Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Старажытны Друцк

3 30-ці мятровай вышыні крутых валаў верхняга горада адкрываецца маляўнічая панарама знакамітых Друцкіх палёў. Акрамя мілагучнага перазвону, што плыве ад мясцовай царквы, нішто, здаецца, не парушае іх цішыні. Мінулае – бессмяротнае, яно жыве ва ўсім, што створана рукамі нашых продкаў: прыладах працы, рэштках глінянага посуду, шкляных бранзалетах, рукапіснай кнізе... Дзякуючы кнізе, а дакладней, запісу на адной са старонак Друцкага Евангелля – рэдкага помніка ўсходнеславянскага пісьменства, удалося вызначыць, што «В лето 6509 (1001) створена бысць церкви сия святая Богородица вь граде во Дрютьсце...».

3 летапісаў бачна, што ў XI–XII стст. Друцк уваходзіў у склад Полацкай зямлі. Па ўзроўні эканамічнага развіцця Друцк уступаў толькі цэнтру княства – Мінску ды Віцебску. Адным словам, Друцк быў багатым і вядомым. Таму, відаць, далёкія і блізкія суседзі, ахопленыя сквапнасцю і надзеяй на лёгкую здабычу, з зайздрасцю і жахам пазіралі на яго ўмацаванні. Для многіх з іх бляск «золата» быў мацнейшы за ўсе іх жаданні і сумненні.

Асабліва трывожным у гісторыі старажытнага Друцка быў час, калі княжыў Усяслаў Брачыславіч. Шматлікія войны з суседзямі, асабліва з Кіеўскім княствам, знайшлі адлюстраванне ў пісьмовых і літаратурных крыніцах. Таленавіты гісторык і пісьменнік, аўтар «Слова аб палку Ігаравым» зрабіў паэтычны экскурс у XI ст. і ўславіў адважнага і мудрага князя–чарадзея Усяслава, якому кантрастуе Алег – родапачынальнік цэлай дынастыі драпежнікаў, зачыншчык шматлікіх міжусобных войнаў. У той час многія гарады былі разбураны.

Гістарычны лёс не быў літасцівы і да Друцка. Уладзімір Манамах засведчыў, што ў час яго княжання ў Смаленску ён двойчы хадзіў са сваімі войскамі ў Полацкую зямлю і не прамінуў магчымасці напасці на Друцк. У 1096 г. князь пакінуў такі запіс: «Усяслаў Полацкі спаліў Смаленск, і я паскакаў туды з чарнігаўцамі, але ўжо не застаў яго ў Смаленску. У пагоні за Усяславам я спаліў яго вобласці аж да Лукомля і Лагойска, накіроўваючыся то на Друцк, то да Чарнігава». 3 такіх паходаў князі звычайна вярталіся са шчодрай здабычай. Уладзімір Манамах таксама прагнуў багацця. Вядома, што ў 1078 г., калі ён вярнуўся з Друцка, дык адарыў свайго бацьку Усевалада Яраслававіча 150-ю фунтамі золата.

Стаўшы ў 1113 г. кіеўскім князем, Уладзімір Манамах праз два гады ідзе на Мінск. А дзеці яго Давыд і Яраполк накіравалі свае дружыны на Друцк і прыступам узялі горад. Пры гэтым Яраполк, які княжыў у Пераяслаўлі, паланіў усіх яго жыхароў і перасяліў на Палтаўшчыну. Праз паўтара дзясятка гадоў моц Друцка спрабуюць дружыны кіеўскага князя Мсціслава. Упэўнены ў перамозе, ён загадаў сваім ваярам: «В один день всим пустити на вороп, месяца августа в 11 день». Малазразумелае сёння слова «на вороп» – азначала раскраданне і разбурэнне. Відавочна, загад быў выкананы.

Дзякуючы працавітасці і жыццялюбству жыхароў горада і Друцкага княства, якое ўпершыню згадваецца пад 1146 г., гэтыя і іншыя раны былі залечаны. Больш таго, горад, зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў, робіць спробу ўплываць на ўнутраныя і знешнія справы на вялізных полацкіх абшарах. Гэта бачна з падзей, што адбываліся вакол полацкага князя Рагвалода Барысавіча, які пасля таго, як у 1151 г. палачане выступілі супраць яго, апынуўся ў Слуцку. Тут Рагвалод Барысавіч даведаўся, што дручане і шмат хто з жыхароў Полацка, якія пераехалі ў Друцк, гатовы актыўна падтрымаць яго ў барацьбе за вяртанне на трон. Летапісец засведчыў факт прыезду жыхароў Друцка ў Слуцк, там яны клікалі Рагвалода да сябе: «Приезжай, князь, не мешкай, рады мы тебе, если придётся станем биться за тебя и с детьми». Атрымаўшы дапамогу ад Святаслава з Чарнігава, былы полацкі князь накіраваўся да Друцка. Калі ў 1159 г. ён наблізіўся да горада, насустрач выехалі «более 300 людей Дрьючан и Полочан». Цёплая сустрэча Рагвалода адбылася і ў самім горадзе. Уласна Глеба Расціслававіча – сына Расціслава Глебавіча, які княжыў у Полацку, дручане прагналі. Пакрыўджаны Глеб падаўся да бацькі ў Полацк. Але той быў ужо няздольны дапамагчы сыну, бо палачане змянілі свае адносіны да Рагвалода і выказалі жаданне бачыць яго зноў на прастоле. Толькі пасля таго, як Расціслаў «одорив многими дарами и води к кресту» палачан, ён адважыўся выступіць супраць Рагвалода. Абаронцы Друцка аказалі моцнае супраціўленне. Не маючы сіл, каб атрымаць перамогу, знямоглыя бакі шукаюць магчымасць скончыць барацьбу. Прага міру дала вынікі. «Ростислав с Рогволодом целоваше крест межи собою», пасля чаго «воротился Ростислав с братею в свояси». Рагвалод зразумеў, што значэнне полацкага княжацкага трона яшчэ больш знізілася. Ён адмовіўся ад мэты дамагчыся яго і застаўся княжыць у Друцку.

У другой палове XII ст. залежнасць Друцка ад Полацка стала сімвалічнай. Друцкія князі самі прымаюць рашэнні, які бок падтрымаць у міжусобнай барацьбе. Уцягнуўшыся ў супрацьстаянне смаленскіх князёў з чарнігаўскімі, горад падтрымаў першых. У 1181 г. саюзнікі чакалі прыходу воінаў чарнігаўскага князя Святаслава. Але прывёў дружыну да сцен Друцка яго брат Яраслаў Усеваладавіч. Заняўшы пазіцыю на левым беразе Друці, ён цярпліва чакаў зручнага моманту, каб пачаць прыступ. Час ад часу лучнікі смаленскага князя Давыда перапраўляліся цераз раку і ўступалі ў сутычкі з чарнігаўскімі ваярамі. Такое «пасіўнае» супрацьстаянне доўжылася амаль тыдзень. Святаслаў падышоў да Друцка з наўгародскімі дружынамі. Давыд хутка ацаніў становішча і ноччу патаемна ўцёк у Смаленск. Лёс горада быў вырашаны.

Летапісныя звесткі XIII ст. аб Друцку вельмі скупыя і недакладныя. Вядома, што ў 1284 г. каля вёскі Магільна адбылася бітва паміж войскамі Вялікага князя Літоўскага Рынгвальта і кааліцыі рускіх князёў. На баку апошніх выступіў і друцкі князь Дзмітрый. Але войска саюзнікаў было разбіта, загінуў і Дзмітрый. Друцк і наваколле былі ўключаны ў ВКЛ. Ёсць звесткі аб тым, што ў час праўлення Гедыміна паміж ім і друцкім князем Іванам узнік канфлікт, у выніку чаго апошні ў 1340 годзе пакінуў Друцк і накіраваўся ў Маскву. У час барацьбы за велікакняжацкую пасаду паміж Свідрыгайлам і Вітаўтам апошні заняў Друцк, абвінаваціў яго князёў у спачуванні свайму саперніку і прымусіў «княжат друцких с боярам своими» прысягнуць яму.

Сваё палітычнае, эканамічнае і ваеннае значэнне Друцк пачаў страчваць з 1524 года. Менавіта тады ў выніку вострай сутычкі паміж ваярамі рускай дзяржавы і Вялікага княства Літоўскага ён быў разбураны і спалены. Руска-літоўскія і руска-польскія войны, калі горад не раз пераходзіў з рук у рукі, паставілі яго ў шэраг пазаштатных і паўзабытых. Разбурэнні і паборы з абодвух бакоў давялі горад да ўзроўню малалюднага мястэчка. Адзін з буйнейшых і старажытнейшых цэнтраў беларускай зямлі, які, дарэчы, быў вядомы раней чым Масква, Мінск ці Орша, у пачатку XX ст. уяўляў беднае паселішча, у якім жыло каля 600 чалавек.

Даследаванні археолагаў і вядомыя нам пісьмовыя крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што старажытны Друцк быў важным абарончым пунктам. Агульная вышыня яго ўмацаванняў раўнялася 7-павярховаму дому. Шырыня ракі Друць таксама была даволі значнай. Аб гэтым сведчыць сама яе назва, у аснове якой літоўскае слова «друтас», што азначае шырокі. Штучныя рвы глыбінёй больш як тры метры, злучаныя з ракой, запаўняліся вадой і ўяўлялі сур'ёзную перашкоду на шляху магчымых ворагаў. Між іншым, у вядомай усім аматарам гісторыі кнізе «Живописная Россия» пры характарыстыцы горада адзначаецца яго даволі цікавая асаблівасць – стаіць ён «на реке Друти и при большом озере». Вялікае возера чамусьці выпала з поля зроку сучасных даследчыкаў, а яно ж магло быць вельмі важным элементам сістэмы гарадскіх умацаванняў.

У айчынную гісторыю Друцк увайшоў і як значны рамесніцкі і гандлёвы цэнтр. Праўда, патрэбы абароны ў значнай ступені вызначалі аблічча гарадской гаспадаркі. Для павышэння абараназдольнасці горада працавалі кавалі, лучнікі, капейшчыкі. У пэўнай ступені праблемамі абароны займаліся муляры, цесляры, каменячосы, якія будавалі сцены, вежы, масты і ўвесь час падтрымлівалі іх у належным стане.

Знойдзеныя археолагамі тысячы цікавых, падчас унікальных па сваім выкананні рэчаў – сякер, піл, кос, прасліц, керамічнага посуду, бранзалетаў, замкоў, касцяных грабянёў, пярсцёнкаў, наканечнікаў стрэл, вырабаў з бронзы, срэбра і медзі, рэшткаў жылых і гаспадарчых памяшканняў, цэлых вуліц, сведчаць аб актыўным жыцці дручан. Размяшчэнне ў вярхоўі старажытнага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі» і скрыжаванне важных сухапутных шляхоў стварала спрыяльныя ўмовы для дзейнасці мясцовага купецтва. Дакладна вядома, што Друцк меў сувязі з Візантыяй, краінамі Балтыкі, што яго тавары знаходзілі збыт у Маскве, Пскове, Ноўгарадзе, Вільні, Варшаве, Чарнігаве, Кіеве і бліжэйшых на гэтых напрамках гарадах. Вядома і тое, што ў больш старажытныя часы горад на Друці быў буйнейшым на беларускіх землях цэнтрам, дзе гандлявалі людзьмі, узятымі ў палон. Асноўнымі напрамкамі вывазу палонных былі Польшча, Венгрыя, Візантыя, Валахія.

Галоўным багаццем друцкай зямлі заўсёды былі яе людзі. Гісторыя, на жаль, не данесла да нашчадкаў імёны тысяч рамеснікаў, гандляроў, ваяроў, якія сваёй вытворчай і ратнай працай стваралі шырокую вядомасць старажытнаму гораду Беларусі. Але архівы захавалі пэўныя звесткі аб даволі разгалінаваным родзе друцкіх князёў. Вядома, што пасля ад'езду ў 1340 г. ў Маскву Івана ў Друцку на працягу амаль двух стагоддзяў заставаліся свае князі. Толькі ў 1508 г., калі Міхаіл Глінскі схіліў на свой бок трох князёў Друцкіх, якія «крест целовали, что им служити великому князю московскому», не стала ўдзельных князёў. Іх род разгалінаваўся на некалькі ліній – Друцкіх-Любецкіх, Друцкіх-Саколінскіх, Друцкіх-Горскіх, Друцкіх-Падбярэзскіх... Такія прозвішчы яны атрымалі ад бліжэйшых і больш аддаленых населеных пунктаў – Саколіна, Азерцаў, Горак і г. д. Іх прадстаўнікі былі добра вядомы ў Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі.

Большасць старажытных дакументаў тычыцца маёмасных пытанняў. 3 іх дапамогай удаецца пацвердзіць існаванне і нават прасачыць гісторыю таго ці іншага населенага пункта. Вёску Мураўнічы, скажам, Васіль Міхайлавіч ахвяраваў царкве Багародзіцы ў Друцку. А Дзмітрый Сямёнавіч (Сякіра) меў тытул князя Зубрэвіцкага – па назве яго маёнтка Зубрэвічы (вёска на Аршаншчыне). Тое ж самае можна сказаць і пра князёў Дудакоўскіх, бацька якіх Іван Дуда – прадстаўнік роду Друцкіх-Горскіх – валодаў маёнткам Дудаковічы (вёска на Талачыншчыне). Такая ж гісторыя і ў князёў Відніцкіх, якія належалі да роду Друцкіх-Любецкіх...

Род Друцкіх даў Беларусі нямала таленавітых дзяржаўных і ваенных дзеячаў, арганізатараў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, літаратараў, архітэктараў і г. д. Нашчадкі роду шчодра ахвяравалі сродкі на будаўніцтва храмаў, палацаў, дарог, закладку паркавых ансамбляў, стварэнне бібліятэк. Былі сярод Друцкіх як прыхільнікі царызму, так і актыўныя ўдзельнікі апазіцыйных арганізацый і рухаў.

Над выдатным помнікам вечнасці – сівым друцкім замчышчам і неабсяжнымі навакольнымі абшарамі, на якія за доўгія стагоддзі не раз квапіліся ваяўнічыя дружыны многіх удзельных князёў, орды шведскіх і польскіх каралёў, напалеонаўскія і гітлераўскія заваёўнікі, урачыста і велічна праплывае мелодыя званоў адноўленай да 1000-гадовага юбілею горада царквы Святой Багародзіцы. Вяртанне да жыцця аднаго з першых на Беларусі праваслаўнага храма благаславіў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. У звановых пералівах чуваць неўміручыя галасы гісторыі з барацьбой і выпрабаваннямі, пакутамі і ўзрушэннямі, перамогамі і радасцямі яе нястомных творцаў – славутых нашых продкаў дручан.

Зараз старажытны Друцк – аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці.

 

Друцкае замчышча. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byДруцкае замчышча. Сімвалічныя ўязныя вараты ў Друцк. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byДруцкае замчышча. Памятны знак у гонар 1000-годдзя старажытнага Друцка. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byРэканструкцыя Друцкага замчышча. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Друцк / О. Н. Левко [и др.] ; редкол.: А. А. Коваленя [и др.] ; науч. ред. О. Н. Левко. – Минск : Беларуская навука, 2014. – 619 с. – (Древнейшие города Беларуси).

2. Друцк // Города и замки древней Витебской земли = Cities and Castles of the Ancient Vitebsk Land / текст О. Н. Левко ; фото О. Н. Левко. – Минск : Нац. агенство по туризму, 2009. – С. 28–31.

3. Друцк // Моя Толочинщина : страницы истории / А. А. Шнейдер. – 2–е изд., с изм. – Минск : Бизнесофсет, 2006. – С. 9–29.

4. Друцк // Синеокая Толочинщина : история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 8–14.

5. Друцк старажытны: да 1000-годдзя ўзнікнення горада / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш] ; маст. афарм. У. М. Жука. – Мінск : БелЭн, 2000. – 128 с.

6. Друцк летапісны. Друцкае Евангелле / рэдкал. У. П. Андрэйчанка [і інш.] ; маст. афарм.: У. М. Жука, В. Г. Загародняга. – Мінск : БелЭН, 2001. – 288 с.

7. Каралёў, Г. Горад над Друццю / Г. Каралёў, І. Яршоў // Беларусь. – 2001. – № 7. – С. 48–49.

8. Крижановский, М. Между прошлым и будущим / М. Крижановский // Народная газета. – 2001. – 4 верас. – С. 4.

9. Лянькевіч, Р. Храналогія гісторыі Друцка / Р. Лянькевіч // Падарожнік. – 2001. – № 1. – С. 16.

10. Мяснікоў, А. Горад на вольнай Друці / А. Мяснікоў // Звязда. – 2001. – 27 чэрв. – С. 6.

11. Собалева, Л. Соф'я Гальшанская (Друцкая) – вядомая гістарычная постаць / Л. Собалева // Древнему Друцку 1000 лет : материалы к научно-практической конференции / сост. И. А. Шишкова ; науч. ред. О. Н. Левко. – Витебск, 2001. – С. 51–54.

12. Хмелюк, М. Друцк / М. Хмелюк // Наша Талачыншчына – 2008. – 14 чэрв. – С. 3.

13. Шнэйдар, А. Друцк летапісны / А. Шнейдар // Культура – 2001. – 21–27 кастр. – С. 14.