Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Верхнядзвінскі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

У ліпені 1941 г. на рубяжы Ідрыца – Дрыса – Віцебск вялі баі часці 22-й арміі Заходняга фронту і 27-й арміі Паўночна-Заходняга фронту, якія наносілі ўдары на стыку двух нямецкіх франтоў па злучэннях 3-й танкавай групы (група армій «Цэнтр») і 16-й арміі (група армій «Поўнач»), што наступалі. Галоўны цяжар абарончых баёў выпаў на долю байцоў 112-й і 98-й стралковых дывізій.

5 ліпеня войскі 112-й дывізіі пад пагрозай акружэння былі вымушаны адступіць на новы рубеж, які праходзіў па беразе р. Сар'янка і правым флангам упіраўся ў Асвейскае возера. 98-я дывізія вяла баі, замацаваўшыся на мяжы Вусце – Дрыса – Дадэкі – Вадва і далей на тэрыторыі Полацкага раёна.

Адступаючы, часці 112-й дывізіі наладжвалі мінныя загароды ў раёне возера Асвейскае, былі разбураны і замініраваны магчымыя шляхі падыходу праціўніка ад Дагды на Асвею, з в. Бігосава на в. Расіца, ад Краславы да в. Вусце і, на выпадак прарыву ворага з поўдня, у раёне вёсак Задзежжа – Каханавічы.

Супраць 112-й дывізіі дзейнічалі 4 варожыя. На фронце 98-й дывізіі вораг імкнуўся нанесці ўдар па лініі Дзісна – Боркавічы i далей у напрамку Невеля cіламі 57-га матарызаванага корпусу.

9 ліпеня 385-ы стралковы полк 112-й стралковай дывізіі пад камандаваннем А. І. Садава здзейсніў начны марш на рубеж Валынцы – Боркавічы, дзе наступала 14-я матарызаваная дывізія праціўніка. Удар наносіўся ў 2-х напрамках: левым крылом уздоўж шашы на в. Валынцы i правым – уздоўж чыгункі на станцыю Боркавічы.

Полк Садава мужна змагаўся супраць цэлай дывізіі, на рубяжы рэчкі Сар'янка было забіта i паранена каля 2,5 тыс. гітлераўцаў.

10 ліпеня 1941 г. фашысты 9 разоў беспаспяхова кідаліся ў атаку i толькі пад канец дня здолелі па чыгуначным мосце прарвацца на станцыю Боркавічы. У гэты ж дзень, стрымліваючы ворага ў абарончых баях на лініі Валынцы – Ігнатава – Уладычына, за межы раёна выйшла 98-я стралковая дывізія.

112-я дывізія пад націскам ворага таксама адступала. Апошняя лінія абароны была арганізавана ў раёне азёр Ізубрыца, Страдна, Лісна i далей у напрамку в. Юхавічы.

Горад Верхнядзвінск акупіраваны 3 ліпеня, гарадскі пасёлак Асвея – 12 ліпеня 1941 г.

У раённых цэнтрах i раёне дзейнічалі Дрысенскія падпольныя райкамы КП(б)Б (18.07.1942–26.12.1943; 15.01–12.07.1944) i ЛКСМБ (18.06.1942–12.07.1944), Асвейскія падпольныя райкамы КП(б)Б (ліп.–кастрычнік 1941; 27.06.1942–31.12.1943) i ЛКСМБ (09.07.1942–10.01.1944), Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле, Боркавіцкае патрыятычнае падполле, Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле, Сар'янская падпольная група.

Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле дзейнічала са жніўня 1941 да ліпеня 1942 г. у г. п. Асвея i Асвейскім раёне. Арганізатары i кipaўнікi: У. У. Сімацкі (да 18.11.1941), І. К. Захараў. Аб'ядноўвала 9 падпольных груп (каля 100 чалавек). У Acвei – кipaўнік Сімацкі, у сельсаветах: Задзежскім – С. Л. Жвірбля, Каханавіцкім – І. П. Петрыенка, Кісялёўскім – К. П. Яськін, Красоўскім – Р. С. Лукашонак, В. І. Лукашонак, Малашкаўскім – М. Я. Белабародаў, Савейкаўскім – У. Л. Хвежанка, Сенькаўскім – І. А. Марачкоўскі, Сухарукаўскім – К. Л. Мядзюта.

Падпольшчыкі прымалі па радыё i распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, палітычную работу сярод насельніцтва, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, у тым ліку батальённага камісара В. П. Уладзімірава i ваенурача 2-га рангу А. Ф. Вараб'ёва, якія сталі адпаведна камісарам i начальнікам санслужбы партызанскай брыгады. Здабывалі зброю i боепрыпасы. Толькі падпольшчыкі Асвейскай, Задзежскай i Малашкаўскай груп сабралі 3 станковыя, 15 ручных кулямётаў, 75 вінтовак, некалькі тысяч патронаў. Патрыёты знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь на шашы Асвея – Полацк, Каханавічы – Расоны, Стралкі – Зябкі, спалілі Канчанскі льнозавод, харчовы склад, нарыхтоўчы пункт па зборы малака, у красавіку 1942 г. арганізавалі партызанскі атрад (пазней брыгада імя Фрунзе).

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі: М. Я. Белабародаў, А. Л. Літвінаў, Р. С. Лукашонак, У. У. Сімацкі, І. С. Слабада, З. К. Савейка, Г. Р. Цыра і інш. Імем У. У. Сімацкага названа вуліца ў г. п. Асвея, на якой у 1965 г. пастаўлены помнік падпольшчыкам.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія брыгады 1-я i 2-я Дрысенскія, «За Савецкую Беларусь», імя К. К. Ракасоўскага, Расонская імя Сталіна, Асвейская iмя Фрунзе. Выдаваліся падпольныя газеты «Ленінскі шлях», «Патрыёт Радзімы».

Партызаны ачысцілі ад гітлераўцаў амаль усю тэрыторыю Асвейскага i Расонскага раёнаў, у выніку была створана Расонска – Асвейская партызанская зона. Народныя мсціўцы поўнасцю кантралявалі чыгунку Полацк – Верхнядзвінск.

Буйную дыверсію правялі партызаны брыгады «За Савецкую Беларусь» на Рыга – Арлоўскай чыгунцы ўначы з 3 на 4 жніўня 1942 г. – падрыў 110-метровага чыгуначнага моста цераз р. Дрыса. Мост ахоўваўся фашысцкім гарнізонам колькасцю каля 70 чалавек, падыходы былі замініраваны, абнесены агароджай з калючага дроту. Буйныя гарнізоны праціўніка знаходзіліся на бліжэйшых станцыях: Свольна, Дрыса, Боркавічы, Баравуха. У аперацыі ўдзельнічала 6 атрадаў (больш за 300 чалавек).

У ходзе аперацыі партызаны атрада імя Калініна, адцягваючы ўвагу ворага, абстралялі з процітанкавай гарматы i кулямётаў станцыю Боркавічы, вывелi ca строю гармату, паравоз, знішчылі 15 салдат праціўніка. 2 атрады прыкрывалі партызан з боку пераправы цераз р. Дрыса каля в. Дзёрнавічы i займалі абарону на выпадак падыходу да моста браняпоезда гітлераўцаў са станцыі Свольна. У 4 гадзіны 30 хвілін пасля 10-мінутнага артылерыйскага i кулямётнага агню ўдарная група ў складзе 3 атрадаў пад кіраўніцтвам камандзіра атрада імя Шчорса П. М. Машэрава атакавала i ў 2-гадзінным бai знішчыла ахову моста. Група падрыўнікоў на чале з П. Р. Мандрыкіным падвяла плыт з 400 кг толу пад сярэднюю апору моста. У 6 гадзін раніцы мост быў узарваны. Два пралёты даўжынёю 50 метраў абрынуліся ў ваду. У выніку аперацыі рух на магістралі быў спынены на 16 сутак. Замест узарванай апоры гітлераўцы паставілі клець са шпалаў на адзін пуць. Прапускная здольнасць дарогі паменшылася з 60 да 8 эшалонаў у суткі.

1 верасня 1942 г. партызаны разграмілі буйны варожы гарнізон у Каханавічах i блакіравалі гітлераўцаў у Асвеі, нямецка-фашысцкі гарнізон быў вымушаны 10 верасня пакінуць Асвею. У кастрычніку 1942 г. разгромлены варожыя гарнізоны на чыгуначных станцыях Боркавічы i Дрыса. Пазней былі разгромлены гарнізоны ў вёсках Балдышы, Кабыльнікі, Зялёнаўшчына, Пярэкі.

13 студзеня 1943 г. адбыўся Вецслабадскі бой – сумесная баявая аперацыя партызанскіх фарміраванняў Беларусі, Латвіі, Літвы i Калінінскай вобласці супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у населеным пункце Вецслабада (Латвія). У аперацыі ўдзельнічала 800 байцоў трох беларускіх партызанскіх брыгад – «За Савецкую Беларусь» (пазней партызанская брыгада імя Ракасоўскага), Асвейскай імя Фрунзе i Дрысенскай (пазней партызанская брыгада 1-я Дрысенская), 4-й Калінінскай партызанскай брыгады (камандзір B. M. Лicoўcкi, камісар В. Н. Вакарын), Латышскага (камандзір В. П. Самсон, камісар упаўнаважаны ЦК КП(б)Б Латвіі А. П. Ошкалн) i Літоўскага (камандзір П. Пранявічус) партызанскіх атрадаў.

План аперацыі быў распрацаваны штабам Латышскага партызанскага атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» на чале з камандзірам брыгады А. В. Раманавым. Атрады «Бясстрашны» (камандзір С. Ф. Бубін, камісар К. С. Кузняцоў) Дрысенскай брыгады імя Шчорса (камандзір П. М. Машэраў, камісар С.Б. Пятроўскі), брыгады «За Савецкую Беларусь» i Латышскі атрад склалі штурмавую групу. Астатнія атрады арганізавалі засадныя групы i групы прыкрыцця дарог, якія звязвалі гарнізон Вецслабады з найбліжэйшымі гарнізонамі праціўніка, а таксама групы эвакуацыі нарабаванага збожжа.

У ноч на 13 студзеня штурмавыя групы непрыкметна падышлі да ўскраіны Вецслабады, па агульным сігнале атакавалі варожыя дзоты i ўварваліся на цэнтральную вуліцу. У бai партызаны разграмілі будынкі камендатуры, паліцэйскага ўчастка, валасной управы, падпалілі пошту, спіртзавод, узарвалі складскія памяшканні, знішчылі больш за 50 гітлераўцаў. У выніку гэтай аперацыі партызаны capвалі адпраўку ў Германію вялікіх запасаў збожжа i іншых прадуктаў харчавання, а таксама планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.

У мai 1942 г. партызаны разграмілі паліцэйскія ўчасткі i валасныя ўправы на тэрыторыі 10 сельсаветаў Расонскага раёна, да кастрычніка вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэрыторыю Расонскага, Асвейскага, часткі Дрысенскага i Полацкага раёнаў. Вясной 1943 г. вызваленая тэрыторыя склала 5 тыс. км2. У гэтай зоне была адноўлена Савецкая ўлада. На яе тэрыторыі базіраваліся Дрысенскі, Асвейскі, Расонскі падпольныя райкамы КП(б)Б iЛКСМБ.

Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону. Найбольш кровапралітныя бai па абароне зоны ад карнікаў летам i восенню 1942 г. адбываліся ў раёне вёсак Асёткі Асвейскага раёна, Рум, Прудок, Краснаполле Расонскага раёна. У студзені 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі паспрабавалi масіраваным ударам з боку возера Асвейскае на захад і ад чыгункі Полацк – Невель на ўсход сціснуць партызанскія сілы паміж рэкамі Свольна i Дрыса iразграміць ix.

Да 11 лютагa партызаны стрымлівалі карнікаў на загадзя падрыхтаваных рубяжах абароны, потым перайшлі ў наступленне і выгналі ворага з зоны. Аднак гітлераўцы падцягнулі новыя сілы. 14.02–20.03.1943 г. яны правялі карную экспедыцыю пад кодавай назвай «3імовае чараўніцтва» супраць партызан Расонска-Асвейскай партызанскай зоны iмясцовага насельніцтва на тэрыторыі Дрысенскага, Асвейскага, Полацкага і Расонскага раёнаў. Сумеснымі ўдарамi з фронту і тылу партызаны Віцебскай i Калінінскай (Цвярской) абласцей і Латвіі нанеслі карнікам цяжкія страты i вымусілі ix адступіць. Асабліва вызначыліся ў тыле ворага спецатрады партызанскіх брыгад Дрысенскай, Асвейскай імя Фрунзе, лыжнікі атрада імя Шчорса, брыгады імя Ракасоўскага пад камандаваннем П. М. Машэрава.

Аднак у ходзе карнай аперацыі «3імовае чараўніцтва» гітлераўцы забілі i спалілі ў былым Асвейскім раёне больш за 6000 мірных жыхароў, 2000 адправілі на катаржныя работы ў Германію, больш за 1000 дзяцей – у Саласпілскі лагер (Латвія), разрабавалі i спалілі 158 населеных пунктаў, у тым ліку каля 120 цалкам або часткова, разам з жыхарамі.

Партызаны знішчылі дзесяткі нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў толькі ў Дрысенскім (Верхнядзвінскім) i былым Асвейскім раёнах. Былі разгромлены гарнізоны ворага ў вёсках Гай, Саўчонкі, Балотнікі, Зялёнаўшчына, Пярэкі, Балдышы, Кабыльнікі, на чыгуначных станцыях Боркавічы і Дрыса і інш.

Партызаны брыгады Асвейскай імя Фрунзе ў аперацыі «рэйкавая вайна» падарвалі больш за 2 тыс. рэек. Столькі ж рэек на рахунку партызанскай брыгады 1-й Дрысенскай. Народныя мсціўцы брыгады 2-й Дрысенскай толькі на чыгуначным участку Баравуха – Свольна падарвалі больш за 700 рэек. Падрыўнымі групамі пушчаны пад адхон дзесяткі эшалонаў праціўніка.

За гады вайны на тэрыторыі раёна фашысты загубілі 20 228 мірных жыхароў, на франтах i ў партызанскай барацьбе загінулі 5190 чалавек (у тым ліку 640 партызан i падпольшчыкаў). На тэрыторыі раёна пахаваны 2880 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, спалены 426 вёсак, з іх 186 не адрадзіліся.

Вызваленне прыйшло на нашу зямлю роўна праз тры гады з таго дня, калі фашысты ўпершыню ступілі на яе. Першым вызваленым населеным пунктам у раёне стала мястэчка Луначарскае, дзе 30 чэрвеня 1944 г. танкісты 159-й танкавай брыгады прагналі ворага, вымушанага ўцякаць праз горад Дзісну Міёрскага раёна.

Раён вызвалены войскамі 22-й арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту, 4-й ударнай арміі і 51-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Горад Дрыса вызвалены 12.07.1944 г. вoінамi 332-й стралковай дывізіі (палкоўнік Ц. Ф. Ягошын) 83-га стралковага корпуса 4-й ударнай арміі і 270-й стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі; г. п. Асвея – 17.07.1944 г. часцямі 22-й арміі (генерал-лейтэнант Г .П. Караткоў) ва ўзаемадзеянні з партызанамі Асвейскай брыгады імя Фрунзе (камандзір М. М. Кузьмін) у ходзе Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі 1944 г.

Самыя жорсткія і ахвярныя баі ў раёне разгарнуліся на рубяжах рэк Дрыса, Ужыца, Сар'янка, на вышынях Асвейскай грады. Гэтыя мясціны дасюль пазначаны вехамі-абеліскамі на брацкіх магілах воінаў 119-й, 332-й, 239-й, 115-й, 319-й, 325-й, 200-й, 21-й гвардзейскіх, 378-й, 26-й, 28-й, 208-й, 95-й стралковых дывізій і інш. У баях за вызваленне Верхнядзвіншчыны загінулі каля 3000 савецкіх воінаў.

Сярод ураджэнцаў раёна Гepoi Савецкага Саюза: А. М. Бурак (1911. в. Асвеіца - 17.10.1943; званне прысвоена 13.11.1943), С. А. Забагонскі (14.01.1910. в. Залучча – 27.01.1955; званне прысвоена 23.10.1943), I. М. Кабзун (24.11.1902. в. Барсукі Шайтараўскага сельсавета – верасень 1941; званне прысвоена 26.04.1940), Э. В. Лаўрыновіч (27.10.1909. в. Кулакова – 12.03.1982; званне прысвоена 15.08.1944), І. А. Макіёнак (15.07.1914, в. Гарадзілавічы — 28.03.1944; званне прысвоена 20.04.1945), М. М. Мядзель (17.10.1910. в. Задзежжа – 21.01.1981; званне прысвоена 17.10.1943), Н.В. Траян (н. 24.10.1921, г. Верхнядзвінск; званне прысвоена 29.10.1943), адзін з арганізатараў i кіраўнікоў камуністычнага падполля i партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны У. У. Сімацкі (1913, г. п. Асвея — 17.10.1942).

Сярод ураджэнцаў раёна 11 генералаў: генерал-маёр Р. А. Белавусаў (в. Каменка), генерал-маёр інтэнданцкай службы А. В. Дубро (14.10.1900, в. Нарушова), генерал-палкоўнік М. А. Каранеўскі (1910, г. Дрыса), генерал-маёр М. Л. Карнавухаў (03.11.1900, г. Гор'е), генерал-маёр П. А. Крыўко (21.06.1897, в. Боркавічы), генерал-маёр С. Дз. Лапкоўскі (в. Суднікава); генерал-маёр С. Ф. Пятроўскі (11.12.1897, в. Карчы), генерал-маёр В. Д. Русецкі (23.03.1897, в. Кавалеўшчына), генерал-маёр Е. Р. Саўчанка (18.08.1899, в. Чарняўшчына), генерал-лейтэнант М. Р. Хмялеўскі (01.10.1900, в. Бароўка), генерал-маёр У. І. Грыгаровіч (25.08.1901, м. Дрыса).

У кнізе «Памяць. Верхнядзвінскі раён» названы прозвішчы 2715 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941–44 гг. iпахаваны на тэрыторыі раёна, 4623 прозвішчы воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах вайны; прозвішчы 9457 партызан-падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў ix сем'яў i мірныx жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.]. – Мн., 1999. – Кн. 2. – 396 с.

2. Верхнядзвінск : 60 год вызвалення Беларусі / тэкст А. Бубала ; фота В. Хархардзіна [і інш.]. – Наваполацк, 2004. – 14 с.

3. Пакульневіч, Я. Боль і памяць Асвеі / Я. Пакульневіч // Народная газета. – 2003. – 21 лют. – С. 2.

4. Риц, Я. В сражениях за Родину / Я. Риц // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2006. – 25 жн. – С. 2.

5. Яцкевич, Т. Разгром Бениславского гарнизона / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2006. – 22 апр. – С. 3.