Чарцёж г. Віцебска
- Подробности
- Створана 10.11.2020 08:40
- Адноўлена 30.12.2020 09:20
У фондах Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў захоўваецца цікавы дакумент па гісторыі сярэдневяковага Віцебска – «Чарцёж» 1664 года. Ён быў знойдзены вядомым даследчыкам гісторыі Віцебшчыны А. П. Сапуновым сярод фондаў былога Маскоўскага архіва Міністэрства замежных спраў. З яго відаць, што ў Віцебску створаны аўтаномныя крэпасці, звязаныя адна з другой праязнымі брамнымі вежамі. Верхні і Ніжні замкі займалі востраўнае становішча на тэрыторыі. Верхні замак уяўляў сабой у плане няправільны авал, абкружаны сценамі з 9 вежамі. Ніжні замак выцягнуты прыблізна з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і паўкальцом ахопліваў Верхні замак у межах ад Дзвіны да Віцьбы.
Узгорскі замак, або Астрог, з трох бакоў абнесены сцяной з 12 вежамі. Кампазіцыйным цэнтрам Узгорскага замка з'яўлялася гандлёвая плошча. Вялікую цікавасць выклікае Валконскі круглік (двухярусная вежа, архітэктура якой мела адметныя рысы рэнесансу). На «Чарцяжы» таксама можна ўбачыць чатыры жылыя дамы, якія належалі арыстакратыі; драўляны дом шляхціца Горскага; дом шляхціца Шапкіна, у якім жывапісна спалучаліся тры рознахарактэрныя аб'ёмы; палац князя Агінскага, у якім выявіліся рысы готыкі і рэнесансу (ён вядомы пад назвай «дома з купалам», у якім размяшчалася пазней базыльянскае вучылішча). Галоўным грамадскім збудаваннем з'яўлялася ратуша. Кампазіцыя збудавання мела рэнесансны характар, хаця ў ёй можна было адзначыць і традыцыйныя рысы мясцовага народнага дойлідства. Таксама «Чарцёж» паказвае і традыцыйнае народнае жыллё Віцебска, але не ў самім горадзе, а ў слабодах. Малюнкі надзвычай схематычныя і ўмоўныя. «Чарцёж» выкананы пяром на некалькіх склееных і месцамі падклееных лістах шэра-жоўтай паперы. Надпісы зроблены кінаварам. Даўжыня «Чарцяжа» складае 108 см, шырыня – 79 см. На дакуменце знаходзіцца надпіс: «РОГ (г. зн. 173 год ці 1664 год) ноября 15, таков чертёж к великому государю к Москве в розряд прислал из Витебска воевода князь Яков Волконского с витебским розсыкальщиком с Ларкою Быковым».
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Чертеж Витебска. 17 век / И. Абрамава // Витебский курьер. – 1998. – 17 апр. – С. 3.
2. Вакар, Л. «Чарцёж» горада Віцебска 1664 года як помнік інсітнага мастацтва / Л. Вакар // Інсітнае мастацтва Беларусі: Гісторыя. Суадносіны з народнай культурай. Сучаснасць. Тэндэнцыі развіцця / склад. і аўт. прадм. Л. Вакар ; рэд. У. Сцепановіч. – Віцебск, 2003. – С. 12–17.
3. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 29–37.