Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Магдэбургскае права. Віцебск, г.

17 сакавіка 1597 года адбылася знамянальная падзея ў жыцці горада Віцебска, якая вызначыла яго лёс на многія дзесяцігоддзі. Менавіта ў гэты дзень вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт III Ваза падпісаў прывілей на атрыманне жыхарамі горада магдэбургскага права. 3 гэтага часу эканамічная дзейнасць гараджан, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё, саслоўнае становішча пачалі рэгулявацца ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў.

Гораду быў прысуджаны герб з выявай Спаса Збавіцеля, вайсковая харугва (баявы сцяг, пад якім збіралася гарадская дружына), пячатка. Устаноўлены вялікі чатырохтыднёвы кірмаш, які пачынаўся ў дзень святога Пятра. Яўрэям жыць у горадзе забаранялася. Мяшчане павінны былі збудаваць новую гандлёвую плошчу з ратушай.

Былі праведзены выбары магістрата – органа гарадскога самакіравання, незалежнага ад ваяводы. Магістрат з'яўляўся распарадчым, выканаўчым і судовым органам. Яго ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Войт, у сваю чаргу, зацвярджаў абраную гараджанамі калегію выбаршчыкаў (райцаў, радцаў). Магістрат складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады, збор падаткаў, арганізацыю выбараў, адказвала за гарадскія даходы і зямельныя ўчасткі, наглядала за гандлем, устанаўлівала цэны, у прыватнасці на хлеб. Лава – судовы орган па крымінальных справах гараджан.

Вядома, што ў сярэдзіне XVII ст. магістрат г. Віцебска валодаў 8 вёскамі, жыхары якіх выконвалі на карысць горада розныя павіннасці: прадастаўлялі падводы, рамантавалі вуліцы, плацілі аброк.

Наданне г. Віцебску магдэбургскага права паўплывала не толькі на далейшы эканамічны і палітычны лёс горада, але і на развіццё яго архітэктурна-планіровачнай структуры. Фарміраванне новага адміністрацыйна-грамадскага цэнтра пашырыла цэнтральную частку горада. У 1597 годзе была пабудавана першая драўляная ратуша, у якой і размясціўся магістрат, а вакол ратушы пачаў фарміравацца цэлы гандлёвы комплекс: гасцінны двор, гандлёвыя рады, склады, вагі. Плошча перад ратушай стала называцца Рынкавай. Тэрыторыя за ратушай – Біржай, бо там адбываліся ўсе гандлёвыя аперацыі.

Магдэбургскае права – права самакіравання, пэўнай аўтаноміі і незалежнасці ў дзяржаве. Самакіраванне ўмацоўвала эканамічны стан гарадоў, таму ўрад Вялікага княства Літоўскага спрыяў яго распаўсюджванню.

У 1597 годзе Віцебск далучыўся да гарадоў Еўропы, якія мелі магдэбургскае права: Лейпцыг, Вена, Гановер, Кёльн.

Магдэбургскае права г. Віцебска было адменена ў 1623–1644 гг. і 1775 годзе.

 

Жыгімонт III Ваза. Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага і кароль польскі. Фота з сайта https://wyborcza.plМагдэбургскае права г. Віцебска. Фота з сайта https://news.vitebsk.cc

ЛІТАРАТУРА

1. Гучок, Я. Беларусь у магдэбургскім праве / Я. Гучок // Туризм и отдых. – 2013. – 18 апр. – С. 1, 10 ; 25 апр. – С. 5 ; 2 мая. – С. 5 ; 16 мая. – С. 5.

2. Беларускія гарады. Магдэбургскае права // Краіна Беларусь : ілюстраваная гісторыя / тэкст У. Арлова ; мастак З. Герасімовіч. – Martin : Neografia, 2003. – С. 108–115.

3. Варламова, Н. Тайны древнего города / Н. Варламова // Народная газета. – 2009. – 18 жн. – С. I.

4. Кавалеўскі, С. М. Сярэднявечнае права на самакіраванне / С. М. Кавалеўскі // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 68.

5. Кавалеўскi, С. Сярэдневечнае права на самакiраванне: 402 гады з дня атрымання Вiцебскам Магдэбургскага права / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 1999. – 16 сак. – С. 2.

6. Пастернак, Т. До магдебургского у Витебска было свое городское право / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2008. – 22 лістап. – С. 5.

7. Погорелова, Ж. Забытая символика: герб 1597 г. на городской ратуше Витебска (Магдебургское право) / Ж. Погорелова // Витебский курьер. – 2001. – 17 авг. – С. 3.

8. Макараў, М. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча насельніцтва местаў Беларускага Падзвіння ў XIV – першай палове XVII ст. / М. Макараў. – Мінск : Экаперспектыва, 2008. – 248 с.

9. Макараў, М. Бітва пад гадзіннікам: штурм віцебскай ратушы 11 верасня 1749 года / М. Д. Макараў // Віцебскі край : матэрыялы ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 23 лістапада 2017 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск, НББ, 2018. – Т. 3. – С. 94–99.

10. Макараў, М. Д. Унікальны феномен – віцебскае месцкае права / М. Д. Макараў ; гутарыла А. Дуброўская // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 27 (ліп.). – С. 3.

11. Урублеўскі, В. В. Віцебскі магістрат у канцы XVI–XVII стст. / В. В. Урублеўскі, З. Л. Яцкевіч // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю знаходкі берасцяной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, Віцебск, 22–23 кастрычніка 2009 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.]. – Мінск : Медысонт, 2010. – С. 117–128.

12. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 21–22.

13. Яцкевіч, З. Л. Кнігі прывілеяў як крыніца па гісторыі гарадоў ВКЛ / З. Л. Яцкевіч // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю знаходкі берасцяной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, Віцебск, 22–23 кастрычніка 2009 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.]. – Мінск : Медысонт, 2010. – С. 129–137.