стралковага корпуса 43-й арміі, 1-ы танкавы корпус i 46-я асобная механізаваная брыгада.

Асноўную задачу па вызваленні раёна выконвалі наступныя часці: 44-я мотастралковая брыгада, 89-я танкавая брыгада, 117-я танкавая брыгада, 10-ы асобны гвардзейскі мінамётны дывізіён, 108-ы мінамётны полк (1-ы танкавы корпус), 166-я стралковая дывізія, а ў яе складзе 1406-ы зенітна-артылерыйскі полк (2-i гвардзейскі корпус 6-й гвардзейскай арміі).

Галоўная лінія наступлення на праціўніка ішла ў напрамку ад Ветрына на Лужкі, дзе часці Чырвонай Арміі 30 чэрвеня 1944 г. замацаваліся на рубяжы Лужкі – Лучайка – Залессе. Далей баявыя злучэнні наступалі на Германавічы, Дзікева, Жукі Дальнія. Моцныя бai разгарнуліся за Германавічы, дзе праціўнік меў задачу не дапусціць пераправы войскаў Чырвонай Арміі цераз Дзісну. У гэтых баях актыўна ўдзельнічалі танкавыя брыгады, мінамётныя дывізіёны, якія падаўлялі жорсткае супраціўленне нямецкай артылерыі i aвiяцыі. Мост цераз Дзісну быў захоплены часцямі 89-й танкавай брыгады.

Праславіліся пры абароне пераправы ў Германавічах зенітчыкі 1406-га палка. Яны мужна адбілі моцныя атакі нямецкай авіяцыі, не дапусцілі знішчэння моста цераз Дзісну i спынення руху калон нашых войскаў i тэхнікі.

Батарэя капітана Сяргея Міхайлавіча Прохарава адбіла атакі дзесяткаў варожых самалётаў. Калоны воінскіх часцей i тэхніка страт не панеслі. Гераічныя зенітчыкі збілі ў тым бai 8 самалётаў. Мужнасць пры выратаванні палкавога сцяга праявілі капітан Макар Іванавіч Клюйко, старшы лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Дзярабін, радавыя Мікалай Іванавіч Земскі i Аляксей Фёдаравіч Шырокаў.

Ад Германавіч наступленне развівалася на Шаркаўшчыну. Было гэта раніцай 1 ліпеня 1944 г. Праціўнік адступаў, але аказваў упартае супраціўленне. Бai адбыліся на рубяжах Шышкі, Пашкі, фальварак Шмель.

1 ліпеня 1944 г. часцямі 44-й мотастралковай брыгады пад камандаваннем Аляксандра Іванавіча Халаева фашысцкія войскі былі выбіты з Шаркаўшчыны. Далей 44-я брыгада, 108-ы мінамётны полк, 10-ы дывізіён i іншыя злучэнні выступілі ў напрамку Шаркаўшчына – Ёды, Браслаў, Дзвінск з задачай фарсіраваць Заходнюю Дзвіну i да канца 4 ліпеня 1944 г. завалодаць горадам Дзвінск.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў за перыяд з 23 чэрвеня 1944 г. па 31 ліпеня 1944 г. у 44-й мотастралковай брыгадзе былі ўзнагароджаны ордэнамі i медалямі 1346 чалавек, а камандзір брыгады падпалкоўнік Аляксандр Іванавіч Халаеў – ордэнам Суворава II cтупені.

Войскі 6-й гвардзейскай apмii да канца дня 3 ліпеня 1944 г. з баямі выйшлі на рубеж Дрыса, Міёры, возера Укля, Ёды, Журавоўшчына.

Але i пасля вызвалення Шаркаўшчыны нямецкая авіяцыя яшчэ рабіла налёты на райцэнтр. Так, 4 ліпеня 1944 г. самалёты праціўніка бамбілі калону 89-й танкавай брыгады на маршы i пераправу цераз Дзісну. На працягу трох налётаў мост у Шаркаўшчыне быў разбураны.

У час Вялікай Айчыннай вайны была разбурана народная гаспадарка раёна. Зруйнавана і вывезена ў Германію 709 жылых дамоў, 1130 гаспадарчых пабудоў, знішчана 1276 сельгасмашын, 2655 галоў коней, 7785 галоў буйной рагатай жывёлы, 4558 свіней, 9450 авечак. Выведзены са строю чыгунка, хлебапякарня, 3 цеплавыя заводы, 4 млыны, фанерны, лесапільны заводы. Была разрабавана, знішчана маёмасць сялянскіх і першых калектыўных гаспадарак, разбураны школы, клубы, бібліятэкі. Агульныя страты, нанесеныя раёну за гады Вялікай Айчыннай вайны, складаюць 35–70 мільёнаў рублей (у грашовым вылічэнні 1946 г.). Амаль кожная сям’я панесла людскія страты.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ішла вайна народная // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 201–380.

2. Кожан, К. Баявы шлях палка / К. Кожан // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2004. – 23 чэрв. – С. 2.

3. Корсак, Э. «Под скрежет танков и отблеск штыков...» / Э. Корсак // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2005. – 30 крас. – С. 1.

4. Падпольны і партызанскі рух [Шаркаўшчынскага раёна] // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2009. – 2 ліп. – С. 3.

5. Райчонак, С. Маўклівыя сведкі сівой даўніны / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2016. – 9 студз. – С. 3.

6. Райчонак, С. Шаркаўшчынскаму раёну – 75 год! / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 14 студз. – С. 1.

7. Рослевич, З. Страницы истории / З. Рослевич // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2010. – 30 студз. – С. 2.

8. Слабовіч, У. Яны змагаліся за Радзіму, або Калектыўны партрэт землякоў-ветэранаў / У. Слабовіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2009. – 2 ліп. – С. 2.

9. Сосна, К. Гэта наша з табою біяграфія / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 4 сак. – С. 3–4.

10. Сосна, К. Шаркаўшчынскаму раёну – 70!: старонкі гісторыі / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2010. – 13 студз. – С. 1.

11. Так прыйшло вызваленне // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2002. – 8 мая. – С. 2.

12. Шпакоўская, Г. Пасярод вайны, у Пішчалёўцы / Г. Шпакоўская // Народнае слова.– 2002. – 22 чэрв. – С. 2.

13. Яцкевич, Т. Спартаковцы – смелые бойцы / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2005. – 3 сент. – С. 11.